Азёры. Пастаўскі раён
- Подробности
- Створана 08.11.2018 09:10
- Адноўлена 02.09.2020 08:56
Утварэнне большасці азёр звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых вод. Іх сучасныя катлавіны канчаткова сфарміраваліся прыкладна 9–10 тыс. год таму.
У ваколіцах Паставаў налічваецца каля трыццаці азёр. Вядома, многія з іх вельмі маленькія, з невялікай глыбінёй, раскіданыя і схаваныя сярод балот і лясоў. Дакладную іх колькасць вызначыць даволі складана, бо некаторыя азёры ўжо амаль што ператварыліся ў балоты, некаторыя былі спушчаны, некаторыя ўтварыліся нанова на поймах рэк.
Самым вялікім возерам у ваколіцах Паставаў па плошчы паверхні з'яўляецца Доўжа, крыху меншыя – Задзеўскае і Світа.
Калі параўнаць глыбіні азёр, то бачна, што вялікія па плошчы азёры маюць і вялікія паказчыкі па глыбіні. Найбольшую глыбіню мае возера Світа – 31 м. Больш дзесяці метраў углыб намерана ў Задзеўскім – 21,8 м, Спорах – 20,8 м, Доўжы – 13,7 м.
Разам з тым, у мясцовасці шмат азёр, у якіх максімальная глыбіня не перавышае 5 м. Сюды можна аднесці Ольсю (2,5 м), Мажэйкі (3,9 м), Кавалькі (4,5 м), Ксяндзы (4,5 м).
З-за таго, што ледавік у свой час утварыў шмат выцягнутых лажбін, на Пастаўшчыне шмат доўгіх і вузкіх азёр. Чэмпіёнам па гэтым паказчыку з'яўляецца возера Доўжа, якое пры максімальнай шырыні 420 м мае даўжыню 4,89 км.
Па празрыстасці вады азёры розняцца таксама вельмі значна.
Асаблівую прыгажосць азёрам надаюць астравы. Тры востравы знаходзяцца на возеры Світа, па адным – на Задзеўскім і Спорах.
Найбольшымі азёрамі Пастаўскага раёна з'яўляюцца: Вялікія Швакшты, Малыя Швакшты, Вялікія Сурвілішкі, Доўжа, Задзеўскае, Лісіцкае, Лодасі, Лучай, Свідна, Світа.
Баравое – у басейне Галбіцы, за 2 км на паўднёвы ўсход ад в. Дунілавічы. Плошча 0,49 км2. Даўжыня 1 км, максімальная шырыня 0,54 км, максімальная глыбіня 16 м. Вадазбор 3 км2. Авальная катлавіна размешчана сярод лесу. Схілы вышынёй да 12 м. Усходні бераг пясчаны, заходні забалочаны.
Баравое – у басейне Ласіцы, за 0,7 км на паўднёвы захад ад в. Лашукі. Плошча 0,24 км2. Даўжыня 0,82 км, максімальная шырыня 0,43 км, максімальная глыбіня 15 м. Вадазбор 6,25 км2. Схілы вышынёй да 5–10 м, пакрытыя лесам і хмызняком. Берагі высокія, пясчаныя. Злучана ручаём з возерам Крывое, выцякае ручай у Ласіцу.
Белае – у басейне Лучайкі каля в. Сівіцы. Плошча 0,31 км2, даўжыня 1,02 км, максімальная шырыня 0,93 км, максімальная глыбіня 5 м. Вадазбор 1,2 км2. Катлавіна акруглая. Схілы вышынёй да 5 м, пакрытыя лесам.
Белае – у басейне Галбіцы, каля в. Белае. Плошча 0,22 км2. Даўжыня 0,9 км, максімальная шырыня 0,38 км, максімальная глыбіня 6 м. Вадазбор 1,5 км2. Катлавіна складаецца з 3 плёсаў. Схілы вышынёй да 5 м, у большасці разараны. Берагі забалочаныя. Злучана пратокай з возерам Азерцы.
