Рэкі. Верхнядзвірскі раён
- Подробности
- Створана 06.05.2013 07:26
- Адноўлена 02.09.2020 09:12
Рачная сетка Верхнядзвіншчыны – адна з найгусцейшых у Беларусі – звыш 0,5 км/км2. Амаль уся тэрыторыя раёна ляжыць у басейне Дзвіны, толькі на крайняй поўначы вада сцякае праз р. Сінюху ў Вялікую. Водападзел, які праходзіць па Асвейскім балоце, настолькі плоскі, што калі балота напаўняецца вадой, яна сцякае па канале, што злучыў Сінюху з возерам Асвейскім, адразу ў два бакі – і ў раку, і ў возера.
Рака Заходняя Дзвіна з'яўляецца прыроднай мяжой паміж Верхнядзвінскім і Міёрскім раёнамі на працягу 65 км. Шырыня яе вагаецца ад 180 да 250 метраў пры хуткасці цячэння 0,2–0,4 м/с. У русле – 5 астравоў, самы вялікі мае даўжыню 2 км. Невысокія парогі выяўляюцца зараз у выглядзе шывераў толькі ў сухое лета. Пойма шырынёй да 0,5 км цягнецца перарывістай паласой, найболей акультурана яна ў ваколіцах вёсак Луначарскае, Бароўка, Шатрова, заліваецца ж толькі ў самую высокую ваду. Берагі ракі крутыя, парослыя вербалозам. Толькі ў ваколіцах райцэнтра, дзе Дзвіна прарэзала карэнныя пароды, да яе падступаюць лясы. Ля самога ж Верхнядзвінска, дзе па правым беразе цягнецца чысты пляж, акаймаваны борам, а па левым лясістая «Лысая гара» з дваццаціметровым ярам, дзвінскі краявід – адзін з найбольш маляўнічых ад самага вытоку ракі.
Расход вады ў Заходняй Дзвіне складае 468 м3/с. Для суднаходства рака выкарыстоўваецца эпізадычна. З ранейшых паромных перапраў засталася адна – Луначарская (Дзісненская). У Верхнядзвінску з 2002 года існуе пантонны мост.
Бярозаўка – рака, левы прыток Ужыцы (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 14 км. Плошча вадазбору 52 км2. Пачынаецца на паўночным усходзе ад вёскі Каменка, упадае ў р. Ужыцу за 2 км ад вёскі Леснікова. У верхнім цячэнні рэчышча на працягу 2,5 км каналізаванае.
Бярэзіна – рака, правы прыток Заходняй Дзвіны. Даўжыня 11 км. Плошча вадазбору 30 км2. Пачынаецца каля вёскі Гвазды, вусце за 2 км на поўдзень ад вескі Дадзекі. Ніжняе цячэнне ў лясістай мясцовасці.
Водзьга – рака, правы прыток Свольны (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 20 км. Плошча вадазбору 60км2. Пачынаецца за 0,2 км на паўдневым захадзе ад вёскі Маскалёнкі, цячэ па паўночна-заходняй частцы Полацкай нізіны. Упадае ў Свольну (правы прыток Дрысы) за 2 км вышэй ад вёскі Пользіна. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 5,7 км ад вытоку каналізаванае.
Голавач – рака на мяжы Верхнядзвінскага і Расонскага раёнаў, правы прыток Нішчы (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 12 км. Плошча вадазбору 44 км2. Пачынаецца на паўночным захадзе ад вёскі Казакова Верхнядзвінскага раёна, цячэ па Полацкай нізіне. Упадае ў Нішчу (правы прыток Дрысы) за 1,5 км на паўдневым усходзе ад возера Залессе Расонскага раёна.
Горнаўка – рака, правы прыток Дрысы (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 11 км. Плошча вадазбору 35 км2. Пачынаецца за 3,3 км на паўночны ўсход ад вёскі Новы Строй, цячэ па Полацкай нізіне. Упадае ў Дрысу каля вёскі Дворыца. Даліна ў сярэднім цячэнні добра выражана, шырыня яе 200–300 метраў. Рэчышча ад вытоку на працягу 3,4 км каналізаванае.
Рака Дрыса цячэ па тэрыторыі раёна на працягу 60 км. Тут яна прымае свае буйнейшыя прытокі – Нішчу (па мяжы з Расонскім раёнам) і Свольну – і выносіць штосекундна ў Дзвіну 45,6 м3 вады. Ніжэй Дзёрнавічаў лясная прыгажуня з чыстай вадой паступова ператвараецца ў даволі каламутную раку. Да 1960 г. Дрыса інтэнсіўна выкарыстоўвалася для сплаву лесу. Масты цераз раку ёсць у Дзёрнавічах, Валынцах і Верхнядзвінску.
Змейка – рака, правы прыток Заходняй Дзвіны. Даўжыня 12 км. Плошча вадазбору 32 км2. Пачынаецца каля вёскі Паташня, вусце ў межах вёскі Бароўка.
Лешня – рака ў Расонскім і Верхнядзвінскім раёнах, левы прыток ракі Свольна (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 13 км. Плошча вадазбору 40 км2. Пачынаецца за 1,4 км на паўдневы ўсход ад вёскі Роўнае Поле Расонскага раёна, вусце за 1 км на паўдневы захад ад вёскі Лешня Верхнядзвінскага раёна. Цячэ па лясістай мясцовасці.
Муквяціца – рака, правы прыток ракі Вужыца (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 23 км. Плошча вадазбору 58 км2. Пачынаецца за 1 км на поўнач ад вёскі Муквяціца, вусце за 1 км на паўдневы ўсход ад вёскі Мікаленкі. Цячэ на паўночнай частцы Полацкай нізіны. Рэчышча ад вытоку на працягу 3,6 км каналізаванае.
