Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска ”Дзвіна”». Віцебск, г.

Сучасная назва

Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”»

Тып

дзяржаўная ўстанова

Дата заснавання

1994

Месца знаходжання

г. Віцебск

Сайт

https://zolotoe.by

 

У лістападзе 1994 года рашэннем Віцебскага гарвыканкама быў створаны Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў «Задзвінне». Стваралася гэтая ўстанова ў прыстасаваных памяшканнях бібліятэкі імя Я. Купалы на вуліцы Пакроўскай. Першым дырэктарам была Зоя Гаршкова. З 2007 года ўстанова знаходзіцца ў гістарычным будынку, помніку архітэктуры класіцызму XVIII ст. – Віцебскія лабазы («Саляныя склады») – на вуліцы Чайкоўскага на маляўнічым беразе Заходняй Дзвіны. Агульная плошча памяшканняў – 1780 м2. У 2010 годзе Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў «Задзвінне» быў перайменаваны ў Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў «Дзвіна». У 2011 годзе Цэнтр атрымаў статус дзяржаўнай установы «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"». З 2009 па 2016 гг. узначальваў установу Віктар Кібісаў. З 2016 года дырэктарам установы з'яўляецца Алена Чарных.

Асноўная мэта культурна-гістарычнага комплексу – захаванне, развіццё і прапаганда найлепшых традыцый народнай культуры. Менавіта таму яго супрацоўнікі надаюць асаблівую ўвагу экспедыцыйна-даследчай рабоце па пошуку майстроў і самадзейных мастакоў горада.

Комплекс мае навукова-метадычныя фонды твораў народных майстроў і самадзейных мастакоў, гістарычныя прадметы мясцовага побыту, археалагічныя матэрыялы. На падвор'і ўладкавана паказальная майстэрня керамікі з печамі для абпальвання вырабаў па старажытных тэхналогіях, драўлянае падвор'е для правядзення масавых мерапрыемстваў, народных гулянняў, майстар-класаў па розных відах рамёстваў і выставак-продажаў вырабаў народных майстроў. Тут працуюць выставачныя залы і майстэрні, ёсць падворак з галерэямі для выстаў і кірмашоў, а таксама абрадавая зала і кафэ з нацыянальнай беларускай кухняй. Вырабы народных майстроў і мастакоў прапануе жыхарам і гасцям горада салон-магазін народных промыслаў «Фэст».

Супрацоўнікамі праводзіцца навукова-даследчая работа па вывучэнні розных кірункаў народнай творчасці, вядзецца сістэматычная работа па апрацоўцы фондавых матэрыялаў, ствараюцца летапісы дзейнасці майстроў і аматарскіх аб'яднанняў. У аматарскіх аб'яднаннях, гуртках, майстэрнях удзельнікі атрымліваюць веды і навыкі па розных жанрах мастацтва: выяўленчым, дэкаратыўна-прыкладным, старадаўніх народных рамёствах (лозапляценне, саломапляценне, вышыўка, ткацтва, выцінанка, кераміка). Майстрамі вывучаюцца асаблівасці народнага касцюма Віцебшчыны з мэтай касцюміравання ўдзельнікаў калектываў мастацкай самадзейнасці, майстроў, рамеснікаў і інш.

Яшчэ адна немалаважная задача комплексу – прыцягненне да традыцыйнага мастацтва дзяцей і моладзі. Установа праводзіць шматлікія мерапрыемствы і конкурсы сярод моладзі: семінары, святы, тэатралізаваныя прадстаўленні, кірмашы і інш.

Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"» славіцца сваімі гурткамі па традыцыйных рамёствах, аматарскімі аб'яднаннямі і калектывамі мастацкай самадзейнасці. Тут працуюць 30 клубных фарміраванняў (у тым ліку для дзяцей). Сярод іх аматарскія аб'яднанні: аб'яднанне аматараў вышыўкі «Іголачка»; ансамбль гусляроў «Садко»; гарадскі клуб майстроў і народных мастацкіх рамёстваў; клуб аматараў падарожжаў «Дао»; клуб ваенна-гістарычнай рэканструкцыі і мадэлявання «Хальвіль» (рэканструкцыя і стварэнне побыту, рамёстваў, традыцый і ваеннага мастацтва Заходняй Еўропы позняга сярэдневякоўя – XIV–XV стст.); клуб гістарычнай рэканструкцыі і мадэлявання «Нагльфар» (узнаўленне матэрыяльнай культуры вікінгаў VIII−XI стст.); клуб культурна-гістарычнай рэканструкцыі «Паўночная вежа» (вывучэнне танцаў эпохі сярэдневякоўя, адраджэння, танцаў XIX ст., адаптацыя старажытнай танцавальнай культуры да сучасных традыцый, папулярызацыя культуры шляхты Беларусі эпохі сярэдневякоўя і XIX ст.); клуб пчаляроў «Залаты вулей»; клуб «Энергія творчасці»; народны літаратурны клуб «ЛітКафейнік». Працуюць студыі і гурткі па розных відах народных промыслаў: гурток па кераміцы, гурток па кераміцы «Гліняная цацка», гурток па саломапляценні, гурток па ткацтве і інш.

