Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Ушачы, г. п., Ушацкі раён

 

Назва Ушачы
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка  гарадскі пасёлак 
Вобласць Віцебская 
Раён Ушацкі
Сельскі савет Ушацкі
Тапанімічнае паходжанне назвы вытворнае ад геаграфічных назваў Усць-Шать і Усць-Шача

 

Гарадскі пасёлак Ушачы стаіць на рацэ Ушача, за 150 км на захад ад Віцебска і 36 км ад чыгуначнай станцыі Лепель. Тут вузел аўтамабільных дарог на Мінск, Віцебск, Полацк, Лепель, Глыбокае, Докшыцы. На 1 студзеня 2017 г. насельніцтва Ушач складала 5948 чалавек.

Ушачы вядомы з XVI ст. як сяло, якое ўваходзіла ў Полацкае ваяводства ВКЛ. У гэты час імі валодаў А. Сялява, потым яго сыны. У 1594 г. сяло стала цэнтрам воласці. 3 1624 г. яно ва ўладанні полацкага стольніка Ю. Кляноўскага. У 1667 г. – маёнтак, у які ўваходзілі трывёскі. Тут была прыстань, стаяла царква, дзейнічаў манастыр. Штогод праводзіліся два кірмашы. 3 1672 г. Ушачы перайшлі ў маёмасць Д. Радзімінскага-Францкевіча. Пры ім быў заснаваны манастыр базыльян. У XVII–XVIII ст. Ушачы належалі Шчытам, Жабам, Плятэрам. У 1716 г. полацкі падваявода У. Жаба заснаваў тут дамініканскі кляштар з касцёлам. Пры кляштары былі школа, шпіталь. У 1758 г. Ушачам дадзена гарадское самакіраванне паводле магдэбургскага права, а таксама герб – выява святога Лаўрэна ў белым полі каля залатой ракі.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Ушачы сталі цэнтрам той часткі Полацкага ваяводства, што засталася ў Рэчы Паспалітай.

У 1758 г. горад атрымаў права на самакіраванне, а 23 чэрвеня Ушачы атрымлі свой герб. Зараз вядома геральдычная рэч – выява святога Лаўрэна ў белым полі каля залатой ракі. Адметнай рысай герба з’яўляецца спалучэнне золата (рака) і серабра (фон поля). Пяро ў правай руцэ Лаўрэна – сімвал адукаванасці і культуры людзей гэтага краю, а бёрда ў левай – сімвал працавітасці і заможнасці людзей. Німб на галаве – сімвал шанавання Бога і святасці людзей. Цікава ведаць, чаму ж воблік святога Лаўрэна назаўсёды зліўся з гербам гарадскога пасёлка?

Гісторыя не захавала дакладных звестак аб жыццядзейнасці святога Лаўрэна. Вядома, што ён выхадзец Іспаніі, належаў да рымскага духавенства і быў павераным Папы Сікста ІІ. Святы Лаўрэн валодаў усімі скарбамі, якія мела Рымская царква. Папа прадказаў святому Лаўрэну вялікі боль і велізарную славу.

Святы Лаўрэн выкарыстоўваў дні свайго жыцця, каб раздаць царкоўны скарб бедным і ўбогім. Таму ён быў схоплены рымскімі катамі, якія імкнуліся дабіцца ў яго прызнання, дзе знаходзяцца царкоўныя скарбы. Святы Лаўрэн сабраў бедных людзей і, паказаўшы на іх, сказаў: “Вось яны і ёсць скарбонка царквы”. Разгневаны суддзя загадаў палажыць цела змучанага святога на краты і марудна пячы яго агнём. Лаўрэн жудасна пакутаваў, але знайшоў у сабе мужнасць сказаць сваім катам: «Цела маё дастаткова падпалена з аднаго боку, павярніце яго на другі». Мацнейшы агонь ад Хрыста ў гэтым святым пагасіў жар натуральнага агню.

Імя святога Лаўрэна ўключана ў канон святой імшы. Воблік святога Лаўрэна назаўсёды зліўся з гербам пасёлка.

Сёння ён з’яўляецца апекуном убогіх і бедных, а таксама пекараў, павароў і бібліятэкараў. Да яго звяртаюцца з дапамогай у час пажараў і хворыя рэўматызмам. Святы Лаўрэн апякае пчаляроў і ў дзень яго ўспамінаў асвячаюць мёд і дзеляцца з іншымі, прыгаворваючы: «Праз Лаўрэна-пакутніка, беражы Божа пчол ад шкоднікаў». Пра святога Лаўрэна ходзяць легенды. Адна з іх сведчыць аб тым, што Бог дазволіў яму спускацца ў пекла, і кожны раз забіраць з сабой па адным грэшніку.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Ушачы як заштатны горад, мястэчка, цэнтр Лепельскага павета, увайшлі ў склад Расійскай імперыі.

3 1805 г. яны – цэнтр воласці ў Віцебскай губерні. У 1846 г. у мястэчку 95 жыхароў, 22 двары. Тут быў вадзяны млын, стаялі 2 карчмы. У 1880 г. дзейнічалі вінакурны завод, млын, былі 2 царквы, касцёл, 18 крам, 3 яўрэйскія малітоўныя школы, з 1890 г. працавала царкоўнапрыходская школа. Паводле перапісу 1897 г., у мястэчку 1268 жыхароў, 170 двароў, былі гарбарны і паташны заводы, млын, лячэбніца, аптэка, 16 крам, 8 шынкоў, заезныя дамы.

