Гісторыя. Полацкі раён. г. Наваполацк
- Подробности
- Створана 01.03.2017 12:23
- Адноўлена 04.12.2018 09:48
У 1954 г. дзяржаўная камісія разглядала пытанне па выбары пляцоўкі для будаўніцтва ў Беларусі нафтаперапрацоўчага завода. Найбольш прыдатным месцам для стварэння нафтахімічнага прамысловага вузла стаў раён г. Полацка. Спецыялісты лічылі, што ў Полацкім раёне за 10–12 км ад старажытнага горада па цячэнні Заходняй Дзвіны на беларускім участку нафтаправода «Дружба» ёсць добрая пляцоўка для будаўніцтва, дастатковая колькасць будаўнічых матэрыялаў і працоўная сіла.
I ўжо ў жніўні 1955 г. праектны інстытут «Ленгіпрагаз» пачаў пошукавыя работы на будучай пляцоўцы прамысловага вузла, а Віцебскі філіял інстытута «Белдзяржпраект» стаў працаваць над праектам стварэння новага горада.
7 чэрвеня 1958 г. на лясістым беразе Заходняй Дзвіны, непадалеку ад невялічкіх вёсачак Слабада і Новы Двор Полацкага раёна, разбіў палаткі першы невялікі атрад маладых будаўнікоў. Гэтая дата і стала днём нараджэння Наваполацка. Як самая дарагая рэліквія нядаўняй гісторыі горада адна з першых палатак з'яўляецца экспанатам музея гісторыі і культуры г. Наваполацка.
Камсамол аб'явіў будаўніцтва першынца беларускай нафтахіміі Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўляй. У першы год будаўніцтва сюды прыехалі каля 2 тыс. юнакоў і дзяўчат амаль 20 нацыянальнасцей.
Першыя дамы будучага горада і прамысловыя збудаванні пачалі ўзводзіць калектывы новаствораных будаўнічых арганізацый УПР-121 і УПР-126, якія сталі асновай для стварэння цяпер добра вядомай вялікай будаўнічай арганізацыі – трэста № 16 «Нафтабуд» Міністэрства будаўніцтва Беларусі.
Патрабавалася шмат сіл, арганізацыйнага таленту, каб пераадолець цяжкасці перыяду станаўлення. Будаўнікі жылі ў навакольных вёсках, многія будаўнічыя матэрыялы дастаўляліся з Полацка па разбітай прасёлачнай дарозе. На ёй працавалі дзяжурныя трактары, якія выцягвалі машыны з грузам з калдобін. Колькі было радасці, калі позняй восенню гэтая адзіная дарога была добраўпарадкавана.
У лістападзе 1958 г. будаўнікі здалі ў эксплуатацыю 8 маладзёжных інтэрнатаў. А потым з'явіліся першыя вуліцы, 1-я лінія, 2-я лінія... 25 кастрычніка 1959 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў утвораны пасёлак Полацкі. Прайшло зусім няшмат часу, і 14 снежня 1963 г. пасёлак Полацкі быў узведзены ў ранг горада і назвалі яго Наваполацкам. Першым старшынёй выканкама быў абраны Андрэй Дзмітрыевіч Арцём'еў.
Хутка на Полаччыне сталі добра вядомы імёны лепшых брыгадзіраў будаўнічых маладзёжных брыгад В. Гулевіча, М. Кавалева, I. Брыкоўскай. Многія пачыналі сваю біяграфію майстрамі, а потым сталі знакамітымі кіраўнікамі. Гэта начальнік будаўнічага ўпраўлення Л. Кітараў, упраўляючы трэстам № 16 «Нафтабуд» К. Кунцэвіч і інш.
Асаблівай павагай карыстаўся ў калектыве будаўнікоў экскаватаршчык А. Крэмень, які, добра валодаючы тэхнікай, за адну змену выконваў па некалькі норм. За сваю самаадданую працу ён быў удастоены ганаровага звання Героя Сацыялістычнай Працы.
Паспяхова ішлі работы па ўзвядзенні нафтаперапрацоўчага завода, менш чым праз год была закончана кладка першага дзіцячага садка. Летам 1959 г. пачалося будаўніцтва шматпавярховых дамоў будучага Нафтаграда. Неўзабаве прыйшоў час першай чаргі Полацкай ЦЭЦ-2 (цяпер – Наваполацкая ЦЭЦ).
1961 г. быў адзначаны вялікімі дасягненнямі: былі пабудаваны першыя тэхналагічныя ўстаноўкі комплекса нафтаперапрацоўкі, каля 10 тыс. м2 жылой плошчы. Неўзабаве ўступіў у дзеянне цэх жалезабетонных канструкцый, ішла зборка першых рэктыфікацыйных калон, раслі іншыя аб'екты нафтаперапрацоўчага завода.
