Друк. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 14.07.2021 08:40
- Адноўлена 09.11.2021 09:30
Перыядычны друк у Віцебску з'явіўся ў XVIII ст., калі быў выдадзены «Віцебскі летапіс» – адно з найбольш прыкметных друкаваных выданняў дарэвалюцыйнага перыяду.
Пасля адкрыцця ў 1797 годзе ў Віцебску губернскай друкарні магчымасці мясцовага друку значна пашырыліся. Да 1917 года друкарня выдала больш за 250 найменняў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў. Сярод іх: «Памятная кніжка Віцебскай губерні» (выдавалася з 1860 года), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885 года), «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы...» (вып. 1–32, 1871–1906 гг.).
У 1838 годзе ў горадзе з'явілася першая газета – «Витебские губернские ведомости», якая выдавалася да 1918 года. У ёй былі афіцыйны і неафіцыйны аддзелы. Апошні набыў статус самастойнай газеты і, пачынаючы з 1901 года, выдаваўся асобна. У ім асвятляліся мясцовае жыццё, падзеі за мяжой, друкаваліся матэрыялы па пытаннях эканомікі, культуры, народнай асветы і г. д.
У 1905–1907 гг. на змену неафіцыйнаму аддзелу «Витебских губернских ведомостей» прыйшла прыватная газета «Витебский голос». У гады рэвалюцыі 1905–1907 гг. яна выступала супраць узброенага паўстання, аднак асуджала крайнія формы ўрадавых рэпрэсій удзельнікаў рэвалюцыі, імперыялістычныя планы царызму ў вайне з Японіяй, асвятляла работу V (Лонданскага) з'езда РСДРП, на старонках газеты з'яўляліся асобныя творы Л. Талстога, І. Тургенева, А. Купрына, М. Горкага, вершы мясцовых аўтараў, асвятляла тэатральнае жыццё горада.
Са студзеня 1907 года выпуск неафіцыйнага аддзела «Витебских губернских ведомостей» быў адноўлены. 3 чэрвеня 1912 года замест яго пачала выходзіць газета «Витебский вестник», якая выдавалася да красавіка 1917 года. «Агрономический листок», які выходзіў у 1912 годзе на 12–16 старонках, з'яўляўся двухтыднёвым дадаткам да «Витебского вестника».
У 1874–1918 гг. выходзіла газета «Полоцкие епархиальные ведомости», у 1898–1899 гг. – грамадска-эканамічная і сельскагаспадарчая газета «Витебский листок», у 1906 годзе – штодзённая грамадска-палітычная, навуковая і літаратурная газета «Витебская жизнь», а таксама «Витебский курьер», тэматыка якога абмяжоўвалася ў асноўным тэлеграмамі пра апошнія падзеі.
У 1901–1903 гг. у Віцебску падпольна распаўсюджвалася бальшавіцкая газета «Искра», якая мела ў горадзе сваіх карэспандэнтаў.
Перыяд 1905–1907 гг. адзначаны выхадам газет «Голос жизни» і «Народный листок».
«Лістком аб'яў і рэклам» называла сябе газета «Витеблянин», якая выходзіла ў 1909 годзе. Да ліку манархічных і ліберальна-дэмакратычных газет можна аднесці «Витебское церковно-общественное слово».
У 1912–1914 гг. у горадзе выходзіла «Витебская газета-копейка», якая называла сябе «прагрэсіўнай штодзённай газетай», у 1914 годзе – штотыднёвая газета «Витебская мысль».
Выдаваліся грамадска-палітычныя і літаратурныя часопісы «Придвинский край» (1912–1913) і «Витебский край» (1916–1917).
Штодзённа з лютага 1916 па ліпень 1919 гг. выходзіла прыватная газета «Витебский листок» і два яе дадаткі «Вечерний бюллетень Витебского листка» і бясплатная газета «Кабирия».
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў горадзе пачала выдавацца «Витебская социал-демократическая газета». У красавіку–маі 1917 года пад дэвізам «Свабода, Роўнасць, Братэрства» выходзіла штодзённая газета «Свободное слово». Традыцыі і палітычную накіраванасць гэтай газеты пасля яе закрыцця ў кастрычніку 1917 года працягвала штотыднёвая палітычная газета «Витебское слово».
