Адроў, рака. Аршанскі раён
- Подробности
- Створана 31.03.2017 08:40
- Адноўлена 27.04.2017 12:10
Адроў – рака ў Аршанскім, Сенненскім і Талачынскім раёнах Віцебскай вобласці, правы прыток Дняпра. Даўжыня 75 км. Плошча вадазбору 676 км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,4 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,9 %. Пачынаецца рака меліярацыйнай канавай каля в. Дубніцы Аршанскага раёна, вусце знаходзіцца на паўднёвай ускраіне г. Орша. Асноўныя прытокі: Камяніца, Дзярноўка, Сакалянка, Барань (усе справа). Цячэ па Аршанскім узвышшы. Даліна выразная, да в. Пагост трапецападобная, ніжэй карытападобная, шырынёй 0,6–0,8 км. Пойма пераважна двухбаковая, шырынёй 0,1–0,3 км. Рэчышча ў вярхоўі на 12,5 км да в. Пількавічы Сенненскага раёна каналізавана, далей звілістае, шырыня ракі ў межань 15–20 м. Берагі ў вярхоўі нізкія, у сярэднім і ніжнім цячэнні стромкія і абрывістыя, вышынёй 5–7 м, месцамі да 20 м. На рацэ каля в. Дубніцы з дапамогай плаціны створана сажалка плошчай 1 га, у пойме каля в. Барань Аршанскага раёна створана наліўная сажалка плошчай 2 га, на берагах у ніжнім цячэнні – г. Барань. Выкарыстоўваецца для адпачынку (санаторый-прафілакторый «Лёс» у г. Барань).
ЛІТАРАТУРА
1. Адров // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 17.
2. Адроў // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 35–36.
3. Калинин, М. Ю. Водные ресурсы. Гидрография / М. Ю. Калинин // Природные ресурсы и охрана окружающей среды г. Орша и Оршанского района / М. Ю. Калинин. – Минск : Белсэнс, 2008. – С. 70–77.