Перыяд дзеяння: ліпень 1941 г. – вераснь 1943 г.
Месца: Віцебскі раён, Віцебская вобласць
Колькасць : 21 чалавек
Кіраўнік : В. А. Зімянін
Заронаўскае партыйна-камсамольскае падполле дзейнічала з ліпеня 1941 г. да верасня 1943 г. у Заронаўскім сельсавеце Віцебскага раёна. Створана на базе знішчальнага атрада. Арганізатар і кіраўнік – старшыня Заронаўскага сельсавета, член КПСС В. А. Зімянін, які быў пакінуты Віцебскім РК КП(б)Б для разгортвання барацьбы ў тыле ворага. Аб'ядноўвала 21 чалавека, у тым ліку 8 камуністаў і 9 камсамольцаў.
Падпольшчыкі вялі антыфашысцкую прапаганду сярод насельніцтва вёсак Бялянкі, Воранава, Заронава, Казлы, Кузняцова, Лётцы, Ліцвякі, Матрасы, Міклушы, Палойнікі, Сцяпанкава, Сывараткі, Ціваны. Зімянін з акружэнцам Бурнейкам наладзілі прыём зводак Саўінфармбюро, якія размнажалі і распаўсюджвалі члены групы У. С. Кірылаў, Б. Г. Васільеў, Г. А. і К. А. Някрасавы, Н. В. і Т. В. Залескія. Па заданні Зімяніна падпольшчык І. І. Шпакаў пайшоў на пасаду бургамістра Заронаўскай воласці. Ён забяспечваў членаў групы пропускамі, пашпартамі, паведамляў каштоўныя звесткі аб праціўніку. У выніку была сарвана адпраўка моладзі на катаржныя работы ў Германію, распрапагандаванае насельніцтва не выконвала распараджэнні акупацыйных улад. Рыхтуючыся да партызанскай барацьбы, падпольшчыкі збіралі зброю. Г. А. Арлоўская наладзіла сувязь з разведгрупамі штаба Калінінскага фронту А. І. Іжокіна і М. Р. Яфімава. Па заданні гэтых груп патрыёты збіралі звесткі пра чыгуначныя перавозкі ворага з Віцебска на Гарадок і на Полацк, дыслакацыю нямецкіх войск на тэрыторыі раёна, займаліся дыверсіямі: псавалі тэлефонную сувязь з Гарадком, Віцебскам, Лётцамі, Старым Сялом, Полацкам і інш. У красавіку – маі 1942 г. каля в. Мяштокі спалілі мост, каля в. Шчацінкі з засады падбілі легкавы аўтамабіль з чатырма гітлераўцамі і каштоўнымі дакументамі.
У красавіку 1942 г. пры спробе арганізаваць сумесна з патрыётамі Гарадка разгром гарадоцкага паліцэйскага ўчастка былі арыштаваны Г. А. Арлоўская, А. С. Арлоўскі, С. К. Бараноўскі, Т. В. Залеская. Па прычыне правалу большасць падпольшчыкаў пайшла ў партызаны. Н. В. Залеская і І. І. Шпакаў, пакінутыя для разведкі і сувязі, былі выдадзены правакатарам у верасні 1943 г. і расстраляны ў аршанскай турме.
У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі Г. А. Арлоўская, Л. А. Арлоўскі, С. К. Бараноўскі, Н. В. Залеская, К. А. Някрасава, І. І. Шпакаў.
ЛІТАРАТУРА
1. Залеская, Т. В. Заронаўскае партыйна-камсамольскае падполле / Т. В. Залеская // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 216–217.