Забудова гістарычнага цэнтра горада. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 04.07.2019 15:23
- Адноўлена 22.07.2019 09:38
Забудова вуліцы Леніна – старажытная вуліца горада. Сучасную канфігурацыю яна набыла ў канцы XVIII стагоддзя ў адпаведнасці з рэгулярнай планіроўкай. На ёй захаваліся культавыя, грамадскія і жылыя будынкі, якія складаюць адзіны комплекс адна-, двухпавярховых мураваных пабудоў са своеасаблівай мясцовай трактоўкай форм барока і класіцызму.
Дом № 20, францысканскі кляштар. Пабудаваны ў пачатку XVIII стагоддзя з цэглы. Складаўся з жылога корпуса і касцёла (не захаваўся). У сярэдзіне XIX стагоддзя жылы корпус быў прыстасаваны пад адміністрацыйную ўстанову. Зараз частка будынка адведзена пад жыллё. Будынак – помнік архітэктуры барока.
У 1917 годзе ў будынку размяшчаўся Полацкі камітэт РСДРП. У 1978 годзе на доме была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Дамы № 22, № 24, Богаяўленскі мужчынскі манастыр. Заснаваны ў XVI стагоддзі, з'яўляўся цэнтрам праваслаўнага полацкага брацтва, у школе якога ў 1656 годзе выкладаў Сімяон Полацкі. Складаўся з Богаяўленскай царквы і жылога корпуса (зараз выкарыстоўваецца пад жыллё). Комплекс Богаяўленскага манастыра – помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызму.
Дом № 26. Пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя з цэглы як жылы. Двухпавярховы, неатынкаваны. Да прамавугольнага ў плане асноўнага аб'ёму прылягае тамбур з уваходам з боку двара. Галоўны фасад дэкарыраваны аконнымі ліштвамі, аркатурнымі паясамі, руставанымі лапаткамі, арнаментальнымі элементамі. На 2-м паверсе ажурны балкон. Будынак – помнік архітэктуры з элементамі стылю «мадэрн».
Дом № 30. Пабудаваны ў 1-й палове XIX стагоддзя, з цэглы як жылы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане аб'ём. Паверхі аддзелены карнізным паяском, плоскасці сцен прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны сандрыкамі. Будынак – помнік архітэктуры класіцызму.
У аналагічных архітэктурных формах вырашаны дамы № 38, № 40, № 46, № 48. Своеасаблівы комплекс складаюць будынкі на процілеглым баку вуліцы.
Дом № 9/1. Пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя з цэглы як адміністрацыйны будынак. Двухпавярховы с паўпадвальным паверхам будынак. Накрыты вальмавым дахам. Паверхі аддзелены карнізным паяском. Сцены завершаны масіўным карнізам з сухарыкамі. Прамавугольныя окны з ліштвамі дэкарыраваны простымі сандрыкамі. Будынак – помнік архітэктуры класіцызму.
Дом № 11, лютэранская царква. Пабудавана ў пачатку XX стагоддзя. Аднавежавы (на галоўным фасадзе) храм. У кампазіцыі выкарыстаны ступенчатыя контрфорсы, пінаклі, стральчатыя праёмы. Царква – помнік архітэктуры несапраўднай готыкі. Зараз тут размешчаны Полацкі краязнаўчы музей.
Дом № 33, домік Пятра I. Пабудаваны ў 1962 годзе як жылы, перабудаваны ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя. Зараз тут змешчана стацыянарная выстава «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай». Аднапавярховы з паўпадвальным паверхам будынак у плане мае форму няправільнага прамавугольніка. Асноўныя дэкаратыўныя элементы сканцэнтраваны на галоўным паўднёвым і тарцовым фасадах. Плоскасці сцен прарэзаны высокімі прамавугольнымі праёмамі з ліштвамі і фігурнымі сандрыкамі, цэнтральная частка галоўнага фасада вылучана 2 прафіляванымі філёнгамі. Тарцовы фасад завершаны фігурным атыкам з ляпнымі разеткамі (перароблены ў XIX ст). Парадныя ўваходныя дзверы дэкарыраваны раслінным арнаментам і маскаронамі (разьба па дрэве). Перакрыцці 1-га паверха бэлечнае, паўпадвальнага – скляпеністае. У архітэктуры будынка выкарыстаны элементы барока. У доме з 12 чэрвеня да 15 ліпеня 1705 года жыў Пётр I. У памяць аб гэтым на доме ўсталявана мемарыяльная дошка.
