bootstrap responsive templates

Асвейскае партыйна-патрыятычнае падполле
 Верхнядзвінскі раён

Перыяд дзеяння:  жнівень 1941 г. – ліпень 1942 г.

Месца: г. п. Асвея, Асвейскі (цяпер Верхнядзвінскі) раён, Віцебская вобласць

Кіраўнікі: У. У. Сімацкі (да 18.11.1941 г.), І. К. Захараў


Асвейскае партыйна-патрыятычнае падполле дзейнічала са жніўня 1941 г. да ліпеня 1942 г. у г. п. Асвея і Асвейскім (Верхнядзвінскім) раёне. Арганізатары і кіраўнікі: У. У. Сімацкі (да 18.11.1941 г.) і І. К. Захараў. Аб’ядноўвала 9 падпольных груп (каля 100 чалавек), лідарамі якіх былі: у Асвеі – У. У. Сімацкі, у Задзежскім сельсавеце – С. І. Жвірбля, Каханавіцкім – І. П. Петрыенка, Кісялёўскім – К. П. Яськін, Красоўскім – Р. С. Лукашонак, Малашкаўскім – М. Я. Белабародаў, Савейкаўскім – У. І. Хвяжэнка, Сенькаўскім – І. А. Марачкоўскі, Сухарукаўскім – К. І. Мядзюта.

Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, вялі разведку, палітычную работу сярод насельніцтва, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера, у тым ліку батальённага камісара В. П. Уладзімірава і ваенурача 2-га рангу А. Ф. Вараб’ёва, якія сталі адпаведна камісарам і начальнікам санслужбы партызанскай брыгады. Здабывалі зброю і боепрыпасы. Патрыёты знішчылі гітлераўцаў, вывелі са строю 14 аўтамашын, 6 танкаў, разбурылі 10 мастоў, сапсавалі тэлеграфную сувязь на шашы Асвея – Полацк, Каханавічы – Расоны, Стралкі – Зябкі, спалілі Канчанскі льнозавод, харчовы склад, нарыхтоўчы пункт па зборы малака, у красавіку 1942 г. арганізавалі партызанскі атрад (пазней брыгада імя Фрунзэ).

У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі загінулі: М. Я. Белабародаў, А. І. Літвінаў, Р. С. Лукашонак, У. У. Сімацкі, І. С. Слабада. Імем У. У. Сімацкага названы саўгас у Верхнядзвінскім раёне, вуліца ў г. п. Асвея, на якой у 1965 г. пастаўлены помнік падпольшчыкам.


ЛІТАРАТУРА

1. Жвірбля, С. І. Асвейскае партыйна-патрыятычнае падполле / С. І. Жвірбля // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 43.