Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Геалагічная будова, карысныя выкапні, рэльеф. Шаркаўшчынскі раён

Паверхня Шумілінскага раёна пераважна раўнінная. Большая частка раёна знаходзіцца ў межах Полацкай нізіны, усходняя і паўднёва-ўсходняя – у межах Гарадоцкага ўзвышша. Агульны нахіл паверхні з усходу на захад 85 % тэрыторыі на вышыні 130–150 м, 13 % на вышыні 150–170 м, 2 % – ніжэй за 130 м. Найвышэйшы пункт 177 м (за 2 км на поўнач ад в. Лескавічы), найбольш нізкая адзнака 110 м (урэз Заходняй Дзвіны). Глыбіня расчлянення рэльефу 5 м/км2.

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да паўночна-ўсходніх схілаў Беларускай антэклізы. Сучасная паверхня складзена з паазерскіх марэнных і азёрна-ледавіковых адкладаў, ніжэй залягаюць утварэнні сожскага, дняпроўскага, месцамі бярэзінскага зледзяненняў. Агульная магутнасць тоўшчы антрапагенавых адкладаў 50–80 м. Пад ёй паўсюдна пашыраны дэвонскія гліны, мергелі, пясчанікі, алеўраліты, і на крайнім паўночным усходзе вапнякі (да 350 м) і верхнепратэразойскія (рыфейскія і вендскія) тэрыгенныя адклады (да 470–550 м). Пароды крышт. фундамента на глыбіні 700–850 м ніжэй узроўня мора.

Шумілінскі раён размешчаны ва ўмераных шыротах, гэта і вызначае паступленне ўмеранай колькасці сумарнай сонечнай радыяцыі за год і выразна акрэсленую сезоннасць прыродных працэсаў.

Сярэднегадавая тэмпература паветра + 5,3° С. Зіма ў сярэднім пачынаецца ў канцы першай – на пачатку другой дэкады снежня і заканчваецца ў другой дэкадзе красавіка. Снежны покрыў няўстойлівы. Ападкаў у выглядзе снегу выпадае каля 25 % ад усёй гадавой сумы. Зімой пераважаюць адлігі з высокай воблачнасцю і сырымі вятрамі.

У сярэднім за год на большай частцы тэрыторыі раёна выпадае 550–600 мм ападкаў.

У цэлым клімат спрыяльны для жыцця і асваення тэрыторыі, таму што ён характарызуецца ўмеранасцю асноўных паказчыкаў і адсутнасцю вялікіх ваганняў. Трэба заўважыць, што ў апошнія дзесяцігоддзі ў кліматычных паказчыках назіраюцца ўсё больш істотныя адхіленні ад сярэдніх. Клімат становіцца больш капрызным, што звязана з яго пацяпленнем, якое пачалося ў 60-я гады XX стагоддзя. Такой з’яве садзейнічаюць павелічэнне газаў у атмасферы, аэразольнае забруджванне, паступленне ў атмасферу цеплавой энергіі, змяншэнне лясістасці тэрыторый і асушэнне балот.

3 геалагічнага пункту гледжання Шумілінскі раён размешчаны на Усходне-Еўрапейскай платформе, якую адносяць да ліку самых старажытных і буйных на Зямлі. Характэрнай асаблівасцю даўніх платформ з’яўляецца двух’ярусная будова. Платформы складаюцца з крышталёвага фундамента, пакрытага асадкавым чахлом.

Фундамент платформы складаюць граніты, кварцыты, гнейсы і іншыя крышталёвыя пароды. Платформавы чахол, які магутнай таўшчынёй пакрывае фундамент, багаты на розныя астаткавыя пароды: гліну, суглінкі, пясчанікі, вапнякі і іншыя.

Крышталёвы фундамент залягае на рознай глыбіні. Узнятыя ўчасткі называюцца антэклізамі, найбольш глыбокія – прагібамі, а прамежкавыя – седлавінамі. Шумілінскі раён размешчаны ў межах Латвійскай седлавіны з глыбінёй залягання фундамента ад 500 да 800 м.

