Помнікі прыроды. Пастаўскі раён
- Подробности
- Створана 08.11.2018 09:34
- Адноўлена 05.03.2019 11:04
Беларусь – краіна блакітных азёр. Але яна яшчэ і краіна валуноў. Каменныя камлыгі розных памераў і форм, групамі і паасобку раскіданы па ўзгорках і далінах нашых маляўнічых краявідаў. Беларусу, асабліва жыхару Паазер'я, пейзаж без валуноў выдаецца сумным і ненатуральным, нават безабаронным, бо вялікія камяні – гэта не толькі частка ландшафтаў, але і сімвал трываласці і моцы.
Рэдкія і каштоўныя па складзе альбо значныя па памерах ледавіковыя валуны абвяшчаюцца помнікамі прыроды і тым самым захоўваюцца для навукі, нашых нашчадкаў і як неад'емная частка беларускага краявіду.
Самы вядомы і самы адметны камень-крыж знаходзіцца ў вёсцы Камаі. Ён высечаны з мясцовых ледавіковых валуноў. Месціцца ў самым цэнтры паселішча ў 30 метрах на захад ад касцёла Іаана Хрысціцеля ля былой местачковай плошчы. Крыж мае ўнушальныя памеры: вышыня – 2,5 м, шырыня ўнізе – 0,7 м, таўшчыня – 0,6 м, шырыня па гарызантальнай папярочыне – 1,88 м. Вертыкальная частка крыжа мае чатырохгранную форму. У сяродкрыжжы – трохкутная ніша для распяцця памерамі 36–56–10 см. Пад ёй знаходзяцца чатыры рады ледзь прыкметных знакаў. Ніжэй іх высечана кола дыяметрам каля 9 см, пад якім маецца знак у выглядзе парасона. Над нішай захаваліся літары і лічбы «R. 1803». На паўночным баку крыжа ніжэй папярочыны захавалася літара «В».
Высечаны крыж з вялікага валуна ружовага граніту рапаківі, які, верагодна, быў прынесены сюды ў час апошняга зледзянення (20–17 тысяч гадоў таму) са Скандынавіі.
Наконт даты ўзвядзення крыжа ёсць некалькі версій. У кнізе «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць» (1985, с. 324) сцвярджаецца, што высечаны ён у XV–XVI стагоддзях. Аўтары артыкула «Гэтыя дзіўныя камяні Пастаўшчыны» ў кнізе «Памяць. Пастаўскі раён» (2001, с. 39) схіляюцца да версіі, што крыж быў усталяваны ў час будаўніцтва храма ў 1603–1606 гг. Мясцовыя краязнаўцы I. Зямчонак і Я. Драўніцкі прымяркоўваюць узвядзенне крыжа да 200-годдзя будаўніцтва касцёла (1803).
Зафіксавана на Пастаўшчыне і некалькі валуноў з выбітымі на іх выявамі крыжоў. Вельмі цікавымі падаюцца звесткі Л. Д. Побаля, паводле якіх у лесе каля маёнтка Ізмайлаў Груздаўскай гміны знаходзіліся грунтовыя пахаванні, якія абкладзены камянямі ў выглядзе кола. У яго цэнтры ляжыць вялікі валун, на якім выбіты крыж з загнутымі канцамі. Парослыя імхом камяні амаль не выяўляліся на паверхні. На сённяшні дзень пра гэты камень нічога не вядома.
Ля аднаго з адметнейшых культавых валуноў Пастаўшчыны «Дзіравага», або «Святога» каменя, паводле сведчання краязнаўцаў, было раскідана шмат вялікіх камлыг, на адной з якіх быў выбіты крыж.
Знойдзены два камяні з крыжамі непадалёк ад возера Саранчаны, дзе яны стаялі на ўзгорку паблізу ад каменя-следавіка. На сённяшні дзень ацалеў толькі адзін з іх, на якім побач з крыжам выбіты надпіс «1840».
А. П. Сапуноў у сваіх «Материалах по истории и географии...» (Віцебск, 1886) згадвае пра вялікі камень з высечаным крыжам каля в. Луцк-Казлоўскі.
На жаль, не ўсе крыжы-камяні дайшлі да нас, не ўсе з іх выяўлены даследчыкамі, і таму трэба спадзявацца, што наперадзе вучоных і краязнаўцаў чакаюць новыя нечаканыя адкрыцці.
Прырода надзяліла Пастаўшчыну багаццем лясоў, азёр і рэк, многія тэрыторыі ўзяты пад ахову дзяржавы і мясцовых органаў улады.
Да помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння адносяцца: холм «Гара Маяк», холм «Гара Баяраўшчына», холм «Гара Лысая», валуны: «Вялікі камень Заўлечанскі», «Чортаў камень Саболкаўскі», «Вялікі камень Лодаскі», «Вялікі камень Мягунскі», «Дзіравы камень Каптарунскі».
На тэрыторыі раёна 13 помнікаў прыроды мясцовага значэння. Гэта: «Гара Вялікая», «Гара Гараватка», «Жуперская града», «Саранчанскія грады», «Карагач», «Барадзінскі пагорак», «Чарнецкі пагорак», «Вялікі камень Трапшавіцкі», «Вялікі камень Зыбалішкінскі», «Вялікі камень Чашкоўшчынскі», «Вялікі камень Камайскі», валун «Казнадзеюшскі», «Шчэрбішскія крыніцы».
Таксама раён багаты крыніцамі: крыніца «Грамякі», крыніца ў ваколіцах в. Олься, крыніца каля в. Ерукі, крыніца ў ваколіцах в. Споры.
ЛІТАРАТУРА
1. Вінакураў, В. Гэтыя дзіўныя камяні Пастаўшчыны / В. Вінакураў, А. Гарбуль, Л. Дучыц // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. –. С. 36–39.
2. Заказнікі і помнікі прыроды // Пастаўскі край. – 2007. – 28 снеж. – С. 4.
3. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 317–331.
4. Магiльнiцкi, У. Чортаў (Здань) камень Саболкаўскi / У. Магільніцкі // Пастаўскі край. – 2000. – 27 верас. – С. 3.
5. Найвышэйшы пункт раёна // Пастаўскі край. – 2000. – 19 лiп. – С. 3.
6. Пракаповіч, І. Каменная спадчына / І. Пракаповіч // Літаратура і мастацтва. – 2010. – 22 студз. – С. 13.
7. Пракаповіч, І. Камень-крыж каля Парыжа / І. Пракаповіч // Культура. – 2009. – 3–9 кастр. – С. 14.
8. Пракаповіч, І. М. Ваколіцы Паставаў: помнікі прыроды, гісторыі і культуры з маршрутамі краязнаўчых вандровак / І. М. Пракаповіч. – Паставы : Сумежжа, 2004. – 60 с. : іл.
9. Пракаповіч, І. М. Крыжы і камяні : нарысы па гісторыі Пастаўскага краю / І. Пракаповіч. – Маладзечна : Перамога, 2003. – С. 18–21.