Перыяд дзеяння: ліпень 1941 г. – жнівень 1942 г.
Месца: г. п. Ушачы і Ушацкі раён, Віцебская вобласць
Колькасць: каля 100 чалавек
Кіраўнікі: І. К. Пяткун (сакратар), К. І. Максімовіч, Э. У. Пяткун, М. А. Пяткун, А. У. Пяткун
Ушацкае партыйна-камсамольскае падполле дзейнічала з ліпеня 1941 г. да жніўня 1942 г. у г. п. Ушачы і Ушацкім раёне пад кіраўніцтвам Віцебскага падпольнага абкама КП(б)Б. Аб’ядноўвала каля 100 чалавек, у тым ліку 38 камуністаў і камсамольцаў. Для арганізацыі падпольнай барацьбы партыйныя органы пакінулі на тэрыторыі раёна С. Я. Барадаўкіна, С. Б. Боркар, С. К. Паршонка, М. Ф. Машчова, А. І. Хвашча, У. Я. Васілеўскага і інш. Пасля акупацыі раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі Віцебскі абкам паслаў сюды Ф. Ф. Дуброўскага.
У ліпені – жніўні створаны групы: у г. п. Ушачы (кіраўнік С. Я. Барадаўкін), вёсках Жары (Ф. Ф. Дуброўскі), Апанаскавічы і Янова (С. Б. Боркар), Вялікія Дольцы і Весніцк (С. В. Маркевіч), Арэхаўна (І. А. Клопаў, з лістапада 1941 г. – Ц. П. Гірсёнак).
У жніўні – верасні 1941 г. Дуброўскі наладзіў сувязь з гэтымі групамі і пачаў каардынаваць іх дзейнасць. Адначасова арганізаваны падпольныя групы ў вёсках Астраўляны (М. А. Цябут), Усвіца (У. Я. Васілеўскі), Глыбачка (У. Ф. Талочка), якія ў сярэдзіне жніўня аб’ядналіся. Да вясны 1942 г. падпольным згуртаваннем кіравала партбюро (сакратар М. А. Цябут, намеснік У. Я. Васілеўскі).
Падпольшчыкі вялі разведку для Чырвонай арміі, распаўсюджвалі сярод насельніцтва звесткі Саўінфармбюро, лістоўкі, зрывалі мерапрыемствы акупацыйных улад. Для партызан імі былі перададзены больш за 100 адзінак стралковай зброі, гарматы. Летам 1942 г. групы ўліліся ў партызанскі атрад «Смерць фашызму». Перад адыходам у партызаны падпольшчыкі разграмілі фашысцкі гарнізон у в. Глыбачка і ўзнялі над будынкам камендатуры чырвоны сцяг.
У барацьбе з ворагам загінулі: П. І. Бурак, А. Я. Валяўка, В. К. Дарашкевіч, Ф. Р. Дзенісенка, К. В. Казачонак, С. Д. Казачонак, Ф. П. Кудраўцаў, І. А. Кулакоў, С. К. Паршонак, М. З. Станкевіч, З. П. Тамашэвіч, А. І. Хвошч, П. Ф. Хрыпель. У 1958 г. ва Ушачах на брацкіх могілках падпольшчыкаў і савецкіх воінаў пастаўлены помнік.
ЛІТАРАТУРА
1. Лазебнікаў, В. С. Ушацкае партыйна-камсамольскае падполле / В. С. Лазебнікаў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 604.