Помнікі прыроды. Сенненскі раён
- Подробности
- Створана 17.09.2019 09:34
- Адноўлена 23.09.2019 10:08
Паняцце «помнікі» звязана не толькі з гісторыяй і культурай. Помнікі бываюць і ў прыродзе. Галоўная асаблівасць такога аб'екта – унікальнасць і эталоннасць. Знікненне іх – незаменная страта для натуральных ландшафтаў, навукі, адукацыі, культуры.
Помнікі прыроды Сенненшчыны мясцовага значэння: 2 старажытныя паркі, 2 добраўпарадкаваныя крыніцы, помнікі-валуны, дубы-волаты.
Чатыры помнікі-валуны ў Сенненскім раёне ўзяты пад ахову дзяржавы.
Каля в. Вароніна знаходзіцца Чортаў камень, або Кравец. Яго даўжыня 10,2 м, шырыня 6 м, вышыня 4 м. Ён другі па велічыні ў Беларусі.
Каля в. Забор'е ёсць яшчэ адзін Чортаў камень. Яго памеры 4,7x3,3x1,8 м. Пярун-камень, або Вялікі камень, памерамі 4x3,8x2 м знаходзіцца за 1 км на ўсход ад в. Расходна. Побач з в. Арляны ёсць Клін-камень (4,2x2,8x2 м). Пярун-камень памерамі 5,4х4,1х0,8 м знаходзіцца i каля в. Дубы. Недалёка ад в. Пушкары ляжыць так званы камень-следавік (4,2x3,5x1). Даюцца памеры толькі той часткі камянёў, якая знаходзіцца над паверхняй.
Прыроднай каштоўнасцю Сенненскага раёна з'яўляецца векавы дуб, які расце каля в. Леснікова.
На тэрыторыі Сафіеўскага лясніцтва растуць 4 дубы, узрост якіх перавышае 230 гадоў. Каля в. Новае Сяло – сасна, равесніца г. п. Багушэўска. Два дубы-волаты растуць каля в. Канашэва Какоўчынскага сельсавета. Іх дыяметр больш за 1,5 м.
Дуб-волат такіх жа памераў знаходзіцца каля в. Купаваць. Асаблівасць: дрэва стройнае, у вышыню не менш 30 м. Узрост не менш за 300 гадоў, па некаторых меркаваннях каля 500 гадоў. Купавацкі дуб расце каля брацкай магілы воінаў і партызан, месца гібелі Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава на мемарыяльным комплексе «Купаваць».
У цэнтры г. Сянно, каля падножжа старажытнага капішча, недалёка ад Сенненскага возера знаходзіцца помнік прыроды – крыніца «Каплічка», у вадзе якой змяшчаецца невялікая колькасць серавадароду і селен. Раней над крыніцай стаяла драўляная царква, якая была разабрана ў 1937 годзе.
У г. Сянно знаходзіцца яшчэ адна добраўпарадкаваная крыніца «Пясчанка» – гідралагічны помнік мясцовага значэння.
Каля былой в. Бачарова знаходзіцца капішча – разнавіднасць язычніцкага свяцілішча. Асаблівасць – пляцоўка круглай формы, у цэнтры якой узвышаецца дуб у чатыры ахопы. З прыняццем хрысціянства статус капішча знізіўся, аднак малельня праіснавала да пачатку XX стагоддзя.
ЛІТАРАТУРА
1. Іўеў, А. Волаты лясоў нашых / А. Іўеў // Голас Сенненшчыны. – 2018. – 16 студз. – С. 3.
2. Іўеў, А. Купавацкі дуб / А. Іўеў // Витебские вести. – 2018. – 27 сент. – С. 21.
3. Кавалеўскі, С. Магутны прышэлец / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2015. – 14 мая. – С. 15.
4. Камни в тени дубов / подгот. С. Кавалевский // Витебские вести. – 2018. – 27 окт. – С. 7.
5. Лазоўская, Б. Аб чым маўчаць камяні / Б. Лазоўская // Голас Сенненшчыны. – 2004. – 31 ліп. – С. 2.
6. Лазоўская, Б. Чортаў камень / Б. Лазоўская, В. Фёдараў // Рэспубліка – 2004. – 27 кастр. – С. 5.
7. Ляўкоў, Э. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны / Э. Ляўкоў. – Мінск, 1992. – С. 58–59.
8. Пивовар, Н. От Белой Липы до Сенно / Н. Пивовар // Народнае слова. – 1999. – 28 жн. – С. 5.
9. Прахалода «Пясчанкі» / падрыхт. С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2016. – 24 сент. – С. 6.
10. Шайко, С. Камяні / С. Шайко // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 25–26.