Пытанні сельскай гаспадаркі і жыцця беларускага сялянства асвятлялі «Известия Витебского губернского Совета крестьянских депутатов» (выходзіла восенню 1917 года).
У кастрычніку–лістападзе 1917 года ў горадзе выдавалася газета «Трудовой народ».
У 1917 годзе бальшавікі Віцебска пачалі выдаваць газету «Известия военно-революционного комитета города Витебска». Яе назва неаднойчы мянялася: «Известия Витебского губернского Совета крестьянских, рабочих, красноармейских и братских депутатов», з 1924 года – «Заря Запада», з 1929 года – «Віцебскі пралетарый», з 1938 года – «Віцебскі рабочы».
У перыяд грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Віцебску была створана новая газета «Голос бедняка» (з 1918 года), якую ў 1921 годзе змяніў «Голос крестьянина». У 1922 годзе выходзіла штодзённая газета «Советская деревня», у 1924–1928 гг. – «Витебская крестьянская газета».
У 1919–1923 гг. выходзіў часопіс «Коммунистический труд», які з'яўляўся органам губернскага камітэта РКБ(б) і губпрафсаюза, а ў 1920–1921 гг. выдавалася газета «Голос труда», заснавальнікам якой стаў губсавет прафсаюзаў і губсавнархоза. Некаторы час выдавалася яшчэ адна газета прафсаюзаў «Профсоюзная мысль».
3 1919 года ў Віцебску дзейнічала аддзяленне РОСТА, якое рыхтавала агітплакаты, лістоўкі, брашуры, газеты. У 1921 годзе ім быў заснаваны «Журнал Витебского отделения Роста».
У наступныя гады ў розны час выдаваліся часопісы «Вестник Витебского губернского комитета РКП(б)» (1919–1920), «Вестник Витебского губернского отдела народного образования» (1921), «Искусство» (1921), «Белорусский этнограф» (1922), «Бюллетень официальных распоряжений и сообщений Витебского губоно» (1923–1924), «Бюллетень витебского внуторга и товарной биржи» (1923–1924), «Штурм» (1931, штомесячны дадатак да газеты «Віцебскі рабочы»), «Белорусская ветеринария» (1925–1929) і іншыя.
Некаторыя віцебскія часопісы выходзілі на мове ідыш: «Дер фраер арбетер» («Свободный рабочий»; 1918–1919 гг.), «Хвалес» («Волны»; 1919–1920 гг.), «Народное просвещение» (1920–1922 гг.; дадатак да газеты «Красная звезда»).
У гады Вялікай Айчыннай вайны Віцебшчына аказалася пад акупацыяй. Але і ў ваеннае ліхалецце прэса жыла, клікала людзей на барацьбу з ворагам. У чэрвені 1942 года аднавіўся выпуск абласной газеты «Віцебскі рабочы», якая выдавалася ў Суражскай партызанскай зоне. На яе старонках друкаваліся зводкі Савінфармбюро, фрагменты з данясенняў партызанскага камандавання і падпольных райкамаў партыі, звароты да насельніцтва акупіраваных тэрыторый весці барацьбу з нямецкімі захопнікамі, ісці ў партызаны, берагчы хлеб, хаваць яго ад рабаўнікоў. Друкаваліся таксама пісьмы сведкаў фашысцкіх здзекаў.
Са жніўня 1941 года ў горадзе выдавалася газета «Витебские ведомости», якая з'яўлялася афіцыйным друкаваным органам Віцебскай гарадской управы. У снежні 1941 года газета была перайменавана ў «Новый путь» і выходзіла пад такой назвай да чэрвеня 1944 года.
Адразу пасля вызвалення абласнога цэнтра (26 чэрвеня 1944 года) «Віцебскі рабочы» стаў выходзіць у стацыянарных умовах. Больш за чатыры дзесяцігоддзі ён з'яўляўся адзінай абласной газетай. Акрамя яе, у гарадах і раёнах выдаваліся аб'яднаныя, гарадскія, раённыя газеты, на буйных прадпрыемствах – шматтыражкі.