Дом № 35. Пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя з цэглы як жылы. Аднапавярховы Г-падобны ў плане будынак. Галоўны фасад вертыкальнымі філёнгамі расчлянёны на 3 часткі. Вокны цэнтральнай часткі абрамлены прафіляванымі аркамі, бакавых – простымі сандрыкамі з кранштэйнамі. Сцены фасадаў дэкарыраваны паяском над вокнамі і завершаны тонка-прафіляваным карнізам. Да тарцовай часткі прыбудаваны тамбур з галоўным уваходам. Унутраная планіроўка анфіладная. У архітэктуры будынка выкарыстаны элементы класіцызму.
У заходняй частцы горада знаходзіцца забудова плошчы Леніна. Яна была сфарміравана ў XVII стагоддзі перад будынкам калегіума і касцёла езуітаў. З XVIII стагоддзя вядома як Парадная плошча, з 1830 года – Корпусная, зараз – плошча Леніна.
Ансамбль XVIII стагоддзя фарміраваўся ў 2 этапы: у 1776 годзе пастаўлены будынкі паштовага двара, магістрата, канцылярыі (не зберагліся), да 1784 года – жылыя і адміністрацыйныя будынкі. Плошча ў плане мела форму блізкую да квадрата. На заходнім яе баку знаходзіліся касцёл і калегіум езуітаў, на ўсходнім – будынкі грамадзянскай і крымінальнай палат, намесніцкага праўлення (не зберагліся), на паўднёвым – дамы губернатара, магістрата, верхняй і ніжняй упраў, на паўночным – дамы каменданта і віцэ-губернатара, земскіх судоў, комплекс дамініканскага манастыра.
Дом губернатара. Пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя з цэглы. Двухпавярховы П-падобны ў плане будынак. Галоўны фасад арыентаваны на плошчу, вызначаецца прастатой архітэктурных форм, пазбаўлены дэкаратыўных дэталей. Гладкія сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі, завершаны агульным прафіляваным карнізам. На 1-м паверсе былі службовыя памяшканні і канцылярыя, на 2-м – жылыя пакоі. Будынак – помнік архітэктуры класіцызму.
У аналагічных архітэктурных формах вырашаны дамы № 4 і № 8.
Дом каменданта. Пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя з цэглы. Зараз тут знаходзіцца адміністрацыйная ўстанова. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак. Плоскасці сцен прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі, завершаны простым прафіляваным карнізам. Да дваровага фасада прыбудавана лесвіца, якая вядзе на 2-і паверх. Меў па 2 пакоі на кожным паверсе. Будынак – помнік архітэктуры класіцызму.
Будынак № 5 аналагічны па планіроўцы і дэкоры.
ЛІТАРАТУРА
1. Кірэйшын, М. В. Забудова вуліцы Леніна / М. В. Кірэйшын, Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1985. – С. 341–343.
2. Караткевіч, В. Б. Забудова плошчы Леніна / В. Б. Караткевіч, Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1985. – С. 343–344.
3. Малашэня, Л. Навабуд пад кантролем / Л. Малашэня // Народнае слова. – 2003. – 15 крас. – С. 2.
4. Платонова, Р. М. Планировка и застройка главной площади Полоцка в конце XVIII – начале XIX века / Р. М. Платонова, М. А. Платонова // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия F, Строительство. Прикладные науки. – 2012. – № 8. – С. 11–17.