Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Турызм. Гарадоцкі раён

Гарадоччына – унікальны край Беларусі, які адрозніваецца незвычайнай прыгажосцю прыроды і ўдалым геаграфічным размяшчэннем. Прырода надзяліла яго маляўнічымі лясамі, азёрамі і рэкамі. Гэты край славуты таксама багатай гісторыяй і знакамітымі людзьмі, стварае добрыя ўмовы для развіцця розных формаў турызму – экалагічнага, аздараўленчага, аграрнага, пазнавальнага.

У раёне больш за 170 помнікаў і памятных мясцін. З іх 49 занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Гэта два помнікі архітэктуры – будынак былой паштовай станцыі першай паловы XIX ст. у в. Кузьміно і касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў в. Рамні; 27 помнікаў гісторыі і 20 – археалогіі. А масленічная абрадавая гульня «Пахаванне Дзеда» мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, як і традыцыйная тэхналогія ажурнага ткацтва Гарадоцкага раёна.

29 снежня 2016 года ў г. Гарадку быў адкрыты турысцка-інфармацыйны Цэнтр аддзела адукацыі, спорту і турызму Гарадоцкага райвыканкама. Першапачатковай задачай установы з'яўляецца збор, абагульненне і прадастаўленне інфармацыі пра турыстычныя рэсурсы і паслугі рэгіёна. З мэтай папулярызацыі турызму і прыцягнення пазабюджэтных сродкаў Цэнтрам распрацаваны наступныя экскурсійныя праграмы: «Гарадок – край родны», «Гарадок – Кабішча», «Гарадок – Лосвіда», «Гарадок спартыўны». Створаны праграмы, арыентаваныя на выязны турызм (Брэст, Магілеў, Вялікі Ноўгарад, Смаленск, Пскоў і інш.). Супрацоўнікі Цэнтра дапамагаюць гасцям і жыхарам раёна арганізаваць маршруты самастойнага знаёмства з горадам.

На Гарадоччыне распрацаваны турыстычныя маршруты. Сярод іх:

– «Блакітнае кольца» працягласцю 21,5 км. Разлічаны на 2 дні. Камбінаваны водна-пешаходны маршрут па заказніку «Сурміно». Маршрут праходзіць па берагах р. Обаль;

– «Таямніцы балот» – экалагічная сцежка працягласцю 6 км. Праграма – 1 дзень. Праходзіць уздоўж балота ў раёне воз. Чысцік. Падчас экскурсіі можна атрымаць інфармацыю пра заказнік «Карыцінскі Мох», рэдкія віды жывёл і раслін;

– «Край блакітных азёр» – водны маршрут на лодках працягласцю 23,5 км. Разлічаны на 1 дзень. Рачны маршрут па ўскрайку г. п. Езярышча да чыгуначнага моста;

– экскурсійная праграма для школьнікаў «Гарадок – праз гады і стагоддзі», якая знаёміць з горадам і яго гісторыяй, пачынаючы з месца ва ўрочышчы «Вераб'ёвы горы», дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі расстраляны 2 тыс. савецкіх грамадзян. Падчас экскурсіі можна ўбачыць унікальны ландшафтны комплекс азёр і ўзгоркаў «Вераб'ёвы горы», які мае такую назву ў памяць пра былога ўладальніка гэтых зямель – пана Вераб'ёва. У гэтым маляўнічым месцы пабудавалі лыжаролерную трасу еўрапейскага ўзроўню. Максімальная працягласць аднаго круга трасы – 7,5 км, шырыня палатна – 9 м, найбольшы перапад вышынь складае 28 м. Колькасць уздымаў і спускаў на розных дыстанцыях вар'іруецца. Гарадоцкая траса прызначана як для рэгіянальных, так і для міжнародных спаборніцтваў. Летам тут праводзяцца турыстычныя злёты, спаборніцтвы рознага ўзроўню, святочныя мерапрыемствы і масавыя катанні. На галоўнай плошчы горада можна ўбачыць гандлёвыя і жылыя дамы XIX – пачатку XX стст., а таксама мемарыяльны комплекс «Бессмяроцце». Далей праграма знаёміць з гарадскімі скульптурамі. Ёсць магчымасць наведаць Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей і Гарадоцкі Дом рамёстваў. Завяршэннем стане знаёмства з лялечным тэатрам «Батлейка».

У чэрвені 2016 года два аматары падарожжаў Максім Печаніцын і Максім Грыгаровіч арганізавалі водны маршрут па трох рэках: Аўсянцы, Усвячы і Заходняй Дзвіне. За 10 дзён было пройдзена больш за 150 км воднага шляху.

Перспектыўнае развіццё ў раёне атрымаў экалагічны турызм. На тэрыторыі Гарадоцкага раёна знаходзяцца такія заказнікі: біялагічныя – «Езярышча», «Ловаць», «Сурміно», «Янова»; ландшафтныя – «Вышадская нізіна», «Рудня»; гідралагічны – «Ціёсценскі», рэспубліканскі гідралагічны – «Карыцінскі Мох». Для іх наведвання таксама распрацоўваюцца турыстычныя маршруты.

