Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Геалагічная будова, карысныя выкапні, рэльеф. Мёрскі раён

Мёрскі раён размешчаны на паўночным захадзе Беларусі. Полацкая нізіна  знаходзіцца на поўначы Беларусі, займае значную частку Віцебскай вобласці, заходзіць на тэрыторыю Літвы і Латвіі. Паўднёва-заходняя яе частка ўздоўж ракі Дзісна – Дзісенская нізіна. Значная частка Мёршчыны занята Дзісенскай нізінай – плоскаўвагнутай, прарэзанай далінамі рэк, прасторы паміж якімі аднастайныя і роўныя, з адноснымі вышынямі ў 3–5 м. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаглеяватыя, глеяватыя гліністыя і цяжкасугліністыя глебы.

На паўночным захадзе на тэрыторыі раёна знаходзяцца ўзвышшы Браслаўскай грады. Асноўны тып рэльефу – узгорыста-марэнны азёрны, значна расчлянёны, спалучае падоўжаныя ўзгоркі і невялікія грады з западзінамі. Найвышэйшы пункт – Воўчая Гара – 211 м, размешчана каля в. Пераброддзе.

Глебы дзярнова-падзолістыя на марэнных суглінках, у паніжэннях – тарфяна-балотныя. Пад лесам і хмызнякамі 20 % тэрыторыі, пад ворнымі глебамі – да 60 %.

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Прыбалтыйскай монакліналі – схілу Беларускай антэклізы. Сучасная паверхня складзена з алювіяльных адкладаў поймы і надпоймавых тэрас Заходняй Дзвіны, азёрна-алювіяльных, марэнных і флювіягляцыяльных адкладаў паазёрскага ледавіка. Ніжэй залягаюць утварэнні сожскага і дняпроўскага ледавікоў. Агульная магутнасць тоўшчы антрапагенавых адкладаў ад 40–50 да 60–90 м.

Мёршчына ўваходзіць у Браслаўска-Мёрскі аграглебавы падраён і Шаркаўшчынска-Верхнядзвінскі аграглебавы раён. У сельгасугоддзях дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы займаюць 49,9 %, дзярнова-падзолістыя – 34 %, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя – 9,2 %, тарфяна-балотныя – 5,3 %, поймавыя – 1,5 %.

Па механічным складзе сугліністыя глебы займаюць 75,3 %, супясчаныя – 17,5 %, тарфяныя – 5,3%, пясчаныя – 1,9 %.

11,8 % ворных зямель завалунена.

Сярод карысных выкапняў – торф, сапрапель, гліна, суглінак, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял.

Асноўнае выкапнёвае багацце Мёршчыны – торф. Вядома 22 радовішчы торфу з агульнымі запасамі 148,4 млн. т. Найбольшыя – Ельня, Мох, Стрэчна, Буянава, Кіслоўскае 2-е. Актыўнае ўжыванне торфу на ўгнаенні ў апошнія гады прыпынілася.

Чатыры радовішчы глін і суглінкаў – Карашкевічы, Малаглінаўскае, Галомысленскае, Баграмянаўскае – маюць запасы 1,7 тыс. м³. Толькі два апошнія ў эксплуатацыі. Баграмянаўскае ўтрымлівае 207 тыс. м³ стужкавых цёмна-чырвоных, бурых, слабапластычных глін магутнасцю 4,7 м, цёмна-рыжыя суглінкі магутнасцю 1,5 м. Выкарыстоўваюцца для вырабу цэглы.

Каля в. Малая Глінаўка разведаны 510 тыс. м³ чырвона-бурых, карычневых, пластычных і высокапластычных глін таўшчынёй да 3 м, якія прыдатны для вырабу цэглы.

Былі знойдзены 4 радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу з запасамі 1,7 тыс. м³. Падгайскае выпрацавана поўнасцю, Гір'яцкае – у значнай ступені. Эксплуатуюцца драбнейшыя, вядзецца пошук новых.

Падзвінскае радовішча пяскоў 15 млн. м³ прыдатнае для будаўнічых работ, магутнасцю да 6,4 м. Пяскі светла-шэрыя, шэравата-жоўтыя, розназярністыя, палевашпатава-кварцавыя, месцамі жвірыстыя.

Азёры ўтрымліваюць значныя запасы сапрапелю. Толькі ў Красноўскім возеры іх 3,5 млн. м³. Таўшчыня адкладаў да 8,5 м. Змяшчаюць 3,6 % азоту, 2,1 % вокіслаў кальцыю, 0,6 % калію і 0,2 % фосфару. Карысныя выкапні прыдатныя для ўгнаенняў, буравых работ і вытворчасці будаўнічых матэрыялаў.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Браслаўска-Міёрскі аграглебавы падраён // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1983. – Т. 1 : Ааліты–Гасцінец. – С. 324.

2. География // Миорщина: мгновения прошлого и настоящего / текст Л. А. Мателенок ; фото О. В. Молодечкин, Л. А. Мателенок. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2006. – С. 6.

3. Географическое положение // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region: the nature, tourism, sport, rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский Центр маркетинга, 2005. – С. 50.

4. Глеба // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.]. ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуска навука, 1998. – С. 24.

5. Дзяменцьеў, В. А. Прырода Беларусі : (фізіка-геаграфічны агляд) / В. А. Дзяменцьеў, А. Х. Шкляр, О. Ф. Якушка. – Мінск : Дзяржаўнае вучэбна-педагагічнае выдавецтва Міністэрства асветы БССР, 1959. – 315 с.

6. Карысныя выкапні // Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Л. В. Казлоўская [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1992. – С. 21–41.

7. Карысныя выкапні // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.]. ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуска навука, 1998. – С. 23–24.

8. Качкоў, Ю. П. Шаркоўшчынска-Верхнядзвінскі аграглебавы раён / Ю. П. Качкоў // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1986. – Т. 5 : Стаўраструм–Яшчур. – С. 369.

9. Міёрскі раён / Ф. Ф. Бурак [і інш.] // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1984. – Т. 3 : Катэнарыя–Недайка. – С. 353–354.

10. Міёрскі раён // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 140–142.

11. Миорский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 129–133.

12. Паплаўскі, І. У. Прырода – другая культура / І. У. Паплаўскі // Міёрскія навіны. – 2004. – 16 сак. – С. 3.

13. Полезные ископаемые // Витебская область : природные ресурсы и охрана окружающей среды (2011–2015 гг.) / сост.: И. А. Масленицына, С. А. Бойков ; фото: Г. Х. Горланов [и др.]. – Минск : Белстан, 2016. – С. 57–71.

14. Рэльеф і прыродныя раёны // Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Л. В. Казлоўская [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1992. – С. 42–78.