Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Геалагічная будова, карысныя выкапні, рэльеф. Аршанскі раён

 

Сучасны рэльеф Аршаншчыны сфарміраваўся пераважна пад уплывам дзейнасці ледавікоў і цякучых расталых вод. Паверхня Аршанскага раёна ўзгорыстая платопадобная. Паўднёвая частка размешчана ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны, цэнтральная – Аршанскага ўзвышша, паўночная – Лучоскай нізіны. 82 % тэрыторыі знаходзіцца на вышыні 180–220 м, у т. л. 57 % на вышыні 200–220 м. Геамарфалагічныя ўмовы гарадской тэрыторыі адзначаны двума фактарамі – размяшчэннем горада Оршы ў межах Аршанскага ўзвышша і адначасова даліны ракі Днепр і яго прытокаў р. Аршыцы і Адроў. Гэтыя фактары абумоўліваюць халмісты рэльеф з вялікімі перападамі вышынь, якія дасягаюць у заходняй частцы горада 12–13 м, ва ўсходняй – 20 м.

Найбольш высокая частка горада – раён вуліцы Дамініканскай, дзе абсалютная адзнака вышыні – 192,14 м. Больш роўная паверхня – гэта раён паміж чыгуначнымі станцыямі Орша-Усходняя і Орша-Заходняя.

Агульны ўхіл тэрыторыі горада ідзе ў бок русел рэк Днепр, Аршыца і Адроў, агульная дліна якіх у межах горада перавышае 6 км. Такі добра выражаны рэльеф практычна поўнасцю забяспечвае паверхнасны сцёк з гарадской тэрыторыі.

Большую частку раёна займае Аршанскае ўзвышша. Паверхня яго плоскахвалістая, вельмі маляўнічая: прыгожыя пагоркі, невялікія ўзвышшы параслі разнастайным лесам і мяжуюць з палямі. Пад ворывам амаль палова тэрыторыі ўзвышша. На Аршанскім узвышшы знаходзіцца і самая высокая кропка раёна – 237,5 метра над узроўнем мора. Гэтая кропка размешчана паблізу вёскі Стайкі. Аршанскае ўзвышша з'яўляецца водападзелам басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў. На поўначы ўзвышша паступова пераходзіць у Лучоскую нізіну, а на поўдні – у Аршанска-Магілёўскую раўніну.

Паверхня Лучоскай нізіны плоская, рэльеф амаль аднастайны. Сустракаюцца тут вузкія ланцугі ўзгоркаў, якія называюцца озамі. Часам можна ўбачыць і дзюны – пясчаныя ўзгоркі, часцей за ўсё замацаваныя каранямі раслін. Дзюны размяшчаюцца ля берагоў рэк і азёр.

Аршанска-Магілёўская раўніна мае роўную, месцамі хвалістую паверхню. Сустракаюцца невялікія паніжэнні, глыбокія рачныя даліны. Тут, каля Копысі, знаходзіцца і самая нізкая кропка раёна – 146 метраў над узроўнем мора. Лясоў няшмат, раўніна разарана амаль напалову.

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Аршанскай упадзіны. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту магутнасцю 20–160 м. На тэрыторыі раёна праходзіць мяжа марэнных адкладаў апошняга, паазерскага зледзянення. Пад антрапагенавымі адкладамі залягаюць дэвонскія магутнасцю 310–490 м, верхнепратэразойскія (460–950 м). Агульная магутнасць платформавага чахла 870–1450 м.

Паўночная частка раёна належыць да Сенненска-Расонска-Гарадоцкага аграглебавага раёна, цэнтральная – да Аршанска-Горацка-Мсціслаўскага, паўднёвая – да Шклоўска-Чавускага аграглебавага раёна. Глебы сельгасугоддзяў (у %): дзярнова-падзолістыя 67,9, дзярнова-падзолістыя забалочаныя 23,3, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя 3,3, поймавыя (алювіяльныя) 2,5, тарфяна-балотныя 3; паводле механічнага складу (у %): сугліністыя 84,9, супясчаныя 11,4, пясчаныя 0,7, тарфяныя 3. Плоскасная эрозія на 15,6 % плошчы ворных зямель, у т. л. на 11,5 % слабая, 2,8 % ворных зямель завалунена.

Карысныя выкапні Аршаншчыны – асадачнага паходжання. Гэта – пяскі, гліна, пясчана-гравійная сумесь, торф.

Вядомы 62 радовішчы торфу з агульнымі запасамі 5,5 млн. т; 2 радовішчы даламіту з запасамі 13 млн. т (Гразівецкае, Кабяляцкае), 3 радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу з запасамі 4,6 млн. м3 (Александрыйскае, Берасценаўскае, Селішчанскае), 2 радовішчы будаўнічых пяскоў з запасамі 11,5 млн. м3 (Адроўскае, Ляўкоўскае 2-е), 3 радовішчы легкаплаўкіх глін з запасамі 1,6 млн. м3 (Высокаўскае, Сіўцоўскае 2-е, Смятанкаўскае), Аршанская мінеральная крыніца.

Самымі буйнымі радовішчамі пяску ў Аршанскім раёне з'яўляюцца залежы ля вёсак Ляўкі, Вусце, Пашына, Сялекта і пасёлка Копысь. Здабываюць яго і ў іншых месцах. Ён выкарыстоўваецца для вырабу сілікатнай цэглы і бетоннага раствору, а таксама ў дарожным будаўніцтве.

Пясчана-гравійная сумесь ёсць амаль у 20 радовішчах нашага раёна. Буйнейшыя з іх знаходзяцца ля вёсак Шугайлава, Дзятлава, Селішча, Берасценава, Смётанка. Яе выкарыстоўваюць у якасці напаўняльніка бетону, для дарожнага будаўніцтва.

Гліну здабываюць у Клюкаўцы, Каменцы, Сіўцах, Смётанцы, Вусах, Гаранскім. Выкарыстоўваюць яе для атрымання цэглы розных марак, кафлі і пліткі, а таксама ў ганчарнай справе для вырабу глінянага посуду.

Торф, што ўтварыўся з рэшткаў раслін, здабываюць у Дзевіна. Яго выкарыстоўваюць як угнаенне, вывозячы на палі, а таксама для вырабу паліўнага брыкету.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Жуковский, В. В. Геологическое строение и полезные ископаемые / В. В. Жуковский // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2008. – С. 9–15.

2. Жуковский, В. В. Рельеф / В. В. Жуковский // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2008. – С. 15–19.

3. Калинин, М. Ю. Земельные ресурсы / М. Ю. Калинин // Природные ресурсы и охрана окружающей среды г. Орша и Оршанского района / М. Ю. Калинин. – Минск : Белсэнс, 2008. – С. 49–70.

4. Маршалович, Л. Оршанские «ковчеги» / Л. Маршалович // Аршанская газета. – 2012. – 10 студз. – С. 5.

5. Природные ресурсы // Витебская область : природа, туризм, спорт, отдых / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский центр маркетинга, 2005. – С. 227.