На фарміраванне асадкавага чахла аказалі ўплыў старажытныя абледзяненні, якія абумовілі назапашванне магутнай тоўшчы асадкавых парод у антрапагенны час.

У антрапагенны час на тэрыторыі Шумілінскага раёна, як і ўсёй Беларусі, атрымалі распаўсюджванне пяць ледніковых покрываў, а ў прамежках ледніковага прасоўвання былі прыблізна такія ж кліматычныя ўмовы, як і зараз.

Першы, нараўскі ляднік (600–560 тыс. гадоў назад), ахапіў практычна ўсю Віцебскую вобласць. Хутчэй за ўсё, ляднік пераўтварыў, аднак не знішчыў асноўныя рысы даледніковага рэльефу. 3 раставаннем ледніка ўтварыліся на тэрыторыі вобласці азёры і даліны, куды сцякаліся асадкі, тут вырасталі хваёвыя і змешаныя лясы, балотна-лугавая расліннасць. Надышло першае белавежскае міжледнікоўе.

Другі, бярэзінскі ляднік (480–460 тыс. гадоў назад), захапіў усю тэрыторыю нашай вобласці. Ён выворваў зямлю, прыкметным вынікам гэтага і з'явіліся разнастайныя лагчыны. Пры адступленні ледніка ў александрыйскае леднікоўе на тэрыторыі Віцебскай вобласці ўзнікла шмат азёр, рэк і балот з характэрнымі адкладаннямі. З’явіліся спачатку хваёвыя і бярозавыя лясы, а затым піхта-дубова-грабавыя лясныя масівы, у якіх жылі шаблязубыя тыгры, ваўкі і папярэднікі маманта – дынатэрыі.

Новае пахаладанне прывяло да паступовага знікнення лясоў і большасці жывёлы. 3 поўначы насоўваўся трэці ляднік, дняпроўскі (350–280 тыс. гадоў назад). Абломкавымі матэрыяламі, якія пакінуў ляднік, і талымі водамі была пакрыта ўся сучасная тэрыторыя вобласці. 3 надыходам шклоўскага леднікоўя, якое надышло неўзабаве, распасціраліся вялікія канечна-марэнавыя грады са шматлікімі азёрамі, рэкамі і балотамі. Пераважаў шыракалісты лес, сярод буйных звяроў таго часу былі першыя маманты, шарсцістыя насарогі, нашчадкі зуброў, пячорныя мядзведзі.

Сожскі ляднік (220–130 тыс. гадоў назад) таксама захапіў усю вобласць. Абледзяненне не было суцэльным. Пра гэта сведчаць марэны, падзеленыя міжстадыяльнымі пяскамі, супесямі, суглінкамі і іншымі адкладаннямі. Усё гэта прывяло, хутчэй за ўсё, да з’яўлення новай расліннасці.

Пасля сожскага абледзянення прыйшла міжледніковая эпоха – муравінская. Сённяшняя тэрыторыя Шумілінскага раёна была з тыповым ледніковым рэльефам. У азёрах, рачных далінах і балотах накопліваліся разнастайныя парогі з гліны і пяску, сярод якіх істотнае месца належала так званым алювіяльным адкладанням.

Пахаладанне, якое надышло зноў, прывяло да з’яўлення на нашых землях паазерскага ледніка (95–10 тыс. гадоў назад). За яго межамі разлеглася тундра з невялікімі хваёвымі і бярозавымі гаямі. 3 вымерлых сёння звяроў у той час жылі маманты і шарсцістыя насарогі. Па меры адступлення ледніка клімат паступова змяняўся, станавіўся падобным на цяперашні.

3 пасляледніковай эпохай (галацэнам) звязана фарміраванне сучаснага рэльефу паверхні, вызначэнне асноўных рыс расліннага і жывёльнага свету.

Тэрыторыя Шумілінскага раёна багатая на нярудныя карысныя выкапні, якія адносяцца да парод астаткавага чахла. Гэта торф, сапрапелі, будаўнічы пясок, гравій, гліна для вырабу цэглы.

