Перыяд дзеяння: жнівень 1941 г. – верасень 1942 г.
Месца: Расонскі раён, Віцебская вобласць
Колькасць: 38 чалавек
Кіраўнікі: Расонскі падпольны райкам КП(б)Б, Расонскі падпольны райкам ЛКСМБ
Расонскае партыйна-камсамольскае падполле дзейнічала са жніўня 1941 г. да верасня 1942 г., у 1941 г. – пад кіраўніцтвам Расонскіх падпольных райкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Арганізатар і лідар згуртавання – настаўнік Расонскай сярэдняй школы П. М. Машэраў. Аб’ядноўвала 38 патрыётаў, у тым ліку 20 камуністаў. Узначальваў арганізацыю камітэт, у які ўваходзілі П. М. Машэраў, Е. Л. і С. Б. Пятроўскія, П. А. Галанава (Машэрава), А. С. і С. I. Язутавы, М. П. Шаркова, М. М. Міхайлоўская, У. А. Шаблоў, Л. А. Валковіч. Пазней да падпольшчыкаў далучыліся чырвонаармейцы, якія ўцяклі з палону. Да канца 1941 г. пад кіраўніцтвам камітэта, які стаў штабам расонскай арганізацыі, былі створаны і дзейнічалі падпольныя групы ў вёсках Альбрэхтава (кіраўнік П. А. Алыпанікаў), Грачушына (У. А. Яфрэменка), Ражнова (М. М. Іваноў), Пірагі (У. А. Хамчаноўскі), Шалашнікі (М. Я. і П. Я. Гігелевы), Клясціцы (С. П. Пархімовіч, I. М. Малахаў, Б. Я. Руба), Мілавіды (I. М. Марачкоўскі), Ізбішча, Роўнае Поле, Сінск, Фаміно, Юхавічы і інш. Камітэт расонскай арганізацыі падтрымліваў цесныя сувязі з Гарбачэва-Мурагоўскай, Заборскай, Межаўскай, Сельніцкай, Сакалішчанскай партыйна-камсамольскімі падпольнымі арганізацыямі, а таксама Прошкаўскім камсамольска-маладзёжным падполлем. На канспіратыўных кватэрах праводзіліся камсамольскія сходы, пасяджэнні штаба, распрацоўваліся планы, кіраўнікі груп атрымлівалі заданні на месцах.
З дапамогай радыёпрыёмнікаў, устаноўленых на кватэрах С. Б. Пятроўскага і П. М. Юр’ян, падпольшчыкі Галанава, Шаркова, Пятроўскі прымалі зводкі Саўінфармбюро, якія потым распаўсюджвалі вусна і ў лістоўках у Расонах і многіх вёсках раёна. Падпольшчыкі выкрывалі лжывую фашысцкую прапаганду аб «маланкавай вайне», заклікалі насельніцтва на барацьбу з ворагам. Каб забяспечыць патрыётаў нямецкімі дакументамі, па рашэнні камітэта некалькі чалавек уладкаваліся на работу ва ўстановы акупантаў, дзе здабывалі бланкі пашпартоў, даведак і іншых дакументаў. Пад выглядам выканання службовых абавязкаў яны ажыццяўлялі сувязь з іншымі падпольнымі арганізацыямі, збіралі разведданыя, рыхтавалі дыверсіі. З дапамогай жыхароў мястэчка Расоны была выведзена са строю электрастанцыя, узарваны мост, знішчана 1 тыс. тон нарыхтаванай захопнікамі бульбы. Падпольшчыкі перашкаджалі вывазцы да чыгункі хлеба, мяса, масла і іншых прадуктаў, што былі адабраныя фашыстамі ў насельніцтва.
Галоўнай сваёй задачай падпольшчыкі лічылі ўзброеную барацьбу з ворагам. Яны сталі ініцыятарамі разгортвання ў раёне масавага партызанскага руху. Рыхтуючыся да партызанскай вайны, усюды збіралі зброю і боепрыпасы. Члены Шалашніцкай групы здабылі ручныя кулямёты, вінтоўкі, некалькі скрынак кулямётных стужак з патронамі, шмат гранат. Вялікую работу па зборы зброі і боепрыпасаў правялі члены Альбрэхтаўскай, Клясціцкай, Мілавідскай і іншых груп. Вялася нарыхтоўка адзення, абутку, харчоў для партызан і фуражу для коней. Падпольшчыкі, якія працавалі ў бальніцы, назапашвалі для партызан медыкаменты, перавязачныя сродкі. Каб выратаваць сем’і ад рэпрэсій акупантаў, кіраўніцтва распрацавала падрабязны план сыходу падпольшчыкаў да партызан. Першым пад выглядам паездкі да сваякоў 19 красавіка пайшоў у партызаны Машэраў. У гэтым жа месяцы да яго далучыліся яшчэ 18 падпольшчыкаў, якія паклалі пачатак утварэнню ў раёне партызанскага атрада «Дубняка» (названы па падпольным псеўданіме яго камандзіра Машэрава, з ліпеня 1942 г. – атрад імя М. А. Шчорса брыгады «За Савецкую Беларусь»). Да восені 1942 года амаль усе падпольшчыкі сталі партызанамі. У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў загінулі 12 падпольшчыкаў: М. Я. і П. Я. Гігелевы, П. Я. Дзяружына, С. I. Язутаў, А. С. Язутава (Емяльянава), I. М. Малахаў, Ф. I. Масальская, Д. П. Машэрава, М. М. Міхайлоўская, Е. Л. Пятроўская, Б. Я. Руба, У. А. Хамчаноўскі. Памяць пра патрыётаў Расонскага партыйна-камсамольскага падполля ўвекавечана ў г. п. Расоны ў мемарыяльным комплексе, узведзеным на тэрыторыі мемарыяльнага парку, створанага на месцы пахавання савецкіх воінаў, партызан і падполыпчыкаў, якія загінулі ў час вайны. На будынку Расонскай сярэдняй школы ў 1972 у гонар падполля ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У 1979 г. на месцы расстрэлу падпольшчыкаў узведзены помнік. П. М. Машэраў і У. А. Хамчаноўскі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
ЛІТАРАТУРА
1. Папкоўскі, Л. А. Расонскае партыйна-камсамольскае падполле / Л. А. Папкоўскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 529–530.