Перыяд дзеяння: чэрвень 1941 г. – снежань 1942 г.
Месца: в. Новая Тухіня, Дубровенскі раён, Віцебская вобласць
Колькасць : 14 чалавек
Кіраўнікі: В. Р. Свойнікаў (Свайняк)
Новатухінскае партыйна-камсамольскае падполле дзейнічала ў чэрвені 1941 г. – снежні 1942 г. у в. Новая Тухіня Дубровенскага раёна. Аб’ядноўвала 14 чалавек, у тым ліку 3 камуністаў і 5 камсамольцаў. Лідар – камуніст В. Р. Свойнікаў (Свайняк). Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з адным з кіраўнікоў Аршанскага партыйна-камсамольскага падполля Л. Н. Анкіновічам, а праз падпольшчыка А. I. Палітава – з упаўнаважаным ЦК КП(б)Б I. С. Шурманам.
Яшчэ да акупацыі раёна камуністы і камсамольцы, а таксама актывісты вёскі прымалі ўдзел у барацьбе супраць варожых дыверсантаў, аднаўлялі разбуранае чыгуначнае палатно. Па заданні кіраўніцтва групы Г. Е. Кузьмянкоў стаў бургамістрам воласці, I. М. Саўкін – пісарам. Яны перадавалі на явачныя кватэры Е. В. Свойнікавай і А. Т. Васілёнак бланкі дакументаў, звесткі аб намерах акупацыйных улад. Сувязь з Аршанскім падполлем падтрымлівалі Е. В. Свойнікава, Д. Я. Тарасенка, з партызанамі – С. М. Свойнікава, В. В. Свойнікава, П. П. Бялясаў і інш.
Падпольшчыкі распаўсюджвалі савецкія лістоўкі і газеты, збіралі зброю, боепрыпасы, дапамагалі чырвонаармейцам, якія выходзілі з акружэння, – забяспечвалі іх адзеннем, дакументамі, перадавалі партызанам звесткі пра варожыя абозы з харчамі, нарабаванымі ў насельніцтва. Пусцілі пад адхон воінскі эшалон, які рухаўся з Оршы ў Смаленск.
У снежні 1942 года фашысты арыштавалі патрыётаў. Пасля зверскіх катаванняў у Оршы пакараны смерцю П. П. Бялясаў, А. Т. Васілёнак, Б. А. Васілёнак, А. П. Доўбыш, Г. Е. Кузьмянкоў, I. М. Саўкін, В. Р. Свойнікаў, Е. В. Свойнікава, С. М. Свойнікава, Д. Я. Тарасенка, Ф. М. Шабураў, П. Ц. Шыцікаў. У в. Новая Тухіня на будынку Дома культуры ў 1982 г. у гонар падпольшчыкаў устаноўлена мемарыяльная дошка.
ЛІТАРАТУРА
1. Шумейка, М. Ф. Новатухінскае партыйна-камсамольскае падполле / М. Ф. Шумейка // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 375.