Перыяд дзеяння: 8 сакавіка 1942 г. – ліпень 1944 г.
Месца: Віцебская вобласць
Кіраўнікі: Цэнтральны Камітэт КП(б)Б
Сакратар: І. А. Стулаў (1-ы сакратар), Я. А. Жылянін,І. Б. Пазнякоў, М. І. Пліс
Члены: І. М. Рабцаў, В. І. Лузгін, М. П. Шмыроў, С. В. Юрын, В. Я. Каган
Віцебскі падпольны абкам КП(б)Б створаны Цэнтральным Камітэтам КП(б)Б і працаваў пад яго кіраўніцтвам з 8 сакавіка 1942 года да ліпеня 1944 года. Дзейнічаў на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Узначальваў Віцебскі падпольны гаркам КП(б)Б і 20 падпольных райкамаў, якія аб’ядноўвалі 198 пярвічных партыйных арганізацый, 3 800 камуністаў у партызанскіх фарміраваннях. 15 райкамаў выдавалі газеты. Віцебскі падпольны абкам КП(б)Б кіраваў дзейнасцю 39 партызанскіх брыгад на тэрыторыі вобласці, накіроўваў работу Віцебскага падпольнага абкама ЛКСМБ і патрыятычнага падполля ў рэгіёне. Сакратары абкама: І. А. Стулаў (1-ы сакратар), Я. А. Жылянін (з 23.04.1942 г.), І. Б. Пазнякоў (з 01.11.1942 г.), М. І. Пліс (з 07.04.1943 г.). Члены: І. М. Рабцаў, В. І. Лузгін, М. П. Шмыроў, С. В. Юрын, В. Я. Каган. Базіраваўся ў прыфрантавой паласе на неакупаванай тэрыторыі.
8 сакавіка 1942 года ЦК КП(б)Б вырашае аднавіць працу Віцебскага абкама КП(б)Б. 14 сакавіка ЦК КП(б)Б прапанаваў сакратару абкама партыі І. А. Стулаву, старшыні Віцебскага аблвыканкама І. М. Рабцаву, начальніку абласной аператыўнай чэкісцкай групы С. В. Юрыну і сакратару Віцебскага абкама камсамола В. І. Лузгіну з групамі партыйных, савецкіх і камсамольскіх работнікаў выехаць у раён Вялікіх Лук і адтуль пачаць устанаўліваць сувязі з падпольнымі партыйнымі, камсамольскімі арганізацыямі, партызанскімі атрадамі, кіраваць іх дзейнасцю і праводзіць мерапрыемствы па расшырэнні і актывізацыі падпольных антыфашысцкіх арганізацый і партызанскіх атрадаў.
Для аператыўнага кіраўніцтва партыйным падполлем і партызанскім рухам абкам КП(б)Б падзяліў вобласць на 4 зоны: Аршанскую, Віцебскую, Лепельскую і Полацкую. Пры адказных арганізатарах працавалі па 3–5 інструктараў. У тыле ворага падоўгу знаходзіліся сакратары падпольнага абкама, асабліва Жылянін і Пазнякоў. Абкам вырашаў пытанні расстаноўкі кадраў, росту партыйных радоў у партызанскіх фарміраваннях, удасканалення структуры партызанскіх сіл, баявой дзейнасці партызан і падпольшчыкаў, распрацоўваў буйныя баявыя аперацыі, арганізоўваў агітацыйную і прапагандысцкую работу, дастаўку і распаўсюджанне газет і лістовак сярод насельніцтва ў тыле ворага.
ЛІТАРАТУРА
1. Витебский подпольный обком КП(б)Б // Витебск : энцикл. справочник / редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 1988. – С. 116–117.
2. Дарафеенка, М. У. Віцебскі падпольны абком КП(б)Б / М. У. Дарафеенка // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 133.
3. Подпольные партийные органы КП(б)Б Витебской области // Подпольные партийные органы компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941–1944): краткие сведения об организации, структуре и составе / подгот. А. А. Кузняев. – Минск, 1975. – С. 100–101.