Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Геалагічная будова, карысныя выкапні, рэльеф. Віцебскі раён

 

Сучасны рэльеф Віцебскага раёна фарміраваўся на працягу доўгага часу, пачынаючы з дакембрыйскага перыяду да нашых дзён. Час гэты падлічваецца больш чым мільярдам гадоў. Неаднойчы суша змянялася морам, а мора – сушай, рэзка змяняўся і клімат: тут быў і трапічны, і ўмераны, а перад наступленнем ледавікоў – халодны арктычны.

Кожная геалагічная эра пакінула свае асадкавыя пароды, якія гарызантальнымі слаямі ляжаць на старажытным крышталічным фундаменце. Дэвонскія моры пакінулі шэрыя і стракатыя пясчанікі з пражылкамі жоўтых даламітаў, а ў мелкіх залівах адклаліся зялёна-блакітныя пяскі і гліны, якія зрэдку на берагах Заходняй Дзвіны выходзяць на паверхню.

Сучасны рэльеф сфарміраваўся пераважна пад уплывам эразійна-акумуляцыйнай дзейнасці ледавікоў. У канцы трэтычнага перыяду ў гарах Скандынавіі з'явіліся ледавікі, якія сталі паступова прасоўвацца на поўдзень. На сваім шляху яны зразалі грэбні вышынь, стваралі заглыбленні, а адыходзячы, пакінулі марэны – горы пяску, гліны, камянёў. Марэнная града добра праглядаецца на тэрыторыі Віцебскага раёна. На палях знаходзіцца шмат валуноў з гнейсаў, гранітаў, дыябазаў. Найбольш працяглым і магутным было дняпроўскае ледавікоўе, а найбольш вызначальным для сучаснага рэльефу паўночнай Беларусі – апошняе, або паазерскае.

Паверхня Віцебскага раёна ўяўляе сабой чаргаванне ўзгоркавых узвышшаў з плоскімі раўнінамі і нізінамі, расчлененымі далінамі рэк. Аб ледавіковым паходжанні рэльефу сведчаць буйныя і невялікія марэнныя ўзгоркі, друмліны, камы і озы, якія добра захаваліся да нашых дзён.

Цэнтральная і ўсходняя часткі раёна размешчаны на Віцебскім узвышшы. Заходняя часткова знаходзіцца на Полацкай нізіне. Паўночна-ўсходняя частка ляжыць на Суражскай нізіне. Паверхня раёна ўзгорыста-раўнінная, пераважныя вышыні 180–200 м. Найвышэйшая кропка раёна – 254 м над узроўнем мора (каля в. Хамутоўка Вымнянскага с/с). Самая нізкая кропка – 120 м (урэз р. Дзвіна каля в. Старое Сяло Лятчанскага с/с).

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Аршанскай упадзіны. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту магутнасцю ад 20 да 120 м, ніжэй дэвонскія да 460 м, верхнепратэразойскія да 1150 м адклады. Агульная магутнасць платформавага чахла 1400–1500 м.

У раёне пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы, бедныя перагноем, якія змяшчаюць раствораныя кіслоты. Сустракаюцца тарфяна-балотныя, поймавыя і дзярнова-карбанатныя.

Геалагічная будова тэрыторыі і гісторыя яе развіцця – асноўны фактар, які абумовіў утварэнне і месцазнаходжанне разнастайных пакладаў карысных выкапняў. У адкладах антрапагена сканцэнтраваны запасы торфу, будаўнічых матэрыялаў, сапрапелю, прэснай вады. Найніжэйшыя дэвонскія ўтварэнні (даламіты) з'яўляюцца крыніцай аграхімічнай сыравіны і будаўнічага каменю. Яшчэ глыбейшыя тоўшчы (ніжні палеазой, верхні пратэразой) змяшчаюць значныя запасы прэснай і мінералізаванай вады.

У цэлым раён небагаты на запасы карысных выкапняў у параўнанні з іншымі раёнамі Беларусі. Вядомы 3 радовішчы даламіту з запасамі 969 млн. т (Краснадворскае, Гралёвскае, Цякава-Койтаўскае); 178 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі 37,9 млн. т (найб. Гладынскі Мох); Пушчанскае радовішча цэментнай гліны; 6 радовішчаў пясчана-жвіровага матэрыялу з запасамі 7,9 млн. т (Максюткаўскае, Забежненскае, Бабініцкае, Янавіцкае, Дыманоўскае, Іванькоўскае); Астраўское радовішча пяску; 6 радовішчаў глін з запасамі 29 млн. т (Асёцкае, Журжаўскае 2-е, Хахлоўшчына, Цагельня, Ізбовіцкае, Янавіцкае); крыніца мінеральнай вады Лётцы.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Захаренко, Т. Ф. Витебский район / Т. Ф. Захаренко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн.. – Кн. 1. – С. 234–239.

2. Віцебскі раён // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСавЭн імя П. Броўкі, 1983. – Т. 1. – С. 470–472.

3. Геалогія і клімат // Віцебскі раён : краязнаўчыя нарысы / І. А. Абрамава [і інш.] ; уклад. М. В. Півавар. – Мінск : Паркус плюс, 2008. – С. 10–19.