free amp templates

Прошкаўскае камсамольска-маладзёжнае падполле
 Верхнядзвінскі раён

Перыяд дзеяння:  жнівень 1941 г. – кастрычнік 1942 г.

Месца: в. Прошкі, Асвейскі (цяпер Верхнядзвінскі) раён, Віцебская вобласць

Колькасць: каля 30 чалавек

Кіраўнікі: Асвейскі падпольны райкам КП(б)Б, Асвейскі падпольны райкам ЛКСМБ


Прошкаўскае камсамольска-маладзёжнае падполле дзейнічала са жніўня 1941 г. да кастрычніка 1942 г. у в. Прошкі Асвейскага раёна пад кіраўніцтвам Асвейскіх падпольных райкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Створана па ініцыятыве камуніста Р. С. Лукашонка. Згуртаванне аб’ядноўвала каля 30 чалавек. Кіраўнікі: В. I. Лукашонак, з мая 1942 г. – Г.  Я. Фралёнак. Мела падраздзяленні ў в. Забор’е Рэзекненскага павета Латвійскай ССР (кіраўнік А. М. Гром), у населеных пунктах Рылькі (П. С. Смычкоў), Ляхава Себежскага раёна РСФСР, Сукалкі, Востраў. Да групы адносілася і падпольнае піянерскае звяно ў в. Стралкі Асвейскага раёна. Трымала сувязь з падпольшчыкамі Асвеі, Расонскага раёна, з партызанскім атрадам, потым – брыгадай імя Фрунзэ. Аб’ядноўвала беларусаў, рускіх, латышоў.

Падпольшчыкі вялі палітычную агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю (мелі 2 склады-тайнікі), навучалі моладзь ваеннай справе, падбіралі людзей для партызанскіх атрадаў, дапамагалі савецкім воінам, якія ўцяклі з фашысцкага палону, зрывалі мерапрыемствы акупантаў па нарыхтоўцы збожжа і жывёлы, вялі разведку. Дзякуючы актыўным дыверсіям былі падарваны 3 аўтамашыны з амуніцыяй на чыгунцы Рэзекне – Себеж, паравоз і 6 вагонаў, разгромлены валасныя ўправы ў Ляхаве Себежскага і Ігналіне Асвейскага раёнаў, з дапамогай партызан разбіты нямецкі гарнізон у мястэчку Шкяўне Краслаўскага раёна Латвійскай ССР.

У падполлі пачаў баявую дзейнасць Герой Савецкага Саюза I. Я. Судмаліс. Вясной 1942 г. пайшлі ў партызаны 18 падпольшчыкаў на чале з В. I. Лукашонкам, да восені – усе члены арганізацыі.

У в. Прошкі Верхнядзвінскага раёна ў гонар змагароў узведзена стэла (1975 г.), устаноўлены мемарыяльныя дошкі.

ЛІТАРАТУРА

1. Высоцкі, С. А. Прошкаўскае камсамольска-маладзёжнае падполле / С. А. Высоцкі, А. Б. Рогаў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 508.