Музей гісторыка-краязнаўчы. Бешанковіцкі раён, г. п. Бешанковічы
- Подробности
- Створана 24.11.2017 12:23
- Адноўлена 28.03.2019 14:36
Сучасная назва | Бешанковіцкі раённы гісторыка-краязнаўчы музей |
Дата заснавання | 1979 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Бешанковіцкі раён, г. п. Бешанковічы |
Афіцыйны сайт | http://beshenkovichi.museum.by/ |
Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей быў заснаваны 24 красавіка па рашэнні Бешанковіцкага райвыканкама і райкама КПБ як музей баявой славы. Адкрыты для наведвальнікаў 25 чэрвеня 1979 года, у дзень 35-годдзя вызвалення Бешанковіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1981 годзе быў пераўтвораны ў гісторыка-краязнаўчы музей.
Гісторыка-краязнаўчы музей мае 7 экспазіцыйных залаў агульнай плошчай 208,9 м². Асноўны фонд музея налічвае каля 12, 5 тыс. адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – каля 4,6 тыс. У экспазіцыі 1 залы музея прадстаўлены экспанаты з раскопак Крывінскага тарфяніка. Гэта прадметы з бурштыну, шыла, касцяныя і крэмневыя наканечнікі для стрэл, каменныя і рагавыя сякеры.
Частка экспазіцыі 1 залы прысвечана прадметам побыту сялян, іх асноўным рамёствам і промыслам. Гэтак жа экспазіцыя 1 залы распавядае аб памятных падзеях раёна з часоў яго першага летапіснага згадвання да падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі, наведваннях Бешанковічаў Пятром I, Напалеонам Банапартам і расійскім імператарам.
Экспазіцыя 2 залы распавядае аб рэвалюцыйных падзеях, якія адбываліся на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна, аб становішчы жыхароў рэгіёна падчас Першай сусветнай вайны, пра землякоў, якімі ганарыцца бешанковіцкая зямля.
Экспазіцыя 3 і 4 залаў распавядае пра абарончыя баі ўлетку 1941 года на тэрыторыі раёна, аб стварэнні падпольных, партыйных і камсамольскіх арганізацый, пра зараджэнне партызанскага руху ў раёне і стварэнне партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь», пра дзейнасць партызан на тэрыторыі раёна.
У экспазіцыі музея шмат твораў выяўленчага мастацтва. Сярод іх жывапісныя і графічныя карціны з выявамі мясцовых пейзажаў, а таксама гістарычнай і ваеннай тэматыкі, скульптурныя бюсты (аўтар М. М. Тарасян) генералаў А. П. Белабародава, І. І. Люднікава, І. М. Чысцякова – камандуючых арміямі, якія вызвалялі Прыдзвінне, і Герояў Савецкага Саюза – ураджэнцаў раёна – К. А. Абазоўскага, М. А. Высагорца, Л. М. Даватара, П. М. Раманава, І. І. Строчкі, М. М. Ткачэнкі.
Уся праца, якая праводзіцца музеем, накіравана на развіццё інтэлектуальных, маральных, культурных і творчых магчымасцей жыхароў раёна, іх нацыянальнай свядомасці, далучэнне да нацыянальнай гісторыі і культуры раёна, выхаванне падрастаючага пакалення. Тут праводзяцца ўрокі міру, сустрэчы школьнікаў з ветэранамі вайны і працы, знакамітымі землякамі, перасоўныя выставы, лекцыі, музейна-педагагічныя ўрокі. Супрацоўнікамі музея вядзецца праца па распрацоўцы і выданні інфармацыйных буклетаў, кніг, брашур, каляндароў па гісторыі Бешанковіцкага раёна.
Адрас: Віцебская вобласць, Бешанковіцкі раён, г.п. Бешаковічы, вуліца Валадарскага, д. 6.
ЛІТАРАТУРА
1. Акулёнак, Л. Мірныя рэчы ваеннага часу / Л. Акулёнак // Зара (Бешанковiчы). – 2007. – 23 лют. – С. 2.
2. Белоус, М. О молчаливых свидетелях истории / М. Белоус // Зара (Бешанковiчы). – 2007. – 24 жн. – С. 7.
3. Бешанковіцкі раённы гісторыка-краязнаўчы музей // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [ у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 1 : А–Б. – 676–677.
4. Бешенковичский районный историко-краеведческий музей // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн.1. – С. 67–68.
5. Пригожий, М. Пылесос для музея / М. Пригожий // Вiцебскі рабочы. – 2000. – 22 лiп. – С. 3.
6. Шпакоўская, Г. Скрыпка-франтавічка / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2011. – 7 мая. – С. 4.