Каспля, рака, Віцебскі раён
- Подробности
- Створана 31.03.2017 08:40
- Адноўлена 10.04.2017 11:37
Каспля – рака ў Смаленскай вобласці і Віцебскім раёне, левы прыток Заходняй Дзвіны. Даўжыня 136 км.
Выцякае з возера Каспля ў Смаленскім раёне на ўсходніх схілах Віцебскага ўзвышша, у нізоўі цячэ па Суражскай нізіне, вусце каля г. п. Сураж. Даўжыня ў межах Беларусі 20 км, плошча вадазбору 513 км2. Асноўныя прытокі на тэрыторыі Беларусі – Вымнянка і Неварожка (справа), на тэрыторыі Смаленскай вобласці – Жараспея і Габза (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шырыней 300–400 м (у вярхоўі да 3 км). Пойма ніжэй вусця Габзы перарывістая, шырыня яе 100–200 м. Рэчышча слабазвілістае шырынёй 10–30 м у верхнім цячэнні і да 40–50 м у ніжнім. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў 1-й дэкадзе сакавіка, найбольшая вышыня над межанным узроўнем (на Беларусі) 9,1 м (1956). Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у пачатку сакавіка. На рацэ г. Дзямідаў (Смаленская вобласць) і г. п. Сураж.
ЛІТАРАТУРА
1. Каспля // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – C. 222.
2. Каспля // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – C. 214.
3. Каспля // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСавЭн імя П. Броўкі, 1983. – Т. 2. – С. 513.