Белькі – у басейне Паловіцы, каля в. Белькі. Плошча 0,26 км2. Даўжыня 0,94 км, максімальная шырыня 0,37 км, максімальная глыбіня 4,2 м, сярэдняя – 2 м. Вадазбор 2,2 км2. Схілы катлавіны вышынёй да 5–8 м, разараны. Сток у раку Паловіца.
Бледнае – у басейне Галбіцы, каля в. Дунілавічы. Плошча 0,22 км2. Даўжыня 0,56 км, максімальная шырыня 0,5 км, максімальная глыбіня 11 м. Вадазбор 36,6 км2. Катлавіна акруглая. Берагі забалочаныя. Плошча 0,36 км2. Даўжыня 0,95 км, максімальная шырыня 0,52 км. Катлавіна абкружана забалочанай поймай.
Варанец – у басейне Мядзелкі, каля в. Пятроўшчына. Плошча 0,11 км2 Даўжыня 0,48 км, максімальная шырыня 0,29 км, максімальная глыбіня 30 м. Схілы вышынёй да 10–18 м, пакрыты лесам. Працякае ручай, які ўпадае ў раку Мядзелка.
Волься – у басейне Мядзелкі, каля в. Вялікая Волься. Плошча 0,25 км2. Даўжыня 0,84 км, максімальная шырыня 0,39 км, максімальная глыбіня 2,5 м, сярэдняя 1,4 м. Вадазбор 43,2 км2. Схілы вышынёй 3–7 м. Упадае ручай Вінгра, выцякае ў раку Мядзелка.
Вялікае Камайскае – у басейне Камайкі (выцякае з возера). На захад ад в. Камаі. Плошча 0,25 км2. Даўжыня 1,05 км, максімальная шырыня 0,36 км, максімальная глыбіня 22 м, сярэдняя 6, 7 м. Вадазбор 9,8 км2. Злучана пратокай з возерам Малое Камайскае.
Вялікія Сурвілішкі (Сурвілішкаўскае, Мягунскае) – у басейне Камайкі, каля в. Мягуны. Плошча 1,03 км2. Даўжыня 2,36 км, максімальная шырыня 0,53 км, максімальная глыбіня 9,1 м, сярэдняя 3,1 м. Вадазбор 132 км2. Злучана Камайкай з возерам Малыя Сурвілішкі.
Галбея Паўднёвая (Задняе возера) – у басейне Галбіцы (працякае праз возера), каля в. Гута. Плошча 0,36км2. Даўжыня 1,65 км, максімальная шырыня 0,42 км, максімальная глыбіня 15 м. Вадазбор 6,25 км2. Схілы вышынёй да 6 м, часткова разараны.
Глодава – у басейне Мядзелкі, за 3,5 км на паўднёвы ўсход ад в. Дварчаны. Плошча 0,35 км2. Даўжыня 1,6 км, максімальная шырыня 0,45 км, максімальная глыбіня 6 м, сярэдняя 3,4 м. Вадазбор 13,3 км2. Упадае ручай з возера Доўжа.
Доўжа – у басейне Мядзелкі, каля в. Доўжа (Шыркаўскі сельсавет). Плошча 1,04 км2. Даўжыня 4,89 км, максімальная шырыня 0,42 км, максімальная глыбіня 13,7 м, сярэдняя 5,2 м. Вадазбор 10,3 км2. На паўночным захадзе злучана ручаём з возерам Глодава.
Думбля – у басейне Мядзелкі, за 0,5 км ад г. Паставы. Плошча 0,11 км2. Даўжыня 0,6 км, максімальная шырыня 0,2 км. Вадазбор 9,9 км2. Злучана з Задзеўскім возерам і ракой Мядзелка.
