html templates

Полацкае партыйна-камсамольскае падполле
 Полацкі раён

Перыяд дзеяння:  жнівень 1941 г. – кастрычнік 1942 г.

Месца: г. Полацк, Полацкі раён, Полацкая (цяпер Віцебская) вобласць

Колькасць: каля 160 чалавек

Кіраўнікі: Віцебскі падпольны абкам КП(б)Б, Полацкі падпольны РК КП(б)Б


Полацкае партыйна-камсамольскае падполле дзейнічала са жніўня 1941 г. да кастрычніка 1942 г. у Полацку і Полацкім раёне пад кіраўніцтвам Віцебскага падпольнага абкама КП(б)Б (з сакавіка 1942 г.) і Полацкага падпольнага РК КП(б)Б (з чэрвеня 1942 г.). Аб’ядноўвала 11 груп, каля 160 падпольшчыкаў. Першыя падпольныя групы ў Полацку ўзначалілі Я. X. Сташкевіч, П. Ф. Самародкаў, С. В. Сухавей. У вёсках кіраўнікамі падполля былі: Домнікі – А. М. Філіпаў, Дрэтунь – М. Д. Свірыдзенка, Залессе – К. М. Макараў, Казімірова – Ф. Д. Максімаў, Палата – П. Ф. Сташкевіч, Труды – А. Я. Марчанка, Узніцы – П. Я. Кірыленка, Юравічы – Д. А. Зублеў. Вясной 1942 г. група Самародкава разгромлена фашыстамі, многія полацкія падпольшчыкі перайшлі да партызан. Групу патрыётаў, якія засталіся ў горадзе, з мая да кастрычніка 1942 г. узначальваў С. Я. Арцем’еў.

Падпольшчыкі вялі палітычную агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, звесткі аб перадыслакацыі і перавозках варожых войск, ратавалі савецкіх ваеннапалонных, перапраўлялі людзей у партызаны, арганізоўвалі партызанскія групы. У маі 1942 г. удзельнічалі ў стварэнні атрада (камандзір Марчанка), які ў чэрвені ператварыўся ў партызанскую брыгаду 3-ю Беларускую. У лістападзе 1941 г. на чыгуначнай станцыі Гараны знішчылі 2 паравозы і 4 вагоны. Вясной 1942 г., выкарыстоўваючы звесткі падпольшчыкаў, савецкая авіяцыя бамбіла варожыя эшалоны на Полацкім чыгуначным вузле; партызаны разграмілі карнікаў у раёне былога саўгаса «Палата». Летам 1942 г. на чыгуначнай станцыі Грамы падарвалі нафтабазу, у кастрычніку – паравознае дэпо. У барацьбе з ворагам загінулі П. Абаленцаў, М. Аляксееў, Р. Атрошчанка, Ф. К. Безер, Я. Ф. Багатыроў, У. К. Говараў, М. С. і Ю. Я. Журавы, М. М. Іваноў, Л. П. Касцецкая, Д. I. Котаў, А. З. Круглікаў, К. М. Макараў, М. А. Мікешка, Г. Д. Міндалёў, Г. П. Нікіціна, А. Пашкевіч, Д. Б. Пятроўскі, П. Ф. Самародкаў, Я. X. Сташкевіч, С. В. Сухавей, К. Г. Ткачова, Н. М. Філіпава, М. Я. Чувахоў.

ЛІТАРАТУРА

1. Рогаў, А. Б. Полацкае партыйна-камсамольскае падполле / А. Б. Рогаў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 500.