free responsive website templates

Азміцель Фёдар Фёдаравіч 

Mobirise

Дата нараджэння: 13.08.1918

Дата смерці: 15.06.1944

Месца нараджэння: c. Лінавіцкае, Мартукскі р-н, Акцюбінская вобл. (Казахстан)


Азміцель Фёдар Фёдаравіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, камандзір партызанскага атрада спецыяльнага прызначэння «Гром», які дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі, старшы лейтэнант. Герой Савецкага Саюза.

Ф. Ф. Азміцель нарадзіўся ў сяле Лінавіцкае Мартукскага раёна Акцюбінскай вобласці (Казахстан). Скончыў 8 класаў, настаўніцкія курсы ў Акцюбінску. Працаваў настаўнікам.

З 1938 г. – на службе ў Пагранічных войсках НКУС СССР. Прымаў удзел у савецка-фінскай вайне 1939–1940 гг. У 1940 годзе накіраваны на вучобу ў Ленінградскае ваеннае вучылішча НКУС СССР (Нова-Пецяргофскае ваеннае вучылішча). Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Паўночным фронце, пад Ленінградам і Масквой. У кастрычніку 1941 г. пераведзены ў Асобную мотастралковую брыгаду НКУС СССР.

У лютым 1942 года ў якасці камандзіра партызанскага атрада асобага прызначэння «Грозны» лейтэнант Ф. Азміцель на лыжах праз «Віцебскія вароты» перайшоў лінію фронту. Атрад быў накіраваны ў нямецкі тыл для выканання спецыяльных заданняў у трыкутніку чыгунак Віцебск – Орша – Смаленск і функцыянаваў у перыяд з лютага да лістапада 1942 года. Тры разы былі ўзарваныя масты на шашы Мінск – Масква, выведзены са строю каля 20 прадпрыемстваў і складоў праціўніка, падарваны 45 аўтамашын, спушчаны пад адкос 27 воінскіх эшалонаў, знішчана звыш 2 тыс. нямецкіх салдат. 15 разоў была пашкоджана найважнейшая лінія сувязі гітлераўцаў «фронт – Берлін».

Пасля вяртання на Вялікую зямлю Ф. Азміцель узначаліў новы партызанскі атрад асобага прызначэння «Гром», што ўвайшоў у склад аператыўнай групы НКДБ СССР «Артур» і быў накіраваны ў маі 1943 г. у тыл ворага. Гэтае фарміраванне ажыццяўляла разведвальную і дыверсійную дзейнасць на тэрыторыі Віцебскай і Мінскай абласцей, а таксама ў г. Мінску.

У чэрвені 1944 г. у час варожай блакады каля возера Палік (Мінская вобласць) старшы лейтэнант Ф. Ф. Азміцель камандаваў групай прарыву блакады. 15 чэрвеня партызаны прарвалі тры лініі абароны праціўніка, што забяспечыла выхад большасці з іх з блакады. Ф. Ф. Азміцель быў цяжка паранены і застаўся прыкрываць агнём адыход партызан. Калі скончыліся патроны, падарваў сябе і ворагаў звязкай гранат.

Пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Макаўе Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. На месцы пахавання ўсталяваны помнік.

Пра атрады «Грозны» і «Гром», камандзірам якіх быў Ф. Ф. Азміцель, пастаўлены фільм-спектакль Маскоўскага тэатра імя Массавета «Выклікае 425-ы» (1967, рэжысёр І. Данкман).



Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 5 лістапада 1944 года
за ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у тыле праціўніка і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм
Фёдару Фёдаравічу Азміцелю пасмяротна прысвоена званне «Герой Савецкага Саюза»

Ф. Ф. Азміцель узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём.

ЛІТАРАТУРА

1. Азміцель Фёдар Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; маст. афармл. Э. Э. Жакевіча, А. М. Хількевіча. – Мінск, 1996. – Т. 1 : А – Аршын. – С. 170.

2. Азміцель Фёдар Фёдаравіч // Ваенная энцыклапедыя Беларусі / рэдкал.: Л. У. Языковіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2010. – С. 29–30.

3. Азміцель Фёдар Фёдаравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1993. – Т. 1 : А – Беліца. – С. 70.

4. Озмитель Федор Федорович // Белорусская ССР : крат. энцикл. : в 5 т. / редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 1979–1982. – Т. 5 : Биографический справочник. – 1982. – С. 463.

5. Озмитель Федор Федорович // Герои Советского Союза : крат. биогр. словарь : в 2 т. / редкол.: И. Н. Шкадов [и др.]. – М., 1988. – Т. 2. – С. 193.

6. Озмитель Федор Федорович // Их именами названы … : энцикл. справ. / редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 1987. – С. 457.

7. Озмитель Федор Федорович // Казахстан – Беларусь: боевое братство / Г. К. Алдамжаров [и др.] ; науч. ред. А. М. Литвин. – Минск, 2005. – С. 115.

8. Озмитель Федор Федорович // Навечно в сердце народном : [справ.] / редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) [и др.]. – 3-е изд., доп. и испр. – Минск, 1984. – С. 387.


СПАСЫЛКІ

Герои страны. Озмитель Федор Федорович

Подвиг Озмителя: как сельский учитель из Казахстана стал Героем Советского Союза

Подвиг Озмителя: как сельский учитель стал Героем Советского Союза