Азёры. Шумілінскі раён
- Подробности
- Створана 21.05.2018 09:42
- Адноўлена 02.09.2020 09:01
Азёры Шумілінскага раёна можна назваць «чароўнымі шкатулкамі прыроды», якія захавалі прыродныя багацці і прыгажосць нашага краю.
На тэрыторыі раёна 87 азёр, якія належаць басейну ракі Заходняя Дзвіна. Утварэнне большасці азёр Шуміліншчыны звязана з дзейнасцю паазерскага ледніка (95–10 тысяч гадоў назад) і яго талых вод. Паходжанне катлавін рознае. Лагчынныя ўзніклі ў выніку выворвання катлавіны ледніком. Яны вузкія, выцягнутыя (возера Лескавічы). Эварзійныя ўтвораны інакш: лёд раставаў, і вада вертыкальна спадала з ледніка. Катлавіны іх акруглыя і, як правіла, глыбокія (возера Круглік, глыбіня 31,5 м, займае сярод азёр краіны 17-е месца па максімальнай глыбіні). Астаткавыя катлавіны ўтварыліся ў месцах захавання старажытных прыледніковых вадаёмаў, яны мелкаводныя (возера Расалай).
У жыўленні азёр пераважаюць атмасферныя ападкі і паверхневы прыток рэк і ручаёў, якія ўпадаюць у гэтыя азёры. Другараднае значэнне ў жыўленні маюць падземныя воды. Вада азёр расходуецца на выпарэнне і сцёк. У глыбокіх вадаёмах увесь аб'ём вады мяняецца за 5–10 гадоў, а ў мелкаводных – за 1–2 гады. Найбольш высокі ўзровень вады ў азёрах назіраецца ў канцы сакавіка – пачатку красавіка, калі вышыня падняцця вады складае 0,8–1 м.
Азёры з’яўляюцца акумулятарамі мінеральных і арганічных рэчываў, якія служаць крыніцай фарміравання азёрных адкладанняў, у тым ліку і сапрапеляў. Найбольш буйныя азёры Шумілінскага раёна: Будавесць, Дабееўскае, Лескавічы.
Віцір – плошча 0,09 км2. Даўжыня 0,5 км. Найбольшая шырыня 0,22 км. Даўжыня берагавой лініі 1,25 км. Знаходзіцца ў басейне р. Сечна, за 8 км на паўднёвы ўсход ад г. п. Шуміліна, за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад в. Непароты. Схілы катлавіны 10–15 м, на поўначы разараныя, на поўдні пад лесам. Пратокамі злучана з азёрамі Княжно і Разван.
Гародна – плошча 0,28 км2. Найбольшая глыбіня 4 м. Даўжыня 0,9 км. Найбольшая шырыня 0,51 км. Даўжыня берагавой лініі 2,4 км. Плошча вадазбору 87 км2. Знаходзіцца ў басейне р. Заходняя Дзвіна, за 15 км на паўднёвы ўсход ад г. п. Шуміліна, каля в. Гародна. Схілы катлавана разараныя, аб’яднана ручаямі з азёрамі Лезвінка і Сосна.
Заронаўскае возера – плошча 3,58 км2. Глыбіня 13,5, даўжыня 7,6 км, шырыня 1,05 км. Даўжыня берагавой лініі 21,3 км. Плошча вадазбору 147 км2. Знаходзіцца ў басейне р. Шэвінка, за 12 км на ўсход ад г. п. Шуміліна, каля в. Заронава Віцебскага раёна. Берагі пясчаныя і пясчана-галечныя. Ёсць 5 астравоў. Упадаюць 10 ручаёў. Выцякае р. Заронаўка.
Княжно – плошча 0,06 км2. Даўжыня 0,42 км. Найбольшая шырыня 0,2 км. Даўжыня берагавой лініі 1,05 км. Знаходзіцца ў басейне ракі Сечна, за 8 км на паўднёвы ўсход ад г. п. Шуміліна, за 0,9 км на паўднёвы ўсход ад в. Непароты. Схілы катлавіны вышынёй 20–25 м, параслі хмызняком. Злучана пратокай з азёрамі Будавесць і Віцір.
Круглік – плошча 0,4 км2. Найбольшая глыбіня 31,5 м. Даўжыня 1,43 км. Найбольшая шырыня 0,51 км. Даўжыня берагавой лініі 4,86 км. Аб’ём вады 3,58 млн. м3. Плошча вадазбору 11,2 км2. Знаходзіцца ў басейне р. Сечна, за 5 км на поўдзень ад г. п. Шуміліна, каля в. Прыазёрная. Схілы катлавіны вышынёй 3–6 м, параслі хмызняком, на ўсходзе лесам. Берагі на ўсходзе зліваюцца са схілам.
Лезвінка – плошча 0,21 км2. Найбольшая глыбіня 1,5 м. Даўжыня 0,59 км. Найбольшая шырыня 0,5 км. Даўжыня берагавой лініі 1,85 км. Аб'ём вады 0,13 млн. м3. Плошча вадазбору 10,2 км2. Знаходзіцца ў басейне р. Заходняя Дзвіна за 16 км на поўдзень ад г. п. Шуміліна, на паўночны захад ад в. Івоніна. Схілы катлавіны вышынёй 5-7 м. Дно плоскае, выслана сапрапелем. У возеры расце вадзяны арэх, занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Мошна – плошча 0,65 км2. Найбольшая глыбіня 3,9 м. Даўжыня 2,1 км. Найбольшая шырыня 0,5 км. Даўжыня берагавой лініі 6,03 км. Аб'ём вады 1,51 млн. м3. Плошча вадазбору 16,3 км2. Знаходзіцца ў басейне р. Сечна, у 4 км на поўдзень ад г. п. Шуміліна, каля в. Прыазёрная. Схілы катлавіны вышынёй 3–5 м (на поўдні да 9 м), у ніжняй частцы пад хмызняком, у верхняй разараныя, на поўначы зарослыя лесам. Берагі нізкія, тарфяныя, на ўсходзе пясчаныя. Дно плоскае, сапрапелістае.
На тэрыторыі раёна ёсць штучныя вадасховішчы ў наваколлі жывёлагадоўчага комплексу «Лаўжанскі», за 15 км ад Шуміліна. Азёрны заказнік Сосна палюбілі расліны ледніковага перыяду, у возеры Лезвінка захавалася рэдкая расліна – вадзяны арэх, занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Азёры з’яўляюцца зонамі адпачынку жыхароў шумілінскага краю. У прыбярэжнай зоне размешчаны дзіцячы аздараўленчы лагер «Пунсовыя ветразі» і дзіцячы аздараўленчы цэнтр Віцебскаблгаза «Дружба».
ЛІТАРАТУРА
1. Азёры // Гісторыка-краязнаўчы курс «Наша Шуміліншчына». Шуміліназнаўства / уклад.: В. А. Падляшчук [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 22–24.
2. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 480 с. : іл.
3. Зайцава, Л. Азёрна-маўклівая задуменнасць / Л. Зайцава // Герой працы (Шумiлiна). – 2006. – 11 жн. – С. 7.
4. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – 504 с. : ил.
5. Шумілінскі раён / Ф. Ф. Бурак [і інш.] // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І.П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1986. – Т. 5 : Стаўраструм–Яшчур. – С. 390–391.