free responsive web templates

Боркавіцкае патрыятычнае падполле
 Верхнядзвінскі раён

Перыяд дзеяння:  кастрычнік 1941 г.– чэрвень 1942 г.

Месца: в. Боркавічы, Дрысенскі (цяпер Верхнядзвінскі) раён, Віцебская вобласць

Кіраўнікі: І. Р. Каваленка 


Боркавіцкае патрыятычнае падполле – састаўная частка Сакалішчанскага партыйна-камсамольскага падполля. Дзейнічала з кастрычніка 1941 г. да чэрвеня 1942 г. у в. Боркавічы Дрысенскага (цяпер Верхнядзвінскага) раёна. Кіраўнік – член КПСС, майстар лесараспрацовак І. Р. Каваленка. Удзельнікамі падполля былі ваенны ўрач С. В. Бяляеў, настаўніца М. Р. Зайцава, аграном Ф. А. Жалязнова, работніца Віцебскай панчошнай фабрыкі М. В. Марціноўская, калгасніца Г. П. Шанько.

У 1941 г. падпольшчыкі разладзілі работу лакаматыва, піларамы на лесапільным заводзе, дзясятка вагонаў на чыгуначнай станцыі. Для атрымання звестак аб праціўніку Марціноўская ўладкавалася перакладчыцай да каменданта. Па даручэнні кіраўніцтва Сакалішчанскага падполля Каваленка дамогся адкрыцця Боркавіцкага медпункта. Пры дапамозе сувязной Шанько з лагера ваеннапалонных Баравуха-1 былі вызвалены ўрачы С. В. Бяляеў і К. С. Шадурскі, якія сталі працаваць у медпункце. Яны аказвалі дапамогу насельніцтву, забяспечвалі падпольшчыкаў медыкаментамі, неаднаразова зрывалі адпраўку моладзі на катаржныя работы ў Германію, у медыцынскіх заключэннях завышалі колькасць захворванняў на тыф сярод насельніцтва. Бяляеў атрымаў пропуск для наведвання хворых у 18 вёсках, што пашырыла яго магчымасці для падпольнай дзейнасці. Інфармацыю, якую дзеячы падполля атрымлівалі па радыёпрыёмніку, выкарыстоўвалі пры рабоце з мясцовымі жыхарамі. Патрыёты вызвалілі з лагера ваеннапалонных некалькі камандзіраў Чырвонай арміі. Рыхтуючыся да ўзброенай барацьбы з ворагам, схавалі два ручныя кулямёты з дыскамі, гранаты, вінтоўкі, некалькі тысяч патронаў.

Актыўную дапамогу падпольшчыкам аказвалі былы выкладчык фізкультуры Боркавіцкай сярэдняй школы С. А. Даніловіч, загадчык паштовага аддзялення Г. В. Марціноўская, майстар лесараспрацовак А. Я. Папкоўскі, калгасніцы В. І. Лаўручонак, Е. А. Мацецкая, Г. М. Снапок, З. С. Якубава, акружэнец А. Я. Мільцман. У жніўні 1942 г. за лінію фронту адпраўлены ваенныя спецыялісты Бяляеў і Мільцман, у партызанскі атрад «Баявы» пайшоў Шадурскі. Арыштаваны і загублены фашыстамі І. Р. Каваленка, Ф. А. Жалязнова, М. Р. Зайцава, М. В. Марціноўская.


ЛІТАРАТУРА

1. Папкоўскі, Л. А. Боркавіцкае патрыятычнае падполле / Л. А. Папкоўскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 88.