Азёры. Аршанскі раён
- Подробности
- Створана 06.05.2013 07:26
- Адноўлена 28.04.2017 10:15
Тэрыторыя Аршанскага раёна не вызначаецца багаццем азёр. Усе азёры змешчаны ў паўночнай частцы раёна. Самымі буйнымі з'яўляецца Дзевінскае і Арэхаўскае. Маленькія азёры Кураўшчына, Кузьміно, Карэсіна, Перавалочна (Перавалачна), Белае, Чырвонае Вочка, Млычына з'яўляюцца водапрыёмнікамі і добра дрэнажуюць прылягаючыя тэрыторыі. Усе азёры, акрамя возера Дзевінскае, адносяцца да басейна р. Лучоса (басейн р. Заходняя Дзвіна), размешчаны ў басейне р. Аршыца (басейн р. Днепр) і маюць мясцовае значэнне. Яны забяспечваюць насельніцтва рыбай, вадой, а таксама з'яўляюцца зонамі адпачынку.
Большасць азёраў Аршаншчыны ўтварылася з дапамогай ледавікоў: адступаючы, яны раставалі і запаўнялі заглыбленні вадой. Аднак ёсць і невялікія вадасховішчы і сажалкі, створаныя чалавекам. Гэта Марозаўскае вадасховішча саўгаса «Бабінічы». А таксама сажалкі ў вёсках Міцькаўшчына, Зубрэвічы, Юрцава, кар'ер ля вёскі Гадавічы.
Вада ў азёры паступае за кошт ападкаў, сцёку з рэк і ручаёў і падземных вод. Ва ўсіх аршанскіх азёрах прысутнічае водная расліннасць: лілеі, белыя гарлачыкі, рагаліснікі. У азёрах водзяцца карасі, плотка, у некаторыя запушчаны каштоўныя пароды рыб.
Белае – возера ў Аршанскім раёне. Знаходзіцца за 22,5 км на паўнач ад г. Оршы і за 2,5 км на паўночны захад ад в. Вялікае Бабіна. Плошча воднай паверхні складае менш за 0,1 км2.
Карэсіна – возера ў Аршанскім раёне. Плошча 0,1 км2. Даўжыня 0,5 км. Найбольшая шырыня 0,25 км. Даўжыня берагавой лініі 1,15 км. Размешчана ў басейне р. Аршыца, за 24 км на поўнач ад г. Оршы, за 2 км на паўднёвы ўсход ад в. Клюкаўка. Схілы катлавіны вышынёй 4–6 м, пад лесам і хмызняком, на поўдзень і паўночны ўсход часткова разараныя.
Чырвонае Вочка – знаходзіцца за 23 км на поўнач ад г. Орша і за 3 км на паўночны ўсход ад в. Вялікае Бабіна. Плошча воднай паверхні менш за 0,1 км2.
Кузьміно – возера ў Аршанскім раёне. Плошча 0,2 км2. Найбольшая глыбіня 2,2 м. Даўжыня 0,57 км. Найбольшая шырыня 0,39 км. Даўжыня берагавой лініі 1,9 км. Аб'ём вады 0,26 млн. м3. Знаходзіцца ў басейне р. Аршыца, за 24км на поўнач ад г. Оршы, за 2 км на паўднёвы ўсход ад в. Клюкаўка. Схілы катлавіны вышынёй 2–5 м, пад хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя. Праз возера цячэ р. Чорная.
Кураўшчына – возера ў Аршанскім раёне. Плошча 0,21 км2. Найбольшая глыбіня 1 м. Даўжыня 2,13 км. Найбольшая шырыня 0,23 км. Даўжыня берагавой лініі 2,31 км. Аб'ём вады 0,14 млн. м3. Плошча водазбору 4 км2. Знаходзіцца ў басейне р. Аршыца, за 17 км на поўнач ад Оршы, каля в. Стайкі. Створана плацінай на невялікім ручаі ў пачатку 20 ст. Схілы катлавіны вышынёй 2–5 м, пераважна разараныя. Берагі вышынёй да 0,2 м, месцамі зліваюцца са схіламі, у паўднёвым заліве сплавінныя. Дно выслана сапрапелем. Зарастае па ўсёй плошчы пераважна падводнай расліннасцю, паўднёвая частка возера выслана сплавінай. З возера выцякае ручай у р. Міронаўка.
