Парк Партызанскай славы імя Міная Шмырова. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 30.03.2021 07:26
- Адноўлена 05.04.2023 10:53
Парк Партызанскай славы імя Міная Шмырова (былы парк імя Леніна) размешчаны ў цэнтры горада, на высокім левым беразе Заходняй Дзвіны. Межамі асноўнай часткі парку з'яўляюцца: плошча Леніна, вуліца Урыцкага, Заходняя Дзвіна і вуліца Чэхава. Таксама да яго адносяцца – сквер Герояў Айчыннай вайны 1812 года; сквер, дзе зараз размешчаны заапарк; сквер уздоўж вуліцы Путна і Заходняй Дзвіны. У парку высаджана каля 800 дрэў і кустовых раслін. Сярод іх: ліпа, таполя канадская і пірамідальная, ясень звычайны, клён вастралісты і чырвоны, бяроза пушыстая, елка блакітная, акацыя белая і іншыя. Пераважная планіроўка парку – рэгулярная. Плошча – 7,7 га (1987).
Парк быў закладзены ў канцы XVIII–XIX стст. як сквер на поўдзень ад губернатарскага палаца (зараз тут знаходзіцца заапарк). У сярэдзіне XIX ст. ён функцыянаваў як грамадскі сад. У 1924 годзе быў названы ў гонар У. І. Леніна.
На поўнач ад асноўнай часткі парку, за лініяй вуліцы Чэхава, у XIX ст. знаходзіўся прыватны Баруноўскі сад (участак належыў Баруновым з канца XVIII ст.). У паўднёва-ўсходняй частцы саду, на месцы будынка былога мужчынскага духоўнага вучылішча, знаходзіўся вятрак, а потым бавоўначасальная фабрыка. У 1870-х гадах сад быў добраўпарадкаваны, тут з'явіўся летні тэатр, а зімой заліваўся каток на сажалцы. З часам сад прыйшоў у запусценне, а ў 1890 годзе ўчастак быў набыты для будаўніцтва духоўнага вучылішча і дапаможных службаў. Па тэрыторыі асноўнай часткі сучаснага парку раней працякаў Слізкі ручай. Паступова ён засыпаўся, і цяпер ад яго рэчышча засталася толькі невялікая частка каля Заходняй Дзвіны. У частцы сквера паміж вуліцай Путна і ракой у XVIII – пачатку XX стст. знаходзіліся яўрэйскія могілкі.
У 1926 годзе на тэрыторыі парку пры правядзенні работ па ўмацаванні берага Заходняй Дзвіны быў знойдзены манетны скарб. У 1957 годзе на месцы сучаснага парку быў адкрыты парк культуры і адпачынку імя У. І. Леніна. Паркавы комплекс кампазіцыйна складаўся з трох частак: сад Леніна, Партызанскі сквер і сквер Успенка. Партызанскі сквер знаходзіўся паміж вуліцамі Урыцкага і Чэхава, сад Леніна на месцы сучаснага заапарка (у ім размяшчаліся атракцыёны), сквер Успенка – сквер Герояў Айчыннай вайны 1812 года.
У 1994 годзе ў парку Партызанскай славы імя Міная Шмырова быў усталяваны помнік класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Караткевічу. У 2010 годзе парк быў перайменаваны ў гонар аднаго з арганізатараў партызанскага руху ў Віцебскай вобласці Міная Шмырова. У асноўнай частцы парку ў 2011 годзе была праведзена рэканструкцыя. У гэтым жа годзе тут устаноўлены памятны знак «Дзецям вайны» (скульптар В. Магутны).
.
ЛІТАРАТУРА
1. Башун, Е. В центре города – уютное местечко / Е. Башун // Віцьбічы = Витьбичи. – 2005. – 27 авг. – С. 4.
2. В общественных садах // Странички из недавней старины города Витебска: воспоминания старожила / Н. Я. Никифоровский. – Минск : Полымя, 1995. – С. 59–67.
3. Парк имени Ленина // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. – C. 276–277.
4. Сеньков, В. Придвинский милый уголок / В. Сеньков // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 8 окт. – С. 1, 3.
5. Шарендо, В. В нашем парке звучали такие оркестры / В. Шарендо // Віцьбічы = Витьбичи. – 2011. – 18 июня. – С. 5, 10.
СПАСЫЛКІ