Перыяд дзеяння: верасень 1942 г. – ліпень 1944 г.
Месца: г. Браслаў
Колькасць: 13 чалавек
Кіраўнікі: А. А. Васілеўскі (да верасня 1943 г.), Э. А. Ціранаў
Браслаўскае патрыятычнае падполле дзейнічала з верасня 1942 г. да ліпеня 1944 г. у Браславе. Аб’ядноўвала 13 чалавек. Арганізатары і кіраўнікі: А. А. Васілеўскі (да верасня 1943 г.), Э. А. Ціранаў. У склад группы ўваходзілі: Т. У. Брылевіч, М. П. Брылевіч, Д. А. Васілеўскі, У. Ю. Відаўскі, І. А. Дубінка, П. І. Лук’янец, А. Я. Пракаповіч і інш.
Падпольшчыкі вялі антыфашысцкую прапаганду, здабывалі дакументы, звесткі пра структуру і колькасць варожых гарнізонаў, месцазнаходжанне вайсковых складоў і казарм, іншыя звесткі і перадавалі іх партызанам, дастаўлялі партызанам зброю, боепрыпасы і медыкаменты, выратавалі жыццё 150 партыйным і савецкім работнікам, ваеннапалонным. Выконвалі заданні партызанскага атрада, потым партызанскай брыгады «За Радзіму», з 1943 г. – партызанскай брыгады імя Г. К. Жукава. Трымалі сувязь з Азяраўскім камсамольска-маладзёжным падполлем.
У барацьбе з акупантамі загінулі А. А. Васілеўскі, М. Л. Зайцаў, К. А. Зінькоў. Д. А. Васілеўскі зведаў жахі канцлагераў у Асвенцыме і Майданака. У 1975 г. у памяць пра дзейнасць падполля ў Браславе ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
ЛІТАРАТУРА
1. З успамінаў былога кіраўніка падпольнай групы ў Браславе Э. А. Ціранава // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск, 1998. – С. 320.
2. Клімаў, І. Ф. Браслаўскае патрыятычнае падполле / І. Ф. Клімаў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 90–91.
3. Морщинин, А. Это было в Браславе / А. Морщинин // Красный Север. – 1981. – 21 июня. – С. 2.