У 1919 г. Ушачы знаходзіліся ў складзе РСФСР, у 1924 г. увайшлі ў БССР і сталі цэнтрам Ушацкага раёна Полацкай акругі (да 26 ліпеня 1930), у 1935–1938 гг. у Лепельскай акрузе. У 1938 г. Ушачам нададзены статус гарадскога пасёлка Віцебскай вобласці. У 1941 г. у пасёлку было 2,7 тыс. жыхароў, 600 двароў.

У Вялікую Айчынную вайну 3 ліпеня 1941 г. Ушачы акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. Яны загубілі тут 735 чалавек. Ва Ушачах і раёне дзейнічала патрыятычнае падполле. У канцы верасня 1942 г. партызаны разграмілі мясцовы варожы гарнізон і вызвалілі Ушацкі і суседнія з ім раёны ад фашысцкіх захопнікаў. Была створана Полацка-Лепельская партызанская зона. У снежні 1943 г. – красавіку 1944 г. ва Ушачах дыслацыраваліся штабы Полацка-Лепельскай аператыўнай групы ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху, партызанскай брыгады імя В. Чапаева. Тут размяшчалася падпольная друкарня, дзейнічалі партызанскі тэлефонны вузел, электрастанцыя, лесазавод. 30 красавіка 1944 г. Ушачы былі захоплены гітлераўцамі. Вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту 29 чэрвеня 1944 г.

3 1944 г. Ушачы былі ў складзе Полацкай, з 1954 г. – Віцебскай абласцей. У 1962–1966 гг. уваходзілі ў Лепельскі раён.

У 1969 г. ва Ушачах 2459 жыхароў. Быў распрацаваны праект забудовы цэнтральнай часткі гарадскога пасёлка (1969). У 1977 г. створаны генеральны план Ушачаў. Цэнтр пасёлка захаваў гістарычную планіроўку. Рака Ушача падзяляе пасёлак на 2 часткі. Левы бераг забудаваны пераважна індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу. На правым беразе знаходзіцца адміністрацыйна-грамадскі цэнтр і асноўная жылая забудова. У цэнтры, які захаваў гістарычную планіроўку, пастаўлены 2–5-павярховыя дамы.

Вытворчая зона размешчана на паўднёвы ўсход ад пасёлка. Тут працуюць камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Ушацкі камбінат прамысловых тавараў», адкрытае акцыянернае таварыства «Ушацкі льнозавод», унітарнае вытворчае прадпрыемства «Ушацкі агароднінасушыльны завод» і інш.

У 2015 г. у гарадскім пасёлку сярэдняя школа, ДЮСШ, школа мастацтваў, тры дашкольныя ўстановы, цэнтры дзяцей і моладзі, карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, тры бібліятэкі. Дзейнічаюць Цэнтр культуры і народнай творчасці, Дом рамёстваў, музей народнай славы.

Ва Ушачах знаходзяцца брацкія могілкі партызан, падпольшчыкаў і савецкіх воінаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, магіла ахвяр фашызму.

На ўсходняй ускраіне гарадскога пасёлка захавалася гарадзішча днепра-дзвінскай культуры і ранняга феадалізму.

 

Гарадскі пасёлак Ушачы. Фатаграфія з сайта http://www.fotobel.byГарадскі пасёлак Ушачы. Фатаграфія з сайта http://www.fotobel.byГарадскі пасёлак Ушачы. Фатаграфія з сайта http://www.fotobel.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Барадулін, Р. Паклон табе... : нарыс / Р. Барадулін // Маладосць. – 1970. – № 11. – С. 118–121.

2. Віталёва, В. Ушачы / В. Віталёва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2003. – Т. 6. Кн. 2 : Усвея–Яшын. Дадатак.– С. 19–20.

3. Крупица, Н. Нескучная жизнь Ушачей / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2004. – 22 янв. –С. 13.

4. Остановись, мгновенье! Это Ушачи! : фоторепортаж / подгот. С. Ляшук // Витебские вести. – 2015. – 21 февр. – С. 10.

5. Сергачев, С.План города Ушачи / С. Сергачев // Архитектура и строительство. – 1999. – № 2. – С. 32–35.

6. Ушачи // Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. Татаринов. – Минск : Энциклопедикс, 2006. – С. 100–101. – (Жемчужины Беларуси).

7. Ушачи // ПутеводительпогородамирайоннымцентрамРеспубликиБеларусь= Guidebook of the cities and regional centers of the Republic of Belarus / cост. А. Варивончик[идр.]. –Минск: Харвест, 2004. – С. 244–245.

8. Ушачи // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 546–547.

9. Ушачи // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]/ редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 7 : Снегирь–Ящерицын. – С. 339–340.

10. Ушачы //Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / адк. рэд. Л. К. Калошына. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1981. – С. 244–245.

11. Ушачы // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 6 : М–Я. – С. 415.

12. Ушачы // Падарожжа па Беларусі: uарады і гарадскія пасёлкі / В. М. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 91–93.

13. Ушачы // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 165–166.