Mobirise

Асінторфскае маладзёжна-камсамольскае падполле
 Дубровенскі раён

Перыяд дзеяння:  жнівень 1941 г. – кастрычнік 1943 г.

Месца: раён прадпрыемства «Асінторф», электрастанцыі БелДРЭС і чыгуначнай станцыі Асінаўка, Дубровенскі раён, Віцебская вобласць

Колькасць: 50 чалавек

Кіраўнікі: Г. Г. Амельчанка 


Асінторфскае маладзёжна-камсамольскае падполле дзейнічала ў раёне прадпрыемства «Асінторф», электрастанцыі БелДРЭС і чыгуначнай станцыі Асінаўка Дубровенскага раёна. Створана 10 жніўня 1941 г. былым дырэктарам торфапрадпрыемства Г. Г. Амельчанкам з маладых рабочых фабрыкі і вучняў сярэдняй школы. Аб’ядноўвала каля 50 чалавек. У штаб уваходзілі: С. П. Шмуглеўскі (камандзір), Я. У. Вільсоўскі (камісар), Л. К. Букацік, В. Ф. Агурцоў. Да лістапада 1942 г. дзейнасцю падполля кіраваў камандзір партызанскай брыгады «Дзядзькі Косці» К. С. Заслонаў, у лютым – кастрычніку 1943 г. – камандзір 16-й Смаленскай партызанскай брыгады І. Р. Шлапакоў. Баявыя групы існавалі ў г. Дуброўна, рабочых пасёлках № 1, 2, 3, 5, 6, 8, 11, у Асінторфскім лагеры савецкіх ваеннапалонных, вёсках Судзілавічы, Заполле, Замоські, Азёры.

Уладкаваўшыся ва ўстановы акупантаў, падпольшчыкі перадавалі партызанам звесткі пра дыслакацыю войск праціўніка, перапраўлялі за лінію фронту і да партызан савецкіх грамадзян, здабывалі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, забяспечвалі партызанскіх разведчыкаў дакументамі, пропускамі, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, арганізоўвалі ўцёкі савецкіх ваеннапалонных з лагераў, перапраўлялі іх да партызан, ратавалі савецкую моладзь і ваеннапалонных ад вывазу ў Германію, псавалі тэлефонную сувязь, машыны і абсталяванне для здабычы торфу. Падпольшчыкі ўзарвалі чыгуначны мост, спалілі плаціну помпавай станцыі, знішчылі 3 склады боепрыпасаў, ваеннай маёмасці і гаручага, вывелі са строю сістэму гідраторфу, спалілі дом адпачынку фашысцкіх афіцэраў. У кастрычніку 1943 г. уліліся ў 16-ю Смаленскую партызанскую брыгаду.

У барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі загінулі В. Ф. Агурцоў, Л. К. Букацік, Я. У. Вільсоўскі, Я. І. Гароднікаў, А. І. Жэнікаў і інш. Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. На аўтамагістралі Мінск – Масква, непадалёку ад рабочага пасёлка Асінторф, у гонар герояў падполля ўзведзены манумент.

ЛІТАРАТУРА

1. Петрашкевіч, А. Л. Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле / А. Л. Петрашкевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 44.