Загацце (Загач) – у басейне Мядзелкі, за 3,5 км на паўднёвы захад ад г. Паставы. Плошча 0,3 км2. Даўжыня 1,29 км, максімальная шырыня 0,33 км, максімальная глыбіня 7,8 м, сярэдняя 3,9 м. Вадазбор 9,8 км2. Схілы вышынёй да 12–15 м. Упадаюць 6 ручаёў, злучана з Задзеўскім возерам.
Задзеўскае – у басейне Мядзелкі, каля в. Задзеўе (Ярэўскі сельсавет). Плошча 0,92 км2. Даўжыня 2,46 км, максімальная шырыня 0,63 км, максімальная глыбіня 21,8 м, сярэдняя 5,5 м. Вадазбор 68,8 км2. Схілы вышынёй да 5–12 м, разараны. Працякае ручай Спорыца, злучана з возерам Загацце. На паўночным беразе археалагічны помнік – селішча канца III – пачатку II тыс. да н.э.
Кавалькі – у басейне Мядзелкі, за 3,5 км на паўднёвы захад ад г. Паставы. Плошча 0,23 км2. Даўжыня 0,74 км, максімальная шырыня 0,48 км, максімальная глыбіня 4,6 м.
Крывое – у басейне Ласіцы, за 3 км ад в. Крывое. Плошча 0,26 км2. Даўжыня 1,25 км, максімальная шырыня 0,3 км. Вадазбор 31,5 км2. Схілы вышынёй да 10–15 м. Праз возера цячэ рака Ласіца.
Крывое – у басейне Ласіцы, за 2 км на паўночны захад ад в. Ласіца. Плошча 0,19 км2. Даўжыня 0,75 км. максімальная шырыня 0,22 км. Вадазбор 5,25 км2. Схілы вышынёй 6–9 м. Злучана ручаём з азёрамі Новікі і Баравое.
Ксяндзоўскае – у басейне Мядзелкі, за 1 км на паўднёвы захад ад в. Хацілы. Плошча 0,18 км2. Даўжыня 0,8 км, максімальная шырыня 0,29 км, максімальная глыбіня 4,6 м, сярэдняя 2,7 м. Вадазбор 3,8 км2. Схілы вышынёй да 2–4 м, разараны.
Ласіца – у басейне Ласіцы, каля в. Казлоўшчына. Плошча 0,46 км2. Даўжыня 1,44 км, максімальная шырыня 0,51 км, максімальная глыбіня 3,8 м, сярэдняя 2,4 м. Вадазбор 108 км2. Схілы вышынёй да 11–15 м. Праз возера цячэ рака Ласіца.
Лодасі (Лодаскае) – у басейне Страчы, каля в. Лодасі. Плошча 1,03 км2. Даўжыня 1,83 км, максімальная шырыня 0,94 км, максімальная глыбіня 9,5 м, сярэдняя 4 м. Вадазбор 17,6 км2. Схілы вышынёй да 2–4 м. Маецца востраў. Звязана ручаём з возерам Саранчаны.
Малое Камайскае – у басейне Камайкі, каля в. Камаі. Плошча 0,05 км2. Даўжыня 0,32 км, максімальная шырыня 0,22 км, найбольшая глыбіня 12,2 м. Упадаюць 2 ручаі, злучана пратокай з возерам Вялікае Камайскае.
Малыя Сурвілішкі – у басейне Камайкі, каля в. Сурвілішкі. Плошча 0,29 км2. Даўжыня 1,02 км, максімальная шырыня 0,46 км, максімальная глыбіня 2,6 м, сярэдняя 1,2 м. Вадазбор 135 км2. Схілы вышынёй да 10–20 м. Праз возера працякае р. Камайка.
Малыя Швакшты (Малая Швакшта) – у басейне Страчы, каля в. Папоўцы. Плошча 1,91км2. Даўжыня 2,3 км, максімальная шырыня 1,3 км, максімальная глыбіня 3,2 м. Вадазбор 105 км2. Схілы вышынёй да 3–4 м. Злучана з возерам Вялікія Швакшты.