На базе комплексу дзейнічаюць творчыя калектывы:

– ансамбль народнай музыкі «Жалейка» (быў створаны ў 1995 годзе, а ў 1997 годзе атрымаў назву «Жалейка». Гэта калектыў этнічнага музычнага кірунку. У рэпертуар ансамбля ўваходзіць музыка народаў блізкага і далёкага замежжа, беларускі фальклор, класіка беларускай народнай інструментальнай музыкі, музыка сярэдневякоўя, духоўная, кельцкая музыка і інш.);

народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай песні «Сябрына»;

народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь клуб аматараў фларыстыкі «Анюта»;

– народны хор ветэранаў (быў створаны ў 2003 годзе пры Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» па ініцыятыве Аляксандра Дубко. Пры ім дзейнічае жаночая вакальная група і група салістаў. Творчае аблічча калектыву вызначае рэпертуар: беларускія, рускія, украінскія песні, ёсць і апрацоўкі розных аўтараў і інш.);

народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь клуб самадзейных мастакоў «Контур».

Творчыя калектывы прымаюць удзел у гарадскіх, абласных, рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах, фестывалях, канферэнцыях, праектах у галіне народнай творчасці. У рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» штогод праводзіцца выстава-продаж народных рамёстваў і мастацтваў «Задзвінскі кірмаш», пленэр па кераміцы «Изо-терра» і свята кавальскага майстэрства і г. д.

Кожны год культурнай установай праводзіцца звыш 450 мерапрыемстваў. Праходзяць выставы народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, разгортваюцца музейныя экспазіцыі побыту і мастацтва віцебскіх рамеснікаў, праводзяцца сямейныя абрады і святы па традыцыях побыту Віцебскага раёна, іншыя інтэрактыўныя праграмы, анімацыі. Сюды гараджане прыходзяць адзначаць «Віцебскія Каляды» і «Залатую Масленіцу», «Задзвінскае Купалле». Ладзяцца культурна-дасугавыя праграмы «У госці да майстроў», арганізуецца і праводзіцца вясельны абрад «Сватанне на Віцебшчыне» з удзелам народнага ансамбля народнай песні «Сябрына», грамадзянскі абрад «Яднанне маладых» і інш.

На базе майстэрняў праводзіцца праца па адраджэнні тэхналогіі віцебскай кафлі, традыцыі віцебскай маёлікі майстрам Людмілай Мікалаеўнай Кавальчук. Яна працуе ў галіне дэкаратыўнай і прамысловай керамікі, з фарфорам, маёлікай, шамотам, выкарыстоўвае роспіс па сырой эмалі, глазуры. Шэраг твораў выкананы ў суаўтарстве з яе мужам Валерыем Кавальчуком. З 1977 года яна з'яўляецца пастаянным удзельнікам выставак. Творы экспануюцца на абласных, рэспубліканскіх, міжнародных, замежных і персанальных выставах (у Прыбалтыцы, Балгарыі, Польшчы, Германіі). Узоры роспісу і формаў тыражуюцца на заводах Расіі і Беларусі.

З 2018 года ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"» супрацоўнічае з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П. М. Машэрава і ажыццяўляе сумесныя праекты ў галіне адукацыйнай, навуковай і культурнай дзейнасці. У сувязі з гэтым на базе комплексу і педагагічнага факультэта ВДУ створаны вучэбны навуковы вытворчы комплекс «Імкненне», які праводзіць сумесную работу па пошуку і падтрымцы таленавітай моладзі, па ажыццяўленні навуковых даследаванняў, прысвечаных вывучэнню і захаванню культурных традыцый рэгіёна. Дзейнасць комплексу «Імкненне» ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам кандыдата педагагічных навук Іаланты Васільеўны Дзянісавай.

