Геалагічная будова, карысныя выкапні, рэльеф. Гарадоцкі раён
- Подробности
- Створана 28.02.2018 08:52
- Адноўлена 13.03.2018 09:56
Гарадоцкі раён размешчаны на паўночным усходзе Віцебскай вобласці Рэспублікі Беларусь. Каля 88 % паверхні знаходзіцца ў межах Гарадоцкага ўзвышша, рэльеф мясцовасці ўзгорысты, са шматлікімі азёрамі. На захадзе і паўднёвым усходзе раёна – Полацкая і Суражская азёрна-ледавіковыя нізіны са згладжанай слабахвалістай паверхняй.
58 % тэрыторыі раёна знаходзіцца на вышыні 170–180 метраў над узроўнем мора, 32 % – на вышыні 200 метраў і больш. Найвышэйшы пункт – ля вёскі Загараны Бычыхінскага сельсавета (259 м над узроўнем мора). Ніжэйшая адзнака (140 метраў) – урэз ракі Обаль на захадзе.
Тэрыторыя нашага раёна адчула на сабе ўплыў такіх катастрафічных прыродных з’яў, як насоўванне ледавікоў са Скандынаўскага паўвострава. Сляды ледавіка пятага абледзянення (95–100 тысяч год таму) амаль паўсюдна назіраюцца ў нашым краі. У выніку гэтага абледзянення складалася прыроднае асяроддзе нашых мясцін (жывёльны і раслінны свет, рэльеф).
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да паўночна-заходніх схілаў Аршанскай упадзіны.
У раёне знаходзяцца радовішчы торфу, гліны, пясчана-жвіровага матэрыялу, сапрапелю, даламіту.
Вядомы 282 радовішчы торфу з агульнымі запасамі 83 млн. т. Найбольшае з іх – Чырвоны Мох – знаходзіцца на ўсходзе раёна, у вадазборы рэк Аўсянка і Ловаць. Плошча 2,7 тыс. га, у межах прамысловага пакладу 1,8 тыс. га. Сярэдняя глыбіня торфу 2,55 м, запасы яго 7,9 млн. т. 282 балоты адносяцца да Гарадоцка-Чашніцкага тарфянога раёна, іх агульная плошча 28,3 тыс. га. Яны падзяляюцца на нізінныя – 19,5 га, вярховыя – 6,4 га, пераходныя – 2,4 тыс. га.
У радовішчы гліны, размешчаным каля вёскі Бязносенкі, разведаныя запасы складаюць 860 тыс. м3. Гліны карычневыя, цёмна-карычневыя, легкаплаўкія, магутнасць карыснай плошчы ад 1 да 10 м. Яны могуць выкарыстоўвацца для вытворчасці.
Ва ўрочышчы Разыграй за 3 км на ўсход ад Гарадка знаходзяцца радовішчы гліны і суглінкаў «Новае жыццё». Разведаныя запасы – 755 тыс. м3. Гліны чырвона-карычневыя, шчыльныя, тлустыя, пластычныя. Магутнасць карыснай тоўшчы – 0,3–3,6 м, распрацоўвалася доўгі час Гарадоцкім цагельным заводам і інш. Радовішча гліны Высекі знаходзіцца за 4,5 км на поўдзень ад г. п. Езярышча. Разведаныя запасы – 132 тыс. м3. Магутнасць тоўшчы ў сярэдзіне – 2,1 м.
Найбольш буйныя радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу: Вышадскае, Загузскае, Каменскае, Лахскае, Прывадзіна, Слабадское. Радовішчы сапрапелю: Белазерскае, Вялікагараднянскае, Вымнянскае, Лосвідскае, Малагараднянскае.
За 3 км ад в. Сюбараўка знаходзіцца Кабішаўскае радовішча даламіту. Папярэдне разведаныя запасы складаюць 291,5 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 12,3 – 21,2 м. Даламіт прыдатны для вытворчасці даламітавай мукі і вапнавання кіслых глеб, як мінеральны дамешак пры вырабе асфальтабетону, друзу.
Паблізу Гарадка маюцца запасы мінеральнай вады.
ЛІТАРАТУРА
1. Бурунова Н. А. Городокский район / Н. А. Бурунова // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 335–339.
2. Гарадоцкі раён // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 121–122.
3. Городокский район // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 148–149.
4. Городокский район // Туристские регионы Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника ; сост. Л. В. Ловчая. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008, – С. 139–140.
5. Дорофеев, А. М. Геологические памятники природы Городокщины: задачи изучения и охраны / А. М. Дорофеев, Д. Г. Волков // Гарадоччына ўчора, сёння, заўтра : матэрыялы I Гарадоцкіх краязнаўчых чытанняў, 26 кастрычніка 2007 г. / рэдкал.: А. М. Дарафееў [і інш.]. – Гарадок, 2008. – С. 139–142.
6. Прыродная характарыстыка // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 23–30.