Торф. Яго радовішчы залягаюць па балотах верхавога тыпу і могуць быць аднесены да сыравіны, якая ўтрымлівае вуглявадароды. У нашым раёне яго выкарыстоўваюць як мясцовы від паліва ў выгледзе фрэзернага ці кавалкавага торфу, у меншай ступені ён ідзе на ўгнаенні. Торф выкарыстоўваюць для вытворчасці біястымулятараў, кармавых дражджэй, сарбентаў, фарбавальнікаў драўніны, воску, лекавых сродкаў, прадуктаў для бытавой хіміі і паліграфіі.

Перспектыўнымі радовішчамі для вытворчасці кармавых дражджэй на тэрыторыі раёна з’яўляюцца Чысцік, Сідзень, Чорны Мох. Радовішчы торфу, які ідзе для вырабу воску, – Обаль–1 і Чысцік.

У раёне 5,1 тысячы га часткова выпрацаваных залежаў торфу, якія падсцілаюцца сапрапелямі і могуць быць крыніцай арганагеннай сыравіны для сельскай гаспадаркі, медыцыны і вытворчасці бітуму.

Сапрапель – звычайна аліўкава-бурая, тлустая на вобмацак маса. Арганічнае рэчыва сапрапеляў накопліваецца ўнутры вадаёмаў і папаўняецца з зоны вадазбору.

Адкладаннямі сапрапеляў багата дно возера Дабееўскае (заглейванне 88 %). Такія ж адкладанні на азёрах Расалай, Ценіца, Мошня. Выкарыстоўваюць сапрапель па-рознаму: атрымліваюць угнаенні, вапнавыя матэрыялы, выкарыстоўваюць у якасці лячэбных гразяў і для атрымання на іх аснове лячэбных прэпаратаў.

Пяскі будаўнічыя выкарыстоўваюць для вытворчасці бетону, сілікатных вырабаў, будаўнічых раствораў. У асноўным радовішчы, блізкія да паазерскіх адкладанняў. Залягаюць на глыбіні 0,1–7,5 м, нават да 25 м і больш. У Шумілінскім раёне іх запасы складаюць 6,4 млн. т.

Гліна для вырабу цэглы і ганчарная гліна. Ужываецца для вырабу цэглы, чэрапіцы, дрэнажных труб. Запасы сыравіны складаюць 25,9 млн. т.

Рэльеф Шумілінскага раёна фарміраваўся на працягу доўгага часу пад уздзеяннем розных геалагічных працэсаў, з якіх самы, відаць, важны – дзейнасць покрыўных абледзяненняў.

З’яўляючыся краем раўнін, наш раён мае даволі разнастайны рэльеф. Тут сустракаюцца ледніковыя нізіны і ўзвышшы, рачныя даліны і азёрныя катлавіны, узгоркі, яры і лагчыны, а таксама тэхнагенныя формы. Гэта вынік складанага ўзаемадзеяння эндагенных, экзагенных і тэхнагенных працэсаў.

У цэлым тэрыторыя раёна размяшчаецца ў Полацкай нізіне, захоплівае на поўначы часткова Гарадоцкае ўзвышша і Шумілінскую хвалістую марэнную раўніну.

Полацкая нізіна займае цэнтральнае месца Віцебскай вобласці, на ўсходзе мяжуе з Шумілінскай раўнінай. Плошча Полацкай нізіны – амаль 12 тыс. км2. Вышыня ў цэнтральнай частцы вагаецца ад 130 да 140 м, а па краях – да 160 м. У цэлым нізіна ўяўляе сабой чашу з няроўнымі краямі і хвалістым дном. У эпоху адступлення паазерскага ледніка тут сабраліся багатыя адкладанні, утварыліся азёрныя катлавіны і даліны рэк басейна Заходняй Дзвіны.

Усходняя частка нізіны ў межах нашага раёна складаецца з азёрных пяскоў, паверхня тут плоскаўзгорыстая, паблізу рэк – забалочаная.