Яркую старонку ў летапіс працоўных будняў будоўлі ўпісалі брыгады П. Якавенкі, М. Кускова, В. Лысовай, А. Юпатава, В. Купчына, В. Мудрага і інш.
Звыш 200 праектных арганізацый краіны рыхтавалі тэхнічную дакументацыю для будучага нафтаперапрацоўчага завода, 300 прамысловых прадпрыемстваў пастаўлялі на новабудоўлю абсталяванне. Іх слалі Расія, Украіна, Малдавія, Літва, Эстонія, Азербайджан, Грузія і другія рэспублікі. Напружана змагаўся мнагатысячны калектыў за датэрміновы пуск нафтагіганта.
28 снежня 1962 г. першынец беларускай нафтахіміі прыняў эшалон з «чорным золатам», а 9 лютага 1963 г., на паўгода раней тэрміну, выдала першы беларускі бензін устаноўка АВТ-1. У канцы сакавіка 1963 г. першыя эшалоны з беларускім палівам адышлі ад чыгуначнай станцыі «Наваполацк».
25 чэрвеня 1963 г. ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР віншавалі працоўных будаўнічага трэста «Нафтабуд» з уводам у дзеянне і асваеннем першых тэхналагічных установак Полацкага нафтаперапрацоўчага завода. У гэтым віншаванні адзначаўся важкі ўклад будаўнікоў у далейшае развіццё прамысловасці Беларусі і забеспячэнне народнай гаспадаркі заходніх раёнаў дзяржавы нафтапрадуктамі.
Вялікая група будаўнікоў была ўдастоена ганаровага звання «Заслужаны будаўнік Беларусі».
А яшчэ праз пяць год нафтаперапрацоўшчыкі выпускалі ўжо 26 відаў прадукцыі, якія пастаўляліся па 1500 адрасах у Беларусі і іншых рэспубліках, а таксама ішлі за мяжу. Зараз гэта адкрытае акцыянернае таварыства «Нафтан».
У вытокаў нараджэння вялікай нафтахіміі стаялі многія спецыялісты. Першы дырэктар прадпрыемства А. А. Ктатараў, галоўны інжынер Я. І. Еўсюкоў, галоўны механік Б. Н. Ісаеў, начальнікі цэхаў П. І. Дзянісаў, С. С. Літвінаў, А. Д. Рудкоўскі і іншыя прыехалі сюды з розных гарадоў. Дзякуючы іх вопыту, ведам, уменню арганізаваць людзей на вялікую справу, прадпрыемства датэрмінова выпусціла першую прадукцыю і выйшла ў шэраг перадавых. Імя першага дырэктара нафтаперапрацоўчага завода Алега Аляксандравіча Ктатарава ўвекавечана ў назве адной з вуліц горада, яму ўстаноўлены помнік. Начальнік цэха Павел Іванавіч Дзянісаў за свае працоўныя дасягненні быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.
Дзень 8 лютага 1968 г. увайшоў у гісторыю горада як дзень нараджэння вялікага хімічнага комплекса – першая чарга хімкамбіната дала этылен, прапілен і поліэтылен. Першы беларускі поліэтылен быў атрыманы 4 лютага 1968 г., з гэтай перамогай хімікаў вітаў Старшыня Савета Міністраў СССР А. М. Касыгін. У 1969 г. прадпрыемства атрымала назву вытворчае аб'яднанне «Палімір» імя 50-годдзя БССР. Ужо тады прадукцыя аб'яднання разыходзілася больш чым па 800 адрасах. Прадпрыемства з кожным годам пашыралася і ўжо 12 кастрычніка 1972 г. працоўны калектыў рапартаваў аб выпуску зусім новай і нязвыклай для таго часу прадукцыі – замяняльніка воўны валакна нітрон. У 1974 г. уведзена ў дзеянне трэцяя чарга аб'яднання «Палімір-50». 3 цягам часу запрацавала вытворчасць па выпуску мапан-валакна, з якога робяць штучнае футра. Аб'яднанне, як і іншыя прадпрыемствы горада, выпускае шмат тавараў народнага спажывання.
Вясной 1978 г. уступіў у дзеянне яшчэ адзін гігант – завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў. Гэта прадпрыемства выпускала штучны корм «папрын» для жывёлагадоўлі. Пасля рэканструкцыі тут наладжаны выпуск бялкова-вітамінных канцэнтратаў расліннага паходжання.
1980 г. азнаменаваны адкрыццём яшчэ аднаго вялікага прадпрыемства – завода «Вымяральнік». Яго радыётэхнічная прадукцыя карысталася вялікім попытам.