Маскалёва – у басейне Галбіцы, каля в. Харкі. Плошча 0,1 км2. Даўжыня 0,58 км, максімальная шырыня 0,28 км, максімальная глыбіня 2,25 м, сярэдняя 1,8 м. Вадазбор 2,25 км2. Схілы вышынёй да 2 м. Выцякае ручай у раку Заражанка.
Надазерскае – у басейне Ласіцы, каля в. Колаўцы (Ваўкоўскі сельсавет). Плошча 0,23 км2. Даўжыня 0,95 км, максімальная шырыня 0,3 км. Вадазбор 3,25 км2. Схілы вышынёй да 7–12 м.
Паскрынне – у басейне Галбіцы, каля в. Жуперкі. Плошча 0,1 км2. Даўжыня 0,51 км, максімальная шырыня 0,26 км, максімальная глыбіня 3,2 м, сярэдняя 1,8 м. Вадазбор 2 км2. Схілы вышынёй да 6 м. Злучана з возерам Рудзіца.
Рудзіца – у басейне Галбіцы, каля в. Рэдзькаўшчына. Плошча 0,22 км2. Даўжыня 0,77 км, максімальная шырыня 0,38 км. Вадазбор 3,75 км2. Схілы вышынёй да 8 м. Злучана ручаём з возерам Паскрынне. Выцякае рака Чэртка.
Саранчаны (Серанчаны) – у басейне Страчы, каля в. Саранчаны. Плошча 0,68 км2. Даўжыня 5,6 км, максімальная шырыня 0,6 км, максімальная глыбіня 3,5 м, сярэдняя 1,4 м. Вадазбор 45,6 км2. Схілы вышынёй да 8 м. Маецца востраў плошчай 0,4 га. Злучана пратокай з возерам Лодасі, выцякае ручай у Страчу.
Сарокі – у басейне Ласіцы, каля в. Сарокі. Плошча 0,1 км2. Даўжыня 0,51 км, максімальная шырыня 0,24 км. Вадазбор 2,5 км2. Схілы вышынёй да 6 м.
Свідна – у басейне Галбіцы, каля в. Дунілавічы. Плошча 0,97 км2. Даўжыня 1,45 км, максімальная шырыня 0,98 км, максімальная глыбіня 11,6 м, сярэдняя 6 м. Вадазбор 8,43 км2. Схілы вышынёй да 4–6 м. Выцякае ручай у Заражанку.
Світка – у басейне Мядзелкі, каля в. Сіманькі. Плошча 0,23 км2 Даўжыня 0,87 км, максімальная шырыня 0,5 км. Вадазбор 23,5 км2. Схілы вышынёй да 8–13 м. Злучана ручаём з возерам Світа, выцякае рака Спорыца.
Споркі – у басейне Мядзелкі, каля в. Шыркі. Плошча 0,15 км2. Даўжыня 0,6 км, максімальная шырыня 0,3 км, максімальная глыбіня 8,1 м, сярэдняя 1,7 м. Вадазбор 2,6км2. Схілы вышынёй да 12–15 м. Выцякае ручай у возера Споры.
Споры – у басейне Мядзелкі, каля в. Шыркі. Плошча 0,7 км2. Даўжыня 1,45 км, максімальная шырыня 0,84 км, максімальная глыбіня 20,8 м, сярэдняя 4,8 м. Вадазбор 48 км2. Схілы вышынёй да 10–20 м. Маецца востраў плошчай 1,5 га. Праз возера цячэ рака Спорыца і злучае з азёрамі Світка, Задзеўскае. Упадае ручай з возера Споркі.
Старадворскае – у басейне Галбіцы, каля в. Стары Двор. Плошча 0,16 км2. Даўжыня 0,73 км, максімальная шырыня 0,45 км. Схілы вышынёй да 10–15 м. Праз возера працякае рака Шурыца.
