free web templates

Шаркаўшчынская падпольная камсамольска-маладзёжная арганізацыя «За Радзіму»
 Шаркаўшчынскі раён

Перыяд дзеяння: ліпень 1941 г. – ліпень 1944 г.

Месца: Шаркаўшчынскі раён, Віцебская вобласць

Колькасць: 31 чалавек

Кіраўнікі: Г. К. Лысёнак, П. А. Балай, І. А. Гінько


Шаркаўшчынская падпольная камсамольска-маладзёжная арганізацыя «За Радзіму» дзейнічала з ліпеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна. Налічвала 31 чалавека, у тым ліку 26 камсамольцаў. Кіраўнікі: Г. К. Лысёнак (з верасня 1942 г. – у партызанах, з верасня 1943 г. – сакратар Шаркаўшчынскага падпольнага РК ЛКСМБ), П. А. Балай, І. А. Гінько. Сваю дзейнасць члены падполля падпарадкоўвалі Вілейскаму падпольнаму абкаму КП(б)Б (з мая 1943 г.), Вілейскаму падпольнаму абкаму ЛКСМБ (з красавіка 1943 г.). На сходзе камсамольцаў 27 ліпеня 1941 г., на якім прысутнічалі Э. І. Бараноўская, І. А. Гінько, С. І. Дзіковіч, Э. І. Кухальскі, Г. К. Лысёнак, А. С. Невядомскі і інш., былі вызначаны задачы арганізацыі: збор зброі, зрыў выканання распараджэнняў акупантаў, агітацыйна-прапагандысцкая работа сярод насельніцтва.

Э. І. Кухальскі, Г. К. і П. К. Лысёнкі ўстанавілі ў лесе дэтэктарны прыёмнік, запісвалі зводкі Саўінфармбюро. Па заданні партызанскага атрада (пазней брыгады) «Спартак» патрыёты засылалі сваіх людзей у варожыя гарнізоны, якія размяшчаліся ў Варапаеве, Глыбокім, Паставах, Шаркаўшчыне, тым самым забяспечвалі камандаванне атрада разведданымі.

Па рашэнні Шаркаўшчынскага падпольнага РК ЛКСМБ і камандавання партызанскай брыгады «За Радзіму» ў распалажэнне варожых фарміраванняў накіроўваліся: у в. Красны Двор – падпольшчык В. Ф. Нядзведзь, у Шаркаўшчыну – В. П. Вярцінскі, на чыгуначную станцыю Крулеўшчына – Э. І. Бараноўская. Патрыёты П. А. Балай, М. П. Брэскі, Т. Л. Лянкевіч і інш., што працавалі ў Варапаеве, рэгулярна перадавалі ў партызанскі атрад П. М. Шырокава (пазней імя А. А. Жданава брыгады «За Радзіму») разведданыя, бланкі дакументаў, пісчую паперу. Летам 1943 г., калі дзеячы групы адпраўляліся ў партызанскі атрад, яны падпалілі будынак біржы працы, знішчылі дакументы, вынеслі друкарку. Сумесна з партызанамі патрыёты знішчалі лініі сувязі, палілі масты на шашы і чыгунцы, удзельнічалі ў атаках на гарнізоны акупантаў. У верасні 1942 г. падпольшчыкі і партызаны атрада «Спартак» разграмілі варожыя часці ў вёсках Казяны, Ёды, Журавоўшчына, спалілі чыгуначную станцыю ў в. Полава.

У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі Б. І., С. І. і Я. Р. Дзіковічы, Э. І. Кухальскі, М. М. Лапаць, П. К. Лысёнак, Я. Ц. Машара, А. С. Невядомскі, К. А. Рамановіч.


ЛІТАРАТУРА

1. Шумейка, М. Ф. Шаркаўшчынская падпольная камсамольска-маладзёжная арганізацыя «За Радзіму» / М. Ф. Шумейка // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 634.