I горад, і яго прамысловыя прадпрыемствы ўзведзены рукамі маладых будаўнікоў. Многія з іх жывуць і працуюць у Наваполацку.
Пры ўзвядзенні горада архітэктары і будаўнікі паклапаціліся аб захаванні прыродных зялёных масіваў, ландшафта. Горад выцягнуўся асноўнай вуліцай Маладзёжнай уздоўж Заходняй Дзвіны. Там, дзе пачынаўся горад 7 чэрвеня 1958 г. стаіць невялікі мемарыял «Першая палатка», прысвечаны будаўнікам Наваполацка. Горад упрыгожвае цэнтральная плошча Будаўнікоў, перспектыву галоўнай плошчы дапаўняе парк. Мікрараёны, якія пабудаваны ў 1970–80-я гады адметныя сярод жылых масіваў горада. Іх упрыгожвае лес, цікава і з выдумкай выкарыстаны ландшафт. Плошчы, паркі і дворыкі ўпрыгожваюць драўляныя скульптуры, якія з густам выраблены таленавітым мастаком Львом Аганавым.
У Наваполацку працуюць гарадскі Палац культуры, Дом культуры ветэранаў, Палац культуры нафтавікоў, музычнае вучылішча і музычная школа, дзіцячая мастацкая школа, музей гісторыі і культуры г. Наваполацка і выставачная зала, Палац культуры і спорту ВА «Палімір». У горадзе праходзяць песенныя фестывалі, у 1993–1994 гг. праводзіліся Дні культуры Расіі і Беларусі.
Плённа працуе ў горадзе суполка мастакоў, працы якой сведчаць аб усталяваўшайся наваполацкай мастацкай традыцыі. Карціны мастакоў В. М. Лук'янава, Я. Г. Панамарэнкі, А. Дзіўніча, У. Д. Шапо, Г. Л. Танковіча, У. I. Гавазюка, сям'і Лук'яненкаў захоўваюцца ў калекцыях музея, выставачнай зале, у прыватных калекцыях на радзіме і за яе межамі.
Гісторыя развіцця бібліятэчнай справы ў горадзе пачыналася з 1960 г , калі ў пасёлку Полацкі быў арганізаваны пункт выдачы кніг ад бібліятэкі Полацка. У 1962 г. была пабудавана бібліятэка, першым бібліятэкарам якой была А. М. Мацарская. Свой талент і багаты вопыт аддалі бібліятэчнай справе А. I. Насыр, Л. I. Каваленак, Г. К. Бакуліна і іншыя. У студзені 2002 г. калектыву цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прысвоена спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Бібліятэчная справа» за навацыі ў бібліятэчнай рабоце, краязнаўчую і даследчую працу, за значны ўклад у адраджэнне нацыянальнай спадчыны, рэалізацыю рэгіянальнай праграмы «Новая зямля».
Эканоміка, якая развівалася бурнымі тэмпамі патрабавала працоўныя і тэхнічныя кадры вялікага навуковага патэнцыялу. У горадзе былі створаны політэхнічны тэхнікум, ПТВ-28, ПТВ-89, якія рыхтавалі і зараз рыхтуюць працоўныя кадры і тэхнічны персанал для прадпрыемстваў.
У ліпені 1968 г. быў адкрыты філіял Беларускага політэхнічнага інстытута, які са студзеня 1969 г. пераўтвораны ў філіял Беларускага тэхналагічнага інстытута, а ў верасні 1973 г. стаў самастойным політэхнічным інстытутам, з верасня 1993 г. гэта Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.
Першы дэіцячы садок і першая школа адчынены ў 1959 г.
Таленавітыя літаратары аб'ядналіся ў суполку «Крыніца». Далёка за межамі Віцебшчыны ведаюць паэта Навума Гальпяровіча. Яго шчырыя і сталыя вершы славяць родную зямлю, людзей працы, яны прымушаюць думаць аб зменлівасці жыцця, аб вечных ісцінах. Празаік Ірына Жарнасек надрукавала зборнікі апавяданняў «Ліст да сына», «Гульні над студняй», мноства артыкулаў, у якіх паказана адвечнае імкненне людзей да гармоніі і міру. Плённа працуюць у літаб'яднанні Валерый Старынскі, Вінцэсь Мудроў, Анатоль Шаўкун, Алесь Аркуш, Раіса Лейко і інш. У свой час рабілі першыя крокі ў творчасці і працавалі ў Наваполацку цяпер вядомыя ў Беларусі літаратары Уладзімір Арлоў, Аляксей Дудараў і іншыя.
У горадзе створана добрая спартыўная база. Працуюць дзіцячыя юнацкія спартыўныя школы, у якіх займаецца 4,5 тыс. чалавек.