Адным з напрамкаў экалагічнага турызму ў раёне з'яўляецца наведванне аленевага гадавальніка ТАА «Алавія Гарадоцкая», які размешчаны ў в. Шандры. Гадавальнік быў адкрыты ў 2016 годзе. Сёння яго галоўная мэта – не толькі экалагічны турызм, але і вырошчванне жывёл для рэалізацыі ў паляўнічыя гаспадаркі, запаведнікі рэспублікі і замежжа.

Паляўнічыя гаспадаркі:

– Дом паляўнічага «Прудок» РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў»;

– Дом паляўнічага ДЛГУ «Суражскі лясгас»;

– Дом паляўнічага ЗАТ «Асотна»;

– Дом паляўнічага ПУП «Паазер'е».

На тэрыторыі Гарадоцкага раёна размешчаны базы адпачынку «Азёрная», «Паазер'е» і «Асотна», а таксама турысцка-аздараўленчы комплекс «Лосвіда». Аб'ектамі сферы турызму з'яўляюцца аграсядзібы: «Вінаградны слімак», «Экамір», «Рыбацкая гара», «Востраў Ляны», аграэкасядзіба «Берёсто», аграсядзібы ў вёсках Мяжа, Хабаты, аграсядзіба «Норд» у в. Хабаты.

На воз. Лугавое з'явіўся пункт пракату турыстычнай амуніцыі і лодак.

Да паслуг турыстаў, спартсменаў і гасцей маецца гасцініца «Спартыўны гарадок» ДСВСУ «Віцебскі абласны Цэнтр алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту» на 75 месцаў.

Яшчэ аднім турыстычным накірункам з'яўляецца экспарт медыцынскіх паслуг. Так, у в. Халамер'е ёсць знакамітая далёка за межамі Беларусі сельская ўчастковая бальніца, дзе працуюць вопытныя мануальныя тэрапеўты. Сюды прыязджаюць пацыенты з розных краін свету.

 

Гасцініца «Спартыўны Гарадок».Фотаздымак з сайта http://haradoktour.byЛыжаролерная траса ва ўрочышчы «Вераб’ёвы горы». Фотаздымак з сайта https://news.tut.by

ЛІТАРАТУРА

1. Буракова, Н. В. Природные, исторические и культурные объекты Городокского района и их использование в туристско-краеведческих целях / Н. В. Буракова // Гарадоччына ўчора, сёння, заўтра : матэрыялы I Гарадоцкіх краязнаўчых чытанняў, (26 кастрычніка 2007 г.) / рэдкал.: А. М. Дарафееў [і інш.]. – Гарадок, 2008. – С. 144–146.

2. Городокский район : [буклет] / предисл. А. Н. Мороз. – Минск : Типография Макарова и К, [2006?]. – 25 с.

3. Захаров, А. Туристическая жемчужина Городокщины / А. Захаров // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 6 июля. – С. V.

4. Кавалёва, Г. Запрашае турысцка-інфармацыйны цэнтр / Г. Кавалёва // Гарадоцкі веснік. – 2018. – 4 студз. – С. 5.

5. Каролевич, Э. Почему стоит посетить Городокщину / Э. Каролевич // Витебские вести. – 2020. – 18 янв. – С. 9.

6. Ковалёва, Г. Прекрасное место для отдыха / Г. Ковалёва // Гарадоцкі веснік. – 2018. – 13 ліп. – С. 4.

7. Наумова, А. В Шандры, к благородным оленям / А. Наумова // Сельская газета. – 2017. – 30 марта. – С. 20.

8. Пучкова, Е. Благородные олени прижились на Городокщине / Е. Пучкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 15 июня. – С. 6.

9. Пучкова, Е. Оленьей тропой – в Шандры / Е. Пучкова // Гарадоцкі веснік. – 2017. – 25 сак. – С. 1, 4.

10. Пучкова, Е. Охота, брат, на охоту / Е. Пучкова // Гарадоцкі веснік. – 2017. – 31 студз. – С. 3 .

11. Пучкова, Е. На лыжне в Воробьевых горах / Е. Пучкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 1 февр. – С. 1–2.

12. Пучкова, Е. По серебряной лыжне за кубком / Е. Пучкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 22 февр. – С. 9.

13. Сабицкая, Е. По Овсянке до Тиосто / Е. Сабицкая // Гарадоцкі веснік. – 2017. – 30 верас. – С. 4.

14. Сабицкая, Е. Топ-6 агроусадеб Городокщины / Е. Сабицкая // Гарадоцкі веснік. – 2018. – 14 жн. – С. 4.

15. Сельский туризм Беларуси: современное состояние и перспективы развития : [монография] / Я. И. Аношко [и др.] ; под ред. В. А. Клицуновой. – Минск : Четыре четверти, 2011. – 220 с.

16. Спорт, туризм и отдых в Витебской области : путеводитель по Белорусскому Поозерью / предисл. В. Г. Синковец. – Витебск : Управление спорта и туризма Витебского облисполкома, [2004?]. – 38 с.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Туризм. Городокский районный исполнительный комитет

arrow Питомник для бэмби расположился в Шандрах