Азёры. Лепельскі раён
- Подробности
- Створана 27.11.2017 10:36
- Адноўлена 02.09.2020 09:03
У Лепельскім раёне налічваецца 136 азёр, агульнай плошчай 5015,8 га. Сярод найбольшых выдзяляюцца: Лепельскае, Окана, Бярэшча, Ворань, Домжарыцкае, Бобрыца, Тэкліц, Астроўна, Цеменіца, Какісіна і інш.
Астроўна – знаходзіцца ў басейне р. Тураўлянка, за 3 км на ўсход ад в. Камень. Плошча 1,77 км2. Найбольшая глыбіня 9,2 м. Даўжыня 3,41 км. Найбольшая шырыня 0,92 м. Даўжыня берагавой лініі 9,82 км. Аб’ём вады 7,45 млн. м3. Плошча вадазбору 57,9 км2. Схілы катлавіны вышынёй да 4 м, на поўнач 8–10 м, пераважна разараныя. Дно пясчанае, глыбей 2 м выслана ілам; ёсць мелі і ўпадзіны. 5 астравоў агульнай пл. 15 га. Злучана ручаём з воз. Чаросава. Выкарыстоўваецца як рыбагадавальнік.
Бобрыца – знаходзіцца ў басейне р. Ула, за 10 км на паўночны ўсход ад г. Лепель, за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад в. Старое Лядна, сярод лесу. Плошча 2,25 км2. Найбольшая глыбіня 23 м. Даўжыня 4,29 км. Найбольшая шырыня 1,02 км. Даўжыня берагавой лініі 10,32 км. Аб’ём вады 19,11 млн. м3. Плошча вадазбору 16,3 км2. Схілы катлавіны вышынёй 14–20 м, стромкія, на поўдзень да 8 м, спадзістыя, параслі лесам. Берагі высокія, на поўнач зліваюцца са схіламі. Дно карытападобнае, утварае 2 плёсы: усходні глыбінёй да 20 м, і заходні, больш шырокі, глыбінёй да 14 м. Плёсы злучаны нешырокім пралівам. На мелкаводдзі дно пясчанае, глыбей сапрапелістае. Ёсць 2 невялікія астравы агульнай плошчай 0,2 га. Расліннасць да глыбіні 5,5 м. Злучана пратокай з воз. Уклейна. На беразе возера Лепельскі ваенны санаторый.
Бярэшча – знаходзіцца ў басейне р. Бярэшча (выцякае з возера), сярод ляснога масіву, за 12 км на паўднёвы захад ад г. Лепель, каля в. Чарніца. Плошча 4,08 км2. Найбольшая глыбіня 1,3 м. Даўжыня 2,8 км. Найбольшая шырыня 1,8 км. Даўжыня берагавой лініі 8,25 км. Аб’ём вады 3,26 млн. м3. Плошча вадазбору 127 км2. Берагі тарфяністыя, забалочаныя. Дно плоскае, ілістае. Зарастае. Упадае р. Кеста, выцякае р. Бярэша, праз Бярэзінскі канал злучана з воз. Плаўна. Адзначалася гнездаванне лебедзя-шыпуна – рэдкага віду птушкі, занесенай у рэспубліканскую Чырвоную кнігу.
Ворань – знаходзіцца ў басейне р. Ула, за 14 км на паўночны захад ад г. Лепель, каля в. Ворань. Плошча 2,4 км2. Найбольшая глыбіня 16 м. Даўжыня 2,6 км. Найбольшая шырыня 1,47 км. Даўжыня берагавой лініі 9,83 км. Аб’ём вады 17,46 млн. м3. Плошча вадазбору 57,1 км2. Схілы катлавіны вышынёй 2–3 м, на паўночны захад да 8 м, месцамі разараныя. Дно ўскладнена падводнымі падняццямі, лагчынамі і косамі, да глыбіні 2 м пясчанае. Шырыня паласы расліннасці 5–75 м. На Пн упадае р. Вароніца, сцёк у р. Зеха.
Домжарыцкае – знаходзіцца ў басейне р. Сергуч, за 26 км на паўднёвы захад ад г. Лепель, за 1 км на У ад в. Домжарыцы, на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Плошча 2,29 км2. Найбольшая глыбіня 2,2 м. Даўжыня 1,97 км. Найбольшая шырыня 1,33 км. Даўжыня берагавой лініі 6,1 км. Аб’ём вады 2,81 млн. м3. Плошча вадазбору 30,5 км2. Схілы катлавіны нізкія, параслі лесам і хмызняком. На У вялікі заліў. Берагі нізкія, забалочаныя, у паўднёвай частцы тарфяністыя, пад хмызняком. Дно плоскае, каля берагоў выслана торфам, месцамі пяском, у цэнтральнай частцы сапрапелем. Вада вызначаецца нізкай празрыстасцю (да 0,6 м), змяшчае вялікую колькасць арганічнага рэчыва. Возера поўнасцю зарасло падводнай расліннасцю, уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шырынёй да 150 м. На поўнач выцякае ручай у р. Сергуч. На беразе возера гасцінічны комплекс «Домжарыцы».
