Перыяд дзеяння: ліпень 1941 г. – чэрвень 1944 г.
Месца: г. Орша, Аршанскі раён, Віцебская вобласць
Кіраўнікі: Аршанскі падпольны РК КП(б)Б
Аршанскае партыйна-камсамольскае падполле дзейнічала з ліпеня 1941 г. да чэрвеня 1944 г. у Оршы і Аршанскім раёне пад кіраўніцтвам Віцебскага падпольнага абкама КП(б)Б і Аршанскага падпольнага РК КП(б)Б.
У першай палове ліпеня 1941 г. партыйныя і камсамольскія органы падабралі кадры для барацьбы ў падполлі, знайшлі канспіратыўныя кватэры, стварылі базы са зброяй, боепрыпасамі і харчамі на льнокамбінаце, хлебазаводзе, у лясах каля БелДРЭС, пасёлка Асінторф, в. Руміна. 16 ліпеня 1941 г. быў выбраны партыйны цэнтр па арганізацыі і кіраўніцтве падполлем у горадзе і раёне, у які ўвайшлі Л. Н. Анкіновіч, А. Ц. Скаварада, А. Г. Шкабарын. Члены партыйнага цэнтра наладжвалі сувязі з камуністамі, давалі ім заданні па разгортванні падпольнай барацьбы. Явачныя кватэры ў Оршы трымалі Я. М. Канцавы, А. Г. Бяляўская, Е. К. Сухадольская, у в. Малатынь – Е. І. Шабека, на станцыі Бурбін – А. М. Аўдзеева і інш. У 1941 г. створана больш за 20 падпольных груп. Усяго ў перыяд акупацыі ў Оршы і раёне дзейнічалі каля 80 падпольных груп, больш за 520 камуністаў і камсамольцаў, 300 беспартыйных патрыётаў.
Першыя падпольныя групы пачалі функцыянаваць у ліпені – верасні 1941 г. Кіраўнікамі груп з’яўляліся: на чыгуначным вузле – К. У. Грачыха, М. П. Кузьмін, Е. М. Шамшурава, з былых рабочых ільнокамбіната – І. К. Петрачэнка, у друкарні – А. П. Нікалаеў, у лагеры ваеннапалонных – В. А. Марчак, у в. Вялікае Сяло – Л. В. Кандрацьеў, у в. Высокае – П. А. Пахомчык, у в. Дзевіна – А. М. Хорань, у в. Шыбекі – А. М. Гурын, у пасёлку Юрцава – М. С. Сіўцоў і інш. Падпольшчыкі вялі палітычную работу, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, ажыццяўлялі дыверсіі. У жніўні 1941 г. група І. К. Петрачэнкі ўзарвала часовы мост цераз Дняпро – дыверсія машыніста В. М. Кашына на суткі спыніла рух на чыгунцы Мінск – Масква. Камсамольская падпольная група на чале з Кузьміным да восені 1941 г. мела радыёпрыёмнік.
З савецкага тылу прыбыла і з лістапада 1941 г. на Аршанскім чыгуначным вузле пачала дзейнічаць група К. С. Заслонава, якую разам з ім узначальвалі А. Я. Андрэеў, С. І. Чэбрыкаў, П. В. Шурмін. Былі сфарміраваны некалькі дыверсійных груп з машыністаў і рабочых дэпо. Вугальныя міны, якія выраблялі патрыёты, дапамаглі пусціць пад адхон 6 варожых эшалонаў, пашкодзіць больш за 170 паравозаў, сістэму водазабеспячэння чыгуначнага вузла, паваротны круг для паравозаў, дызель-маторную электрастанцыю. Удзельнікі падполля ўзарвалі некалькі складоў з боепрыпасамі і харчамі, знішчылі больш за 400 гітлераўцаў. Пад пагрозай правалу ў лютым К. С. Заслонаў з групай падпольшчыкаў пакінуў Оршу і разгарнуў партызанскую барацьбу.
