online web builder

Обальскае
камсамольска-маладзёжнае падполле «Юныя мсціўцы»
 Шумілінскі раён

Перыяд дзеяння: пачатак 1942 г. – жнівень 1943 г.

Месца: Сіроцінскі (цяпер Шумілінскі) раён, Віцебская вобласць

Колькасць: каля 40 чалавек

Кіраўнікі: камсамольскі камітэт на чале з Е. С. Зяньковай

Обальскае камсамольска-маладзёжнае падполле («Юныя мсціўцы») дзейнічала з пачатку 1942 г. да жніўня 1943 г. у Сіроцінскім раёне. Створана па ініцыятыве Сіроцінскіх падпольных РК КП(б)Б і РК ЛКСМБ з камсамольцаў і несаюзнай моладзі пасёлка Обаль, вёсак Ушалы, Зуі, Масцішча, Ферма. Аб’ядноўвала каля 40 чалавек, з якіх былі сфарміраваны 3 групы: Обальская, Масцішчанская, Ушальская. У камсамольскі камітэт уваходзілі 9 чалавек: Е. С. Зянькова (сакратар), Н. А. Азоліна, М. С. Дзяменцьева, У. I., I. В. і Я. Я. Езавітавы, М. П. Лузгіна, З. М. Партнова, В. М. Шашкова.

Па заданні камандавання атрада імя К. Я. Варашылава партызанскай брыгады імя У. I. Леніна і Сіроцінскага падпольнага РК ЛКСМБ падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, разведданыя аб размяшчэнні варожых войск, пра рух эшалонаў, забяспечвалі партызанскіх разведчыкаў дакументамі, ажыццяўлялі дыверсіі на варожых аб’ектах, знішчалі акупантаў і іх тэхніку, вялі палітычную агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро. Дзякуючы звесткам падпольшчыкаў савецкія самалёты знішчылі на чыгуначнай станцыі Обаль 4 эшалоны з танкамі. 19 жніўня 1942 г. Н. А. Азоліна ўзарвала вадакачку на станцыі Обаль, з-за чаго 11 воінскіх эшалонаў былі затрыманы на некалькі дзён; У. I. Езавітаў узарваў легкавую аўтамашыну з афіцэрамі, Я. Я. Езавітаў – 3 матавозы і экскаватар. Летам 1943 г. М. П. Аляксееў знішчыў цыстэрну на станцыі Лоўжа: згарэлі эшалон з боепрыпасамі, будынак станцыі, прадуктовы склад. Усяго падпольшчыкі зрабілі 21 дыверсію: спалілі льнозавод, пілараму, электрастанцыю, некалькі мастоў і інш.

У 1942–1943 гг. гітлераўцы арыштавалі і пасля катаванняў расстралялі Н. А. Азоліну, М. П. Аляксеева, Н. М. Давыдаву, У. I. і Я. Я. Езавітавых, А. П., З. Д. і М. П. Лузгіных, маці Е. С. Зяньковай Марфу Аляксандраўну, Ф. Ф. Слышанкова, Д. С. і М. С. Хрыбценкаў. Пазней загінулі М. С. і Н. С. Дзяменцьевы, З. М. Партнова, В. М. Шашкова. Падпольшчыкі, якія пазбеглі арышту, уліліся ў партызанскую брыгаду імя У. I. Леніна. Многія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, Е. С. Зяньковай і З. М. Партновай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У г. п. Обаль на дамах, дзе жылі Е. С. Зянькова і З. М. Партнова, устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Узведзены помнікі ў гонар падпольнай камсамольскай арганізацыі, Е. С. Зяньковай, на магіле падпольшчыц А. П. і М. П. Лузгіных. У 1965 г. створаны Музей Обальскага камсамольскага падполля. Імем Е. С. Зяньковай названа вуліца ў Віцебску, імя З. М. Партновай носяць вуліцы ў Ленінградзе, Полацку, г. п. Обаль, многія піянерскія дружыны, цеплаход.


Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 ліпеня 1958 года
за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях супраць фашысцкіх захопнікаў
у перыяд Вялікай Айчыннай вайны, прысвоіць званні Героя Савецкага Саюза: 
Зяньковай Ефрасінні Савельеўне – кіраўніку падпольнай камсамольскай арганізацыі,
якая дзейнічала на ст. Обаль Віцебскай вобласці,
з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка»;
Партновай Зінаідзе Мартынаўне – члену гэтай арганізацыі (пасмяротна).


За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў, узнагародзіць найбольш актыўных удзельнікаў падпольнай камсамольскай арганізацыі, якая дзейнічала на ст. Обаль Віцебскай вобласці ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны:


ордэнам Чырвонага Сцяга:
Азоліну Ніну Адольфаўну (пасмяротна)
Дземеневу Марыю Сяргееўну (пасмяротна)
Езавітава Уладзіміра Іванавіча (пасмяротна)
Езавітава Яўгена Яфімавіча (пасмяротна)
Лузгіну Марыю Піліпаўну (пасмяротна)


ордэнам Айчыннай вайны I ступені:
Аляксеева Мікалая Піліпавіча (пасмяротна)
Барбашова Аркадзя Мікалаевіча
Давыдаву Ніну Максімаўну (пасмяротна)
Дзяменцьеву Надзею Сяргееўну (пасмяротна)
Езавітава Іллю Васільевіча
Лузгіну Антаніну Піліпаўну (пасмяротна)
Лузгіну Зінаіду Дзмітрыеўну (пасмяротна)
Маркіянава Барыса Кірылавіча
Слышанкова Фёдара Фёдаравіча (пасмяротна)
Шашкову Валянціну Мікалаеўну (пасмяротна)

ЛІТАРАТУРА

1. Ляшчынскі, Д. С. Героі Обальскага падполля / Д. С. Ляшчынскі // Народная асвета. – 1983. – № 7. – С. 10–14.

2. Чарнаглазава, Р. А. Обальскае камсамольска-маладзёжнае падполле / Р. А. Чарнаглазава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Минск, 1990. – С. 386–387.


СПАСЫЛКІ

Подвиг Обольских подпольщиков