website builder

Віцебскі падпольны абкам ЛКСМБ
 горад Віцебск

Перыяд дзеяння: 8 сакавіка 1942 г. – 26 чэрвень 1944 г.

Месца: г. Віцебск

Кіраўнікі: Віцебскі падпольны абкам КП(б)Б, Цэнтральны Камітэт ЛКСМБ

Сакратар: В. І. Лузгін (1-ы сакратар), Ф. А. Башкінцаў, А. П. Жаўнерка, В. Н. Пазняк, І. Ф. Канарскі

Члены: А. П. Жаўнерка, В. Ц. Радкевіч, А. А. Казюля і інш.


Віцебскі падпольны абкам ЛКСМБ створаны Віцебскім падпольным абкамам КП(б)Б і Цэнтральным Камітэтам ЛКСМБ і працаваў пад іх кіраўніцтвам з 8 сакавіка 1942 года да 26 чэрвеня 1944 года. Узначальваў дзейнасць Віцебскага падпольнага гаркама ЛКСМБ, 20 падпольных райкамаў Віцебскай вобласці, 814 тэрытарыяльных, 533 пярвічных камсамольскіх арганізацый у партызанскіх фарміраваннях, усяго больш за 12 тыс. камсамольцаў. На тэрыторыі вобласці камсамольскім падполлем кіравалі сакратары ЦК ЛКСМБ М. В. Зімянін, К. Т. Мазураў, С. В. Прытыцкі, Ф. А. Сурганаў.

Бюро абкама: Я. А. Жылянін (з 17.07.1942 г., сакратар Віцебскага падпольнага абкама КП(б)Б), В. І. Лузгін (17.07.1942 – 25.05.1944, член Віцебскага падпольнага абкама КП(б)Б), Н. С. Самуйлава (з 17.07.1942 г., член ЦК ЛКСМБ), Ф. А. Башкінцаў (31.07.1942 – 30.11.1943), А. А. Быкава (31.07.1942 – 30.11.1943, член ЦК ЛКСМБ), І. Ф. Канарскі (з 19.12.1943 г.), В. Н. Пазняк (з 01.12.1943 г.), А. П. Жаўнерка (з 31.07.1943 г.). Сакратары: В. І. Лузгін (да 25.05.1944 г.), Ф. А. Башкінцаў (30.07.1942 – 30.11.1943), А. П. Жаўнерка (з 31.07.1943 г.), В. Н. Пазняк (з 01.12.1943 г.), І. Ф. Канарскі (з 19.12.1943 г.). Члены: А. П. Жаўнерка, В. Ц. Радкевіч, А. А. Казюля, В. Н. Пазняк, Н. С. Самуйлава, А. М. Шкурынава, Ф. К. Падскочая, В. П. Маркоўская, А. М. Нямыкін. Інструктары на падпольнай рабоце: А. М. Нямыкін, Н. Л. Герман, М. П. Мацкевіч, В. К. Шабуня, М. Я. Майзіт, В. П. Маркоўская, А. І. Кандрацкая, В. П. Карпушэнка, В. А. Кулікава, Н. В. Паўлоўская. Лектар абкама – В. І. Розін.

Летам 1942 г. абкамам былі створаны 4 зоны: Аршанская, Віцебская, Лепельская і Полацкая. Іх кіраўнікамі сталі: Жаўнерка, Радкевіч, Пазняк, Шкурынава, Маркоўская. Паводле рашэння бюро абкама з маладых партызан у кароткі тэрмін падрыхтавана каля 5 тыс. кулямётчыкаў, мінамётчыкаў, артылерыстаў, снайпераў, мінёраў, былі створаны 263 камсамольскія дыверсійныя групы. 5 красавіка 1943 года ў в. Клясціцы Расонскага раёна абкам правёў міжраённую камсамольскую канферэнцыю.

Абкам базіраваўся ў прыфрантавой паласе на неакупаванай тэрыторыі, на паўднёвы ўсход ад Суража Віцебскай вобласці, з 8 сакавіка 1942 года – у партызанскім атрадзе М. П. Шмырова, а таксама ў іншых партызанскіх атрадах і брыгадах Віцебскай вобласці.

У в. Клясціцы ў гонар камсамольскай канферэнцыі ў 1969 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка.


ЛІТАРАТУРА

1. Витебский подпольный обком ЛКСМБ // Витебск : энцикл. справочник / редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 1988. – С. 117–118.

2. Лузгін, В. І. Віцебскі падпольны абком ЛКСМБ / В. І. Лузгін, Р. М. Шавяла // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 133–134.

3. Подпольные комсомольские органы ЛКСМБ Витебской области // Подпольные комсомольские органы компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941–1944): краткие сведения об организации, структуре и составе / подгот. Г. Н. Шевела. – Минск, 1976. – С. 133–136.