У 1942–1944 гг. на чыгуначным вузле група Д. М. Бохана падарвала 13 эшалонаў, 5 паравозаў, 14 аўтамашын з ворагам, папсавала 78 паравозаў, знішчыла 236 вагонаў з маёмасцю вайскоўцаў. Удзельнікі групы братоў Бяляўскіх двойчы разладжвалі работу кампрэсарнай станцыі, сыпалі пясок у буксы вагонаў і паравозаў, здабывалі зброю з эшалонаў, знішчалі фашыстаў. Група Ф. Я. Коўтуна забяспечвала партызан боепрыпасамі, перадавала савецкаму камандаванню ўзоры новых нямецкіх снарадаў; аднойчы замініравала састаў са снарадамі, які ўзарваўся на чыгуначнай станцыі Самалюбаўка, у выніку рух па чыгунцы быў спынены на 7 дзён. На лесапільным заводзе дзейнічала група на чале з камуністам І. Ф. Голубам, падпольшчыкі якой здабывалі для партызан брыгад імя Заслонава і «Чэкіст» зброю, боепрыпасы, медыкаменты, перапраўлялі людзей у партызаны. Група камсамолкі З. М. Шэвень на аэрадроме ў в. Балбасава з кастрычніка 1941 г. да красавіка 1944 г. збірала звесткі аб колькасці самалётаў, лётным саставе ворага, размяшчэнні складоў, мініравала самалёты, узарвала 7 аўтамашын з ваеннымі грузамі, 5 цыстэрнаў з гаручым, рухомую радыёстанцыю, гараж з запаснымі часткамі. Аршанскія падпольшчыкі разам з партызанамі атрада «Дзядзі Косці» ў ліпені 1943 г. на чыгуначным вузле ўзарвалі 25 цыстэрнаў і платформ з бензінам. У выніку растлумачальнай работы, якая праводзілася членамі груп С. С. Благачыннага, Л. В. Кандрацьева, М. Эрнца, І. Г. Яцко і інш. сярод салдат варожых фарміраванняў, летам 1943 г. да партызан перайшлі з Оршы аўтарота ўласаўцаў і 24 чалавекі з эскадрона ў Старым Сяле. Падпольшчыкі Я. П. Ісачанка, Л. В. Кандрацьеў, Л. Я. Пісараў і іншыя працавалі ва ўстановах акупантаў, здабывалі для патрыётаў звесткі пра ваенныя аб’екты, загады ворага і іншыя матэрыялы. У час падрыхтоўкі Беларускай аперацыі 1944 г. падпольшчыкі груп С. А. Багданоўскага, Л. В. Кандрацьева, Л. Я. Пісарава перадалі савецкаму камандаванню больш за 200 карт, схем і інш. дакументаў аб умацаваннях ворага.
У барацьбе з акупантамі загінула амаль палова падпольшчыкаў, многія з іх ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. К. С. Заслонаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, на чыгуначнай станцыі Орша яму ўзведзены помнік. У гонар патрыётаў устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Матэрыялы пра падполле экспануюцца ў Аршанскім мемарыяльным музеі Героя Савецкага Саюза К. С. Заслонава.
ЛІТАРАТУРА
1. Аржаева, Л. В. Аршанскае партыйна-камсамольскае падполле / Л. В. Аржаева // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 41–42.
2. Балашова, Е. Н. Подпольщица Ирина Суходольская [Электронный ресурс] / Е. Н. Балашова // Женский подвиг в истории Беларуси. 1917–2017 годы : электрон. сб. материалов Междунар. науч.-практ. конф., 26 окт. 2017 г., Витебск. – Режим доступа: http://pdf.vlib.by/zhenskij-podvig/podpolschitsa-Irina-Suhodolskaya.pdf. — Дата доступа: 18.05.2021.
СПАСЫЛКІ