bootstrap html templates

Шчарбіна Васіль Васілевіч

Mobirise

Дата нараджэння: 27.03.1914 (09.04.1914)

Дата смерці: 23.09.1942

Месца нараджэння: ст. Нікітаўка, Данецкая вобл., Украіна


Шчарбіна Васіль Васілевіч – камандзір разведвальна-дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на тэрыторыі Віцебскай і Мінскай абласцей. Герой Савецкага Саюза (1943).

Нарадзіўся ў сям’і шахцёра. Скончыў фабрычна-заводскае вучылішча, працаваў слесарам на шахце Вузлавая. У Чырвонай арміі з 1934 года. Скончыў Адэскае пяхотнае вучылішча (1938), адзін курс Вышэйшай школы Генштаба Чырвонай арміі (1941).

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны – камандзір дыверсійнай групы, накіраванай са спецыяльным заданнем у раён г. Лепеля. У ліпені 1941 года група выйшла ў размяшчэнне партызанскага атрада Брынскага, які знаходзіўся ў в. Гурэц, што на мяжы Віцебскай і Мінскай абласцей. Даставіў у атрад сабраную пад Полацкам зброю (два станковыя кулямёты, ручны кулямёт, гранаты, вінтоўкі, патроны). Быў прызначаны памочнікам камандзіра атрада. Займаўся арганізыцыяй разведкі, удзельнічаў у партызанскіх аперацыях, разгроме нямецка-фашысцкага гарнізона ў в. Халопенічы.

Пры адыходзе ад карацеляў у лістападзе 1941 года згубіў сувязь з атрадам і з невялікай групай партызан дзейнічаў самастойна. У лютым 1942 г. яны перайшлі праз лінію фронту і далучыліся да злучэнняў Чырвонай арміі. У сакавіку 1942 года зноў дэсантаваны ў тыл ворага. Камандзір разведвальна-дыверсійнага атрада, які дзейнічаў у раёне Полацк – Маладзечна – Мінск у складзе партызанскага злучэння Р. М. Лінькова. Атрад збіраў і перадаваў даныя пра праціўніка, знішчыў 11 мастоў, 14 эшалонаў, здзейсніў больш за 20 дыверсій на чыгунцы. В. В. Шчарбіна падрыхтаваў больш за 200 падрыўнікоў для партызанскіх атрадаў.

Маёр В. В. Шчарбіна загінуў 23 верасня 1942 года пры аглядзе новых мін. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 20 студзеня 1943 года. Пахаваны ў Валожыне на плошчы Свабоды.


УШАНАВАННЕ

Імя Героя Савецкага Саюза Васіля Васілевіча Шчарбіны носіць вуліца ў г. Валожыне Мінскай вобласці. У 1972 годзе ў г. Валожыне каля будынка сярэдняй школы № 1 устаноўлены бюст Героя Савецкага Саюза В. В. Шчарбіны.


Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 студзеня 1943 года
за ўзорнае выкананне баявых заданняў у тыле ворага і асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху ў Беларусі
Шчарбіне Васілю Васілевічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

В. В. Шчарбина ўзнагароджаны ордэнам Леніна.

ЛІТАРАТУРА

1. Бринский, А. Бородач / А. Бринский // Люди легенд : [очерки о партизанах и подпольщиках – Героях Советского Союза / сост.: В. В. Павлов, И. П. Селищев]. – М., 1974. – Вып. 5. – С. 495–509.

2. Василий Васильевич Щербина // Высшее партизанское командование Белоруссии : справочник / под общ. ред. Э. Г. Иоффе. – Минск, 2009. – С. 70–71.

3. Щербина Василий Васильевич // Герои Советского Союза : краткий биогр. словарь : [в 2 т.] / М-во обороны СССР, Гл. упр. кадров, Ин-т воен. истории, Центр. архив ; [А. А. Бабаков (рук.) и др.] ; редкол.: И. Н. Шкадов (пред.) [и др.]. – М., 1988. – Т. 2 : Любов – Ящук. – С. 814.

4. Щербина Василий Васильевич // Их именами названы… : энцикл. справочник / редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 1987. – С. 697.


СПАСЫЛКІ

Герои страны. Щербина Василий Васильевич

Музей памяти горловчан о Великой Отечественной войне. Щербина Василий Васильевич

Бородач