Перыяд дзеяння: лістапад 1941 г. – верасень 1943 г.
Месца: в. Стайкі, в. Свістуны, Багушэўскі (цяпер Сенненскі) раён, Віцебская вобласць
Колькасць: 59 чалавек
Кіраўнікі: М. М. Дзятлоўскі, У. Т. Рыжыкаў
Стайкаўскае партыйна-камсамольскае падполле дзейнічала з лістапада 1941 г. да верасня 1943 г. у вёсках Стайкі і Свістуны Багушэўскага раёна пад кіраўніцтвам Багушэўскага падпольнага РК КПБ(б)Б. Складалася з партыйнай (12 чалавек, кіраўнік М. М. Дзятлоўскі) і камсамольскай (47 чалавек, кіраўнік У. Т. Рыжыкаў) арганізацый.
Падпольшчыкі вялі палітычную агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, пісалі і распаўсюджвалі лістоўкі, зрывалі аднаўленне чыгункі Орша – Віцебск, нарыхтоўку і апрацоўку лесу на лесапільні. Зімой 1941–1942 гг. захапілі і перадалі партызанам цёплыя адзенне і абутак, якія акупанты нарабавалі ў насельніцтва для сваіх войск. Уладкаваўшыся па заданні РК КП(б)Б ва ўстановы акупантаў, падпольшчыкі ратавалі савецкіх людзей ад вывазу ў фашысцкую Германію. Перадавалі партызанам боепрыпасы, медыкаменты, харчы, вялі разведку.
У маі 1942 г. да партызан пайшлі падпольшчыкі-камуністы, у жніўні 1943 г. – камсамольцы, а таксама больш за 150 мясцовых жыхароў і былых ваеннаслужачых. Увосень 1943 г. створаны партызанскі атрад, у склад якога ўвайшла моладзь Стайкаўскага сельсавета.
У барацьбе супраць акупантаў загінулі: Н. П. Бірыч, С. П. Бірыч, С. Я. Брык, М. Д. Воранаў, П. М. Воранаў, М. Н. Гаравец, В. А. Гуляеў, В. П. Гуляеў, М. П. Гуляеў, В. П. Дзятлоўскі, М. І. Дзятлоўскі, П. Я. Ефімоўскі, З. Р. Зуеў, К. А. Масяніс, А. Ц. Махнач, Л. В. Машарскі, М. Р. Мурашка, У. С. Траян, В. П. Туравец, Я. Л. Уцёнак, М. Л. Шакура, С. Ф. Шарай, Л. Я. Шульга.
ЛІТАРАТУРА
1. Рогаў, А. Б. Стайкаўскае партыйна-камсамольскае падполле / А. Б. Рогаў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 574.