Какісіна – знаходзіцца ў басейне р. Дзіва, за 27 км на паўночны ўсход ад г. Лепель, каля в. Загорцы, акружана шырокай, месцамі забалочанай поймай. Плошча 0,78 км2. Найбольшая глыбіня 33,5 м. Даўжыня 1,87 км. Найбольшая шырыня 0,55 км. Даўжыня берагавой лініі 5,15 км. Аб’ём вады 8,29 млн. м3. Плошча вадазбору 2,8 км2. Схілы катлавіны вышынёй 12–15 м (на захад і ўсход 2–6 м), разараныя. Берагі пясчаныя, заходнія і паўночныя забалочаныя. Вада вызначаецца чысцінёй і празрыстасцю. Выцякае ручай у воз. Вогзіна (цячэнне толькі ў час разводдзя). Надводная расліннасць пашырана да глыбіні 1,2–2,5 м, падводная – да 10 м.
Окана – знаходзіцца ў басейне р. Эса, за 10 км на паўднёвы захад ад г. Лепель, каля в. Селішча. Плошча 4,13 км2. Найбольшая глыбіня 2,2 м. Даўжыня 2,9 км. Найбольшая шырыня 1,84 км. Даўжыня берагавой лініі 8,3 км. Аб’ём вады 6,34 млн. м3. Плошча вадазбору 46,77 км2. Схілы катлавіны вышынёй 6–10 м (на паўднёвы ўсход і поўдзень 2–5 м), на поўнач невыразныя, пад лесам і хмызняком; на поўнач і паўночны ўсход разараныя. Берагі пясчаныя, тарфяністыя, параслі водна-балотнай расліннасцю і хмызняком, на паўднёвы захад і поўнач сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае, уздоўж заходніх і ўсходніх берагоў пясчанае. Зарастае да глыбіні 2 м, уздоўж берага паласа надводнай расліннасці шырынёй да 200 м. Упадае ручай, выцякае р. Оканіца.
Рагоўскае возера – знаходзіцца ў басейне р. Тураўлянкіа, 30 км на паўночны ўсход ад г. Лепель, за 1 км на поўнач ад в. Варашкі. Плошча 0,6 км2, найбольшая глыбіня 28,1 м, даўжыня 1,71 км, найбольшая шырыня 0,59 км, даўжыня берагавой лініі 4,37 км, аб’ём вады 6,68 млн. м3, плошча вадазбору 99,6 км2. Схілы катлавіны на захадзе вышынёй 18–24 м, параслі хмызняком, на ўсходзе і поўдні вышынёй 4–5 м, часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на ўсходзе нізкія, пясчаныя. Дно да глыбіні 2–3 м пясчанае, да 5–7 м выслана апясчаненымі адкладамі, ніжэй – ілам. Зарастае надводнай расліннасцю да глыбіні 1,7–2 м, падводнай – да 3–4 м. Упадае р. Лукомка.
Тэкліц – знаходзіцца ў басейне р. Сергуч (выцякае з возера), за 13 км на паўночны захад ад г. Лепель, каля в. Звязда. Плошча 2,02 км2. Найбольшая глыбіня 3,2 м. Даўжыня 1,99 км. Найбольшая шырыня 1,29 км. Даўжыня берагавой лініі 5,5 км. Аб’ём вады 4,14 млн. м3. Плошча вадазбору 32,9 км2. Схілы катлавіны вышынёй ад 3 да 12 м, параслі лесам, участкамі разараныя. Берагі пераважна нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком, на поўдзень сплавінныя. Дно сапрапелістае, уздоўж берагоў да глыбіні 0,5 м пясчанае. Моцна зарастае. Упадаюць 2 ручаі, у тым ліку з воз. Луконец.
Цеменіца, Цялгеніца – знаходзіцца ў басейне р. Дзіва, за 30 км на паўночны ўсход ад г. Лепель, каля в. Суша. Плошча 1,07 км2. Найбольшая глыбіня 20,2 м. Даўжыня 2,21 км. Найбольшая шырыня 0,87 км. Даўжыня берагавой лініі 6,2 км. Аб’ём вады 9,46 млн. м3. Плошча вадазбору 105,4 км2. Схілы катлавіны на поўнач і захад вышынёй 11–15 м, на ўсход і поўдзень 6–9 м. На захад і ўсход тэраса вышынёй да 2 м. Берагі высокія, на поўдзень нізкія, пясчаныя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Невялікі востраў. Надводная расліннасць пашырана да глыбіні 1,7 м, падводная – да 3 м. Злучана пратокамі з азёрамі Астраўкі і Ліпна.
На Лепельскім вадасховішчы ўзноўлена і працуе гідраэлектрастанцыя.
Значная колькасць водных рэсурсаў, асабліва азёр, ствараюць спрыяльныя ўмовы для развіцця прамысловага рыбалоўства, воднага і экалагічнага турызму.
ЛІТАРАТУРА
1. Береща // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 45.
2. Береща // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 59.
3. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 478 с.
4. Бобрица // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 49.
5. Воронь // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 102.6. Воронь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн мя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 277.
7. Домжерицкое // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 161.
8. Домжерицкое // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 383.
9. Какисино // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 209.
10. Ломсадзе, Л. Жемчужины Лепельщины / Л. Ломсадзе // Беларуская думка. – 2006. – № 1. – С. 172–178.
11. Оконо // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 330–331.
12. Оконо // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 221–222.
13. Островно // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 270.
14. Теклиц // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 505.
15. Теменица // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 508.
16. Шушкевіч, У. Шэсць азёр / У. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2008.