Перавалочна (Перавалачна) – возера ў Аршанскім раёне. Плошча 0,13 км2. Найбольшая шырыня 0,3 км. Даўжыня берагавой лініі 1,42 км. Знаходзіцца ў басейне р. Аршыца, за 24 км на паўднёвы захад ад в. Лісоўскія. Схілы катлавіны вышынёй 2–3 м, спадзістыя, параслі лесам. Берагі нізкія.
У раёне збудавана некалькі гідрамеліярацыйных каналаў:
– гідрамеліярацыйны канал К-1 з'яўляецца левым прытокам р. Хатынь. Даўжыня канала – 5 км. Пачынаецца канал у 2 км на ўсход ад в. Ставры, упадае ў р. Хатынь у 1,8 км на паўночны захад ад в. Барадуліна;
– гідрамеліярацыйны канал В з'яўляецца левым прытокам р. Заолінка. Даўжыня канала – 6,5 км. Пачынаецца канал у в. Буда, упадае ў р. Заолінка у 1,5 км. на паўднёвы ўсход ад г. п. Арэхаўск;
– гідрамеліярацыйны канал В-1 з'яўляецца левым прытокам р. Выдрыца. Даўжыня канала – 5,3 км. Пачынаецца канал у 2 км на паўдневы ўсход ад в. Рагозіна, упадае ў р. Выдрыца ў 1,5 км на захад ад г. п. Арэхаўск;
– гідрамеліярацыйны канал без назвы ўпадае ў воз. Арэхаўскае з паўночнага ўсходу ў 1 км на паўночны захад ад г. п. Арэхаўск. Пачынаецца канал у 1 км на поўдзень ад в. Рамальдава. Даўжыня канала – 8,5 км.
У Аршанскім раёне знаходзяцца 62 балоты, якія займаюць плошчу 4,2 тыс. га. Яны адносяцца да Гарадоцка-Чашніцкага і Аршанска-Мсціслаўскага тарфяных раёнаў. Найбольш буйныя тарфяныя масівы: Вусце, Панізоўе, Балбасава, Дзевінскі мох. У балотах фармуюцца адмысловыя балотныя воды, як іх яшчэ называюць, тарфяныя воды.
У раёне пераважаюць нізінныя балоты. Плошча іх складае 3,8 тыс. га. Харчаванне іх адбываецца за кошт грунтовых вод. На балотах растуць папараць, мох, чарот, асот, чорная алешына і г. д.
Верхавыя балоты займаюць 364 га. Харчаванне іх адбываецца за кошт атмасферных ападкаў. На іх растуць сфагнум, зязюлін лён, балотны мірт, верас, журавіны і іншыя расліны.
Ёсць у раёне і пераходныя балоты, якія займаюць плошчу 28 га.
З жывёльнага свету на балотах сустракаюцца наступныя віды балотных птушак: на нізінных балотах – вялікі вераценнік, вялікі балотны мышалоў, дупель; на верхавых – сава вялікая, кулон сярэдні і іншыя птушкі.
ЛІТАРАТУРА
1. Жуковский, В. В. Внутренние воды / В. В. Жуковский // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2008. – С. 25–30.
2. Калинин, М. Ю. Водные ресурсы. Гидрография / М. Ю. Калинин // Природные ресурсы и охрана окружающей среды г. Орша и Оршанского района / М. Ю. Калинин. – Минск : Белсэнс, 2008. – С. 70–77.
3. Каресино // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 213.
4. Карэсіна // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 222.
5. Крапівенка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 230.
6. Крапивенка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 231.
7. Кузьміно // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 239.
8. Кузьмино // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 238.
9. Кураўшчына // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 240–241.
10. Куровщина // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 240.
11. Перавалочна, Перавалачна // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 326.
12. Переволочно, Перевалочно // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол:. Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 351.