Паўночная частка Шумілінскага раёна размешчана ў межах Гарадоцкага краявога ледніковага ўзвышша, яго абсалютныя вышыні дасягаюць 180 м над узроўнем мора. Пры яго пераходзе да Шумілінскай раўніны рэльеф узвышша становіцца дробнаўзгорыстым, дзе шмат забалочаных лагчын, багатых на торф.

Шумілінская раўніна з’яўляецца асноўнай формай рэльефу раёна.

3 паўднёвага захаду на паўночны ўсход яна выцягнулася на адлегласці каля 100 км, шырыня гэтай паласы ад 5–10 да 40–50 км. На захадзе яна мае межы з Полацкай, на ўсходзе – з Суражскай нізінамі. Паўночная граніца выразна праходзіць па падножжы Гарадоцкага ўзвышша, а паўднёвая супадае з далінай Заходняй Дзвіны.

Яе паверхня плоская і спадзіста-хвалістая з невялікімі адноснымі вышынямі, глыбінёй залягання амаль на 5 м.

Абсалютныя вышыні пераважна вагаюцца ў межах 150–170 м, па далінах рэк яны зніжаюцца да 140 м. Найбольшая абсалютная вышыня – 176,4 м ва ўрочышчы Ахрамеева (недалёка ад вёскі Лескавічы).

Характар рэльефу прыкметна змяняецца паблізу азёрных катлавін з пяскамі, якія ўтварыліся дзякуючы старажытнаму абледзяненню.

У будове рэльефу Шумілінскай раўніны прыкметную ролю адыграваюць лагчыны сцёку талых ледніковых вод. Найбольш тыповай з’яўляецца Лескавіцкая лагчына, размешчаная на поўдзень ад Шуміліна, выцягнутая на 25 км з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Лагчына занятая сістэмай азёр рознай плошчы і глыбіні, у тым ліку і самымі глыбокімі азёрамі раёна – Круглік (31,5 м), Лескавічы (30,7 м).

Такім чынам, Шумілінскі раён размешчаны ў зоне ледніковай акумуляцыі са спадзіста-хвалістым рэльефам з глыбокімі азёрнымі катлавінамі.

Важна адзначыць, што сучасны рэльеф змяняецца пад уздзеяннем антрапагенных фактараў. У выніку распрацоўкі радовішчаў пяску і гліны паступова знікаюць невялікія ўзгоркі, на іх месцы з’яўляюцца кар’еры. Карыстальнікі пяску, гравію, гліны праводзяць рэкультывацыю выпрацаваных кар’ераў і перадаюць землі ў сельскагаспадарчы абарот. Акрамя гэтага праводзіцца выраўноўванне асобных участкаў пры асваенні іх пад ворыва і забудову. Дарэчы, некаторыя мясціны раёна цалкам маглі б служыць базай для заняткаў біятлонам і курортамі зімовага адпачынку.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Геалогія. Карысныя выкапні // Гісторыка-краязнаўчы курс «Наша Шуміліншчына». Шуміліназнаўства / уклад.: В. А. Падляшчук [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 8–11.

2. Клімат // Гісторыка-краязнаўчы курс «Наша Шуміліншчына». Шуміліназнаўства / уклад.: В. А. Падляшчук [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 18–20.

3. Махнач, А. А. Краткий очерк геологии Беларуси и смежных территорий / А. А. Махнач. –Минск : Беларуская навука, 2014. – 190 с.

4. Рэльеф // Гісторыка-краязнаўчы курс «Наша Шуміліншчына». Шуміліназнаўства / уклад.: В. А. Падляшчук [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 15–18.

5. Шумилинский район // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region: the nature, tourism, sport, rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский Центр маркетинга, 2005. – С. 220–221.

6. Шумилинский район // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 619–617.

7. Шумилинский район // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 203.

8. Шумілінскі раён / Ф. Ф. Бурак [і інш.] // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСэ імя П. Броўкі, 1986. – Т. 5 : Стаўраструм–Яшчур. – С. 390–391.