Так, у пасляваенныя дзесяцігоддзі ў Віцебску выходзілі ў свет, акрамя «Віцебскага рабочага», раённая газета «Калгасная трыбуна» (цяпер «Жыццё Прыдзвіння»), шматтыражкі: з 1995 года «Сцяг працы» (пазней «Кимовец», спыніла сваё існаванне ў пачатку 2001 года; ААТ «КІМ»), з 1995 года – «Сцяг індустрыялізацыі» (фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі»), з 1959 года – «Заря коммунизма» (дывановая фабрыка, зачынена ў 1969 годзе).
У 1958 годзе ў Віцебску выйшаў першы пасляваенны часопіс – літаратурна-мастацкі альманах «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная». Ён быў выдадзены літаратурным аб'яднаннем пры газеце «Віцебскі рабочы». Наступныя выпускі выдадзены Віцебскім абласным аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
З сярэдзіны 1970-х гадоў сталі з'яўляцца шматтыражныя газеты на некаторых прадпрыемствах. У 1974 годзе «Монолит» (ВА «Маналіт»), у 1977 годзе – «Строитель» (будаўнічы трэст № 9), у 1978 годзе – «Знамя строителя» (трэст «Міжкалгасбуд»), у 1981 годзе – «Машиностроитель» (завод «Эвістар») і «Рабочее слово» (тэлезавод – цяпер ААТ «Віцязь»). Праіснавалі яны да канца 1980-х– пачатку 1990-х гадоў.
У 1945–1996 гг. выходзіла газета «Гвардеец» 103-гвардзейскай (потым Віцебскай) ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга, Кутузава 3-й ступені паветрана-дэсантнай дывізіі. Падчас вайны ў Афганістане яна выходзіла пад назвай «Гвардейская доблесть».
У снежні 1990 года з'явіўся першы нумар другой абласной газеты «Народнае слова», а ў сакавіку 1991 года пачала выходзіць газета Віцебскага гарвыканкама і гарадскога Савета дэпутатаў «Віцьбічы».
Многія газеты з'яўляюцца ведамаснымі. Гэта «02. Газета Витебской милиции», «Наша жизнь» (газета ВДУ імя П. М. Машэрава – зараз «Мы і час»), «Медвузовец» (Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт) і інш.
Віцебская прэса прадстаўлена і рэкламнымі выданнямі, сярод якіх газеты «В каждый дом», «Впрок», «Твой город».
З 1995 года ў горадзе выходзіць гісторыка-публіцыстычны часопіс «Мишпоха» («Сям'я») Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх арганізацый і абшчын.
Прыкметнай з'явай у беларускім краязнаўстве з'яўляецца гістарычны навукова-папулярны часопіс «Віцебскі сшытак».
Друкуецца газета «Наше православие». Заснавальнік – Віцебская Епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы.
З 1995 года выходзіць часопіс «Вестник Витебского государственного технологического университета», які публікуе артыкулы па тэматычных напрамках: тэхналогія і абсталяванне лёгкай прамысловасці і машынабудавання, хімічная тэхналогія і экалогія, эканоміка.
Праз год пачаў выходзіць навукова-практычны часопіс «Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта». Сёння часопіс складаецца з трох рубрык: «біялогія», «матэматыка», «педагогіка». Часопіс уключаны ў Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па біялагічных, педагагічных і фізіка-матэматычных навуках.
З 2002 года выдаецца часопіс «Вестник Витебского государственного медицинского университета», які разглядае шырокі спектр пытанняў па біялогіі, патафізіялогіі, малекулярнай біялогіі, біяхіміі, клінічнай медыцыне.
У 2013 годзе шляхам аб'яднання дзвюх газет «Віцебскі рабочы» і «Народнае слова» была створана абласная газета «Витебские вести».
3 цягам часу ў горадзе сталі працаваць карэспандэнцкія пункты рэспубліканскіх выданняў «Звязда», «Советская Белоруссия. Беларусь сегодня», «Рэспубліка», «Народная газета», інфармацыйных агенцтваў БелТА, Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі, тэлеканалаў ОНТ, СТВ.
