website design templates

Смалянскае партыйна-камсамольскае падполле
 Аршанскі раён

Перыяд дзеяння:  ліпень 1941 г. – ліпень 1944 г.

Месца: в. Смаляны, Аршанскі раён, Віцебская вобласць

Колькасць: 16 чалавек

Кіраўнікі: Л. І. Красноўскі


Смалянскае партыйна-камсамольскае падполле з’яўляецца састаўной часткай Аршанскага партыйна-камсамольскага падполля. Дзейнічала з ліпеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. у в. Смаляны Аршанскага раёна. З чэрвеня 1943 г. знаходзілася пад кіраўніцтвам Аршанскага падпольнага РК КП(б)Б. Аб’ядноўвала 16 чалавек, у тым ліку 4 камуністаў і 4 камсамольцаў, на чале з камуністам Л. І. Красноўскім.

Па загадзе кіраўніцтва Аршанскага падполля Л. Красноўскі быў накіраваны ў раён в. Смаляны, дзе з дапамогай мясцовых жыхароў У. М. Аўтухова і Д. П. Дзятлоўскага стварыў падпольную групу, у якую хутка ўвайшлі У. Я. Міцкевіч, Н. І. і Ф. І. Кунцэвічы, А. Н. Цынкевіч, В. Я. Шыбека і інш. Сувязь з Аршанскім падполлем ажыццяўлялася праз Я. І. Шыбеку. Падпольшчыкі дзейнічалі ў кантакце з камандаваннем партызанскай брыгады 1-й імя К. С. Заслонава, спецгрупай «Няўлоўныя» і інш. Патрыёты праводзілі агітацыйна-прапагандысцкую работу, мелі радыёпрыёмнік, прымалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро. Г. А. Прысмакаў, які працаваў па заданні падполля пісарам Смалянскай управы, збіраў і перадаваў партызанам разведданыя, звесткі пра карныя аперацыі, якія рыхтаваліся. Падпольшчыкі збіралі зброю, боепрыпасы і перапраўлялі іх на цэнтральную базу Аршанскага падполля. Падпольшчыца Цынкевіч з дапамогай магнітных мін падарвала 3 варожыя аўтамашыны.

У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі У. М. Аўтухоў, Д. П. Дзятлоўскі, Л. І. Красноўскі, Н. І. і Ф. І. Кунцэвічы, У. Я. Міцкевіч, В. М. і Г. А. Прысмакавы, А. Н. Цынкевіч, З. Л. Ярмошкіна. У Смалянах у 1977 г. у гонар падпольшчыкаў была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

ЛІТАРАТУРА

1. Шумейка, М. Ф. Смалянскае партыйна-камсамольскае падполле / М. Ф. Шумейка // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1990. – С. 569.