Нішча – рака, правы прыток р. Дрыса (басейн Заходняй Дзвіны). Выцякае з возера Нішча (Себежскі раён Пскоўскай вобласці), цячэ па Полацкай нізіне, вусце за 1 км на захад ад вёскі Кульнёва. Асноўныя прытокі: Чарапяціца, Люці, Вельніца, Хонка, ручай Галавач. Даліна пераважна трапецападобная, шырынёй 100–200 метраў. Пойма часцей двухбаковая, чаргуецца па берагах, у сярэднім і ніжнім цячэнні месцамі адсутнічае. Рэчышча звілістае (шырыня 25–30 метраў). У ніжнім цячэнні рака зарэгулявана Клясціцкім водасховішчам. У Верхнядзвінскім раёне рэчка Нішча служыць толькі мяжой з Расонскім раёнам на невялікім працягу ад упадзення рэчкі Голавач, дзе яна абмывае левабярэжнае замчышча Сокал.
Перамерка – рака, правы прыток Заходняй Дзвіны. Даўжыня 14 км. Плошча вадазбору 47 км2. Пачынаецца за 4 км на ўсход ад вёскі Адамова, вусце за 2,4 км на паўднёвы захад ад вёскі Замошша. Цячэ па Полацкай нізіне. Рэчышча ў ніжнім цячэнні на працягу 3,6 км каналізаванае.
Рудня – рака, левы прыток ракі Свольна (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 10 км. Пачынаецца за 2,6 м на паўднёвы ўсход ад вёскі Ярмоліна, вусце за 0,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Узафова. Рэчышча паміж вёскамі Рудня і Юзафова на працягу 2,8 км каналізаванае.
На захадзе раёна працякае ўпадабаная турыстамі рака Сар'янка. Правы прыток Заходняй Дзвіны. Па ёй і яе галоўным прытоку – Асуніцы – праходзіць частка адзінага на Беларусі воднага турыстычнага маршруту 2-й катэгорыі складанасці.
Адно з адгалінаванняў старадаўняга «Варажскага шляху» – паўнаводная круглы год і самая рыбная на Верхнядзвіншчыне рака Свольна. Правы прыток р. Дрыса. Выцякае з возера Нечарыца (Себежскі раён), цячэ па Полацкай нізіне (даўжыня па Беларусі 93 км) на мяжы Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў. Цячэ праз азёры Лісна і Бузянка. Асноўныя прытокі на Беларусі: Лонніца, Лешня, Піжаўка, Водзьга. Даліна пераважна трапецападобная, шырыня ў верхнім і сярэднім цячэнні 0,4–0,6 км, у ніжнім цячэнні 0,8–0,15 км. Пойма перарывістая, пераважная шырыня каля 0,1 км, у ніжнім цячэнні 0,2–0,3 км.
Свяціца – рака, правы прыток ракі Вужыца (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 11 км. Плошча вадазбору 46 км2. Пачынаецца за 1,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Свяціца, вусце за 1 км на ўсход ад вёскі Шаўракі.
Сінюха – рака ў Верхнядзвінскім раёне, у Латвіі і Пскоўскай вобласці. Левы прыток ракі Вялікая (басейн Чудскога возера). Пачынаецца за 3,5 км на паўночны захад ад в. Сукалі, на працягу 14 км у межах Беларусі цячэ па лясістай мясцовасці, далей па тэрыторыі Латвіі і Расіі.
Ужыца – рака ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці, правы прыток Заходняй Дзвіны. Даўжыня ракі - 48 км, плошча вадазборных басейна - 350 км². Рака выцякае з возера Цятна на ўсход ад вёскі Дубровы. Ужыцэ цячэ ў межах Асвейскай грады і Полацкай нізіны. Прытокі – Бярозаўка (левы); Свяціца, Муквятица, Асінаўка (правыя). Ўпадае ў Заходнюю Дзвіну ў сяла Чыстопаль ніжэй Верхнядзвінска.
Тур'я – рака, правы прыток ракі Сар'янка (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 7,2 км. Пачынаецца за 2,5 км на захад ад в. Муквяціца, вусце за 3,5 км на паўночны захад ад вёскі Вознава. Цячэ па лясістай мясцовасці.
Жыўленне рэк Верхнядзвіншчыны мяшанае, пераважна снегавое. Таму для рэк характэрныя моцныя веснавыя паводкі, якія па Дзвіне перавышалі адзнаку 13 метраў.
ЛІТАРАТУРА
1. Аўчыннікава, Р. Дрыса, прыгожае імя / Р. Аўчыннікава // Падарожнік. – 1997. – № 12. – С. 2.
2. Блакітная кніга Беларусі (водныя аб'екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – 415 с. : іл.
3. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 480 с. : іл.
4. Гідраграфія. Рэкі // Пуцявінамі роднага краю: прырода і гісторыя Верхнядзвіншчыны / А. Бубала. – Наваполацк : А. У. Маладзечкін, 2017. – С. 21–33.
5. Край Асвейскіх азёр = Край Освейских озер / А. Ф. Бубала, В. І. Рудой ; фота А. Ф. Бубала. – Наваполацк, 2007. – 44 с.
6. Природа // Верхнедвинский район : справочно-информационные материалы / Отдел идеологической работы Верхнедвинского райисполкома ; фото В. Л. Соловьева. – Новополоцк, 2007. – С. 8–9.
7. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – 504 с. : ил.
8. Федотов, В. Путешествие по реке Дрисса / В. Федотов // Родная прырода. – 2007. – № 3. – С. 18–19.