3 1927 года пачало вяшчанне віцебскае абласное радыё. У 1998 годзе ўпершыню прагучалі пазыўныя радыёстанцыі «Радыё "Віцебск"». На тэрыторыі горада функцыянуюць FM радыёстанцыі «Еўропа Плюс Віцебск» (97,8 FM) і «Рэтра Люкс» (104,6 FM).
1960 год стаў годам нараджэння абласнога тэлебачання. Тэлевізійнае вяшчанне прадстаўлена эфірнымі і кабельнымі праграмамі. У Віцебску працуюць 4 аператары кабельнага тэлебачання: унітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг «А1», ТДА «Перадавыя тэхналогіі», ТАА «Тэле-медыя», ТДА «Высокія тэхналогіі Плюс».
Дзяржаўная тэлепраграма ТВТ і «Беларусь 4 Віцебск», праграмы Віцебскага абласнога радыё і FM-станцыі «Радыё "Віцебск"» – 91,2 МГц – сродкі масавай інфармацыі дзяржаўнага прадпрыемства РУП РТЦ «Тэлерадыёкампанія "Віцебск"».
У Віцебску працуе рэгіянальная студыя прыватнай тэлекампаніі «СКІФ».
Работу сродкаў масавай інфармацыі каардынуе ўпраўленне ідэалагічнай работы аблвыканкама, якое займаецца распрацоўкай і ажыццяўленнем мерапрыемстваў, накіраваных на рэалізацыю дзяржаўнай ідэалогіі і дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, развіццём паліграфічнай і выдавецкай базы.
ЛІТАРАТУРА
1. Акуневіч, В. У. Перыядычны друк Віцебска на пераломе часу: 1917 г. / В. У. Акуневіч // Пісьменства і друк на Віцебшчыне: гісторыя і сучаснасць : рэгіянальная навуковая канферэцыя, 15–16 кастрычніка 1996 г. / падрыхт.: В. У. Акуневіч [і інш.]. – Віцебск : ВДУ, 1996. – С. 12–16.
2. Волкова, Л. «Каждый бедняк должен стать богачом» / Л. Волкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 4 нояб. – С. 12.
3. Газеты Беларусі, 1776–1975 : бібліяграфічны паказальнік / склад. Л. М. Няхайчык [і др.]. – Минск : Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 2003. – 316 с.
4. Газете витебской милиции – 20! // На страже. – 2009. – 7 авг. – С. 8.
5. Жумар, С. В. Оккупационная периодическая печать на территории Витебской области в годы Великой Отечественной войны / С. В. Жумар // Война известная и неизвестная : материалы научо-практической конференции, посвященной 60-летию освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков, 15–16 июня 1994 г. / Витебский областной краеведческий музей ; редсов.: В. А. Космач [и др.]. – Витебск, 1995. – С. 31–42.
6. Кузина, О. Дорогой читатель! / О. Кузина // Витебский проспект. – 2012. – 21 июня. – С. 2.
7. Новік, А. Краязнаўчая газета [«Витебские губернские ведомости»] / А. Новік // Зара (Бешанковічы). – 2001. – 7 жн. – С. 2.
8. Печать // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 45–47.
9. Печать, радио, телевидение // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 152–153.
10. Подлипский А. М. Периодическая печать Витебска / А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2001. – 160 с.
11. Подлипский, А. Так начиналась витебская пресса / А. Подлипский // Витебский проспект. – 2012. – 21 июня. – С. 5.
12. Пукшанский, А. Наша биография / А. Пукшанский // Витебский курьер. – 2000. – 9 июня. – С. 4.
13. Радиовещание // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 47.
14. Рыбакова, О. Витебская пресса на срезе истории / О. Рыбакова // Народнае слова. – 1999. – 14 верас. – С. 5.
15. Сороко,С. М. «Витебские губернские ведомости» (официальная часть и неофициальная часть) : монография / С. М. Сороко. – Москва : Научный центр славяно-германских исследований ИСл РАН ; Новополоцк : Новополоцкая типография, 2004. – 220 с.
16. Телевидение // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 47.
СПАСЫЛКІ