У маляўнічым лясным масіве раскінуўся бальнічны гарадок. А ў 1958 г. на новабудоўлі працаваў адзіны фельчарскі пункт. Першым урачом, які абслугоўваў будаўнікоў, быў С. М. Нейштадт. 3 1960 г. працавала медыка-санітарная часць. У 1962 г. адкрылася бальніца. У розныя часы галоўнымі ўрачамі былі I. В. Хвасцянкоў, Д. Г. Лінкевіч, Н. М. Бабянкоў, М. М. Балтрушэвіч, А. I. Пяткевіч, А. А. Завадскі, В. М. Градовіч. Добра вядомы былі ў горадзе спецыялісты В. Я. Заблоцкі, Г. П. Вячэрская, К. С. Міхневіч, Г. Л. Тарасава, С. Ф. Пілюшэнка і іншыя. Лепшыя традыцыі гэтых урачоў працягваюць А. М. Будчанка, Э. А. Валакіцін, Я. I. Саснавік, А. Н. Кунцэвіч і многія іншыя.
3 першых месяцаў будаўніцтва горада і яго прамысловага вузла тут працавала рэдакцыя шматтыражнай газеты «Знамя новостройки», потым выйшла і стала папулярнай газета «Химик», у 1990-я гады з'явіліся газеты «Наша трыбуна» і «Новая газета». Многія журналісты прайшлі тут школу сапраўднага майстэрства і, ў першую чаргу, гэта карэспандэнты Аляксандр Васечка і Юрый Новікаў, якія доўгія гады складалі летапіс гісторыі Наваполацка.
У горадзе жывуць і працуюць людзі амаль 50 нацыянальнасцей. Многія з іх прыўносяць у развіццё культуры свае нацыянальныя элементы. Гэта асабліва ярка праяўляецца ў адраджэнні нацыянальных рамёстваў. У горадзе жыве каля 100 майстроў, якія дасягнулі высокага прафесійнага майстэрства ў справе адраджэння народнай творчасці: М. П. Гільніч, У. М. Пудаў і В. М. Сідараў (лозапляценне), В. I. Германенка і Н. М. Фядулава (саломапляценне), В. П. Дунеўскі (ганчар у тэхніцы чорнадымленай керамікі), 3. Ф. Беразанская (мастацкая вышыўка).
Велічна нясе свае воды Заходняя Дзвіна, без яе немагчыма ўявіць жыццё горада, яго гісторыю. У старажытным Полацку здаўна бытавала легенда. Быццам бы ад белакаменнай Сафіі пад Дзвіной існуе падземны ход, які можа вывесці на другі бок ракі, па ім можна выйсці ў белакаменны горад, у кладоўку незлічонага багацця. Але ж не падземны ход вывеў да горада-прыгажуна, а клапатлівая праца навапалачан, якія пабудавалі свой родны горад.
ЛІТАРАТУРА
1. Вахрамеева, И. Рождение / И. Вахрамеева // Химик (Новополоцк). – 2003. – 12 сент. – С. 2.
2. Голесник, С. Комсомольцы, добровольцы... / С. Голесник // Советская Белоруссия. – 2008. – 18 сент. – С. 4.
3. Зенько, Т. Три города – три варианта / Т. Зенько // Вестник Нафтана (Новополоцк). – 2017. – 5 авг. – С. 2.
4. Малашеня, Л. Новополоцк / Л. Малашеня // Народнае слова. – 2008. – 18 студз. – С. 4
5. Мацвеенка, Ж. Пераправа / Ж. Мацвеенка // Новая газета (Наваполацк). – 2003. – 6 чэрв. – С. 6.
6. «...Металл, бетон и дружба» // Новая газета (Наваполацк). – 2009. – 9 чэрв. – С. 5.
7. Наваполацк = Новополоцк [Изоматериал] : комплект из 12 открыток / фото В. П. Гончаренко. – Минск : Беларусь, 1988. – 1 обл. (12 отд. л.).
8. Новополоцк-55. Гордимся прошлым. Строим будущее : фотоальбом / авт. текста Ж. Ф. Матвеенко ; редсов. Н. И. Кочанова [и др.]. – Минск : БелТА, 2013. – 176 с. : ил.
9. Новополоцк // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.].– Минск : БелЭн, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2 : Т. 2. – С. 192–195.
10. Новополоцк [Электронный ресурс] // Сайт Полоцкого региона – 0214.by. – Режим доступа: https://0214.by/page.php?id=9. – Дата доступа: 08.09.2017.
11. Факеев, В. Красная линия / В. Факеев // Новополоцк сегодня. – 2016. – 7 июня. – С. 6.
12. Факеев, В. Они были первыми / В. Факеев // Вестник Нафтана (Новополоцк). – 2013. – 12 янв. – С. 1–2.