Трумпіцкае – у басейне Галбіцы, каля в. Вайцяхі. Плошча 0,44 км2. Даўжыня 1,37 км, максімальная шырыня 0,57 км, максімальная глыбіня 4 м, сярэдняя 2,6 м. Вадазбор 8,6 км2. Схілы вышынёй 6–8 м.
Тусьба – у басейне Паловіцы, каля в. Чарты. Плошча 0,11 км2. Даўжыня 0,6 км, максімальная шырыня 0,25 км. Вадазбор 8 км2. Выцякае ручай у раку Паловіца.
Халасенскае (Халасцінскае) – у басейне Галбіцы, каля в. Сяргеевічы. Плошча 0,26 км2. Даўжыня 0,8 км, максімальная шырыня 0,4 км. Вадазбор 13,5 км2. Схілы амаль не вызначаны. Маецца востраў плошчай 0,3 га. Выцякае ручай у Галбіцу.
Ціменец – у басейне Галбіцы, каля в. Ольшнева. Плошча 0,1 км2. Даўжыня 0,43 км, максімальная шырыня 0,27 км. Схілы вышынёй да 2–6 м. Злучана ручаём з Галбіцай.
Чарты – у басейне Паловіцы, каля в. Чарты. Плошча 0,29км2. Даўжыня 1,18 км, максімальная шырыня 0,38 км. Вадазбор 4,75 км2. Схілы вышынёй да 3 м. Маецца востраў плошчай 0,5 га. Выцякае ручай у возера Тусьба.
Чорнае – у басейне Галбіцы, каля в. Чорнае. Плошча 0,36 км2. Даўжыня 1,5 км, максімальная шырыня 0,5 км, максімальная глыбіня 31,5 м, сярэдняя 8,2 м. Вадазбор 9,39 км2. Схілы вышынёй да 6 м. Выцякае ручай у раку Чэртка.
Чэцверць – у басейне Мядзелкі, каля в. Падаляны. Плошча 0,46 км2. Даўжыня 0,95 км, максімальная шырыня 0,8 км, максімальная глыбіня 7,7 м, сярэдняя 2,6 м. Вадазбор 8,24 км2. Схілы вышынёй 10–16 м. Злучана з возерам Світа.
Янкішкі – у басейне Камайкі, каля в. Гродзі. Плошча 0,18 км2, максімальная глыбіня 2,5 м, сярэдняя 1,2 м. Вадазбор 15,6 км2. Схілы вышынёй да 6–10 м. Выцякае ручай у раку Камайка.
ЛІТАРАТУРА
1. Азёры // Ваколіцы Паставаў: помнікі прыроды, гісторыі і культуры з маршрутамі краязнаўчых вандровак / І. М. Пракаповіч. – Паставы : Сумежжа, 2004. – С. 13–16.
2. Азёры // Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна : геаграфічнае даследаванне / І. Пракаповіч. – Мінск : Кнігазбор, 2007. – С. 61–69.
3. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. : Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 477 с. : іл.
4. Дадатак 2. Буйнейшыя азёры Пастаўскага раёна // Чароўны край – Пастаўшчына : вучэбны дапаможнік па курсе «Паставызнаўства» / І. М. Пракаповіч. – 2–е выд., дапрац. і дап. – Мінск : Ковчег, 2014. – С. 312–313.
5. Могильницкий, В. Я. Природа Поставского края / В. Я. Могильницкий. – Молодечно : Победа, 2000. – С. 9–27.
6. Пракаповіч, І. М. Адкуль паходзяць назвы: назвы рэк і азер Пастаўскага раёна / І. М. Пракаповіч. – Наваполацк, 2000. – 43 с.
7. Рэкі, азёры, вадасховішчы // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 23–27.
8. Рэкі, азёры, вадасховішчы, балоты, крыніцы // Чароўны край – Пастаўшчына : вучэбны дапаможнік па курсе «Паставызнаўства» / І. М. Пракаповіч. – 2–е выд., дапрац. і дап. – Мінск : Ковчег, 2014. – С. 23–25.
9. Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – 648 с. : ил.