Дырэктар – Чарных Алена Дзмітрыеўна.

Адрас: Віцебская вобласць, г. Віцебск, вуліца Чайкоўскага, 5.

 

ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”». Фота з сайта https://yandex.byДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”». Фота з сайта https://yandex.byДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”». Фота з сайта https://yandex.byДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”». Фота з сайта https://www.sb.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бабровіч, Н. А. «Дзвіна» / Н. А. Бабровіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – Т. 3 : Г–З. – С. 383.

2. Бобрович, Н. А. Витебский центр народных ремесел и искусств «Задвинье» / Н. А. Бобрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 243–244.

3. Бобрович, Н. А. Из опыта создания исторических и народно-этнографических костюмов Витебского региона / Н. А. Бобрович, А. А. Малиновская // Народны тэкстыль і адзенне Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, Лепель, снежань 2013 г. / [рэдкал.: Л. У. Вакар і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2014. – С. 65–72.

4. Волкова, Л. «Звенит во мне далекий город...» / Л. Волкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2003. – 11 февр. – С. 4.

5. Волкова, Л. «...Нам засталася спадчына» / Л. Волкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2010. – 20 марта. – С. 6.

6. Дроздова, Н. Пусть играет духовой оркестр! / Н. Дроздова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2012. – 19 апр. – С. V.

7. Кавальчук, Л. Рамяство ад Бога і зямлі / Л. Кавальчук ; гутарыў Я. Рагін // Культура. – 2017. – 2 снеж. – С. 12.

8. Крупица, Н. Волшебная «Иголочка» / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 4 февр. – С. 2.

9. Крупица, Н. Заиграли гусельки в «Золотом кольце...» / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2016. – 21 апр. – С. IV–V.

10. Крупица, Н. Коляда идет... / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 10 янв. – С. 1–2.

11. Крупица, Н. На острове народных традиций / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 21 нояб. – С. III.

12. Ларина, Л. [Центр ремесел] «Задвинье» открывает салон: по продаже работ витебских мастеров / Л. Ларина // Віцьбічы = Витьбичи. – 2003. – 11 февр. – С. 5.

13. Людмила и Валерий Ковальчук – керамисты Витебска [Изоматериал] : альбом / сост. Л. В. Вакар ; вступ. сл. Н. А. Гугнин. – Минск : Онорэ, 2014. – 120 с. – (Культурные проекты).

14. Лукьянова, Н. Здесь живут ремесла / Н. Лукьянова // Народнае слова. – 2012. – 30 чэрв. – С. 8.

15. Медведева, М. Бурлящая жизнь «Двины» / М. Медведева // Віцебскі рабочы. – 2010. – 24 июля. – С. 5.

16. Пастернак, Т. В «Соляных складах» опять новоселье / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2008. – 8 крас. – С. 4.

17. Пастернак, Т. День рождения «Задзвіння» / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2009. – 3 снеж. – С. 16.

18. Пастернак, Т. «Золотое кольцо Витебска» с бриллиантами талантов / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2012. – 1 лістап. – С. 9.

19. Пастернак, Т. Центр ремесел в Задвинье / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2004. – 14 кастр. – С. 4.

20. Соловьева, Т. Искусницы из «Иголочки» / Т. Соловьева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 29 авг. – С. 16.

21. Черных, Е. Елена Черных, директор культурно-исторического комплекса «Золотое кольцо города Витебска «Двина» / Е. Черных ; беседовала Е. Башун // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 17 авг. – С. III.

 

СПАСЫЛКІ

Афіцыйная старонка культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"» УКантакце

Плели пояса-обереги и рисовали натюрморты. Как отметили 25-летие комплекса «Золотое кольцо города Витебска "Двина"»

Культурно-историческому комплексу «Золотое кольцо города Витебска "Двина"» – 25+1

Клуб гістарычнай рэканструкцыі і мадэлявання «Нагльфар»: ад вытокаў да стварэння дракара

Реконструкторы из Витебска построили драккар и поплывут на нем в Полоцк

Играй, «Жалейка»!

Образцовый ансамбль народной музыки «Жалейка»

15 лет лепки и плеяда талантливых учеников. Как сложилась судьба витебского мастера-керамиста Жанны Комлевой?