Прырода, Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 30.03.2021 07:26
- Адноўлена 09.11.2021 09:33
У тэктанічных адносінах тэрыторыя горада Віцебска і яго наваколля адносіцца да Віцебскай мульды (поўная частка Аршанскай тэктанічнай упадзіны). Глыбіня залягання архея – ранняга пратэразойскага крышталічнага грунту – да 1700 м ніжэй узроўню мора. Асадачную тоўшчу складаюць рыфейскія, вендскія, сярэдне- і верхнедэвонскія антрапагенавыя пароды. Магутнасць антрапагенавых адкладаў 40–120 м. Прадстаўлены яны ледавіковымі, водналедавіковымі, радзей алювіяльнымі пяскамі. На паўднёва-ўсходняй ускраіне горада на дзённую паверхню выходзіць верхнедэвонскі даламіт.
Працяглыя перыяды асядання сушы на тэрыторыі сучаснага горада і яго наваколля садзейнічалі фарміраванню ў познім пратэразоі тоўшчаў прыбярэжна-марскіх тэрыгенных утварэнняў. Пасля працяглага перапынку ў накапленні асадку гэта тэрыторыя, пачынаючы з сярэдняга дэвону, зноў была ахоплена марской трансгрэсіяй, максімум якой прыходзіцца, як відаць, на познедэвонскую эпоху, але ў канцы палеазою пачынае развівацца як кантынентальная вобласць. У канцы неагену гэта паверхня прадстаўляла сабой расчлянёнае плата з абсалютнымі адзнакамі да 140 м вышэй узроўню мора. У антрапагенавы перыяд гэта тэрыторыя 5 разоў пакрывалася ледавіком (беларускае, бярэзінскае, дняпроўскае, сожскае і паазерскае аледзяненні).
Рэльеф Віцебска ўзгорыста-марэнны, тэрыторыя размешчана на заходніх адгор'ях Віцебскага ўзвышша, прарэзанага ярамі, глыбіня якіх 10–12, месцамі да 40 м. Заходняя Дзвіна працякае ў межах горада ў выглядзе падковы з паўночнага захаду на паўднёвы па даліне, якая глыбока ўразаецца і дзеліцца на левабярэжную ўзгорыстую, з глыбокімі ярамі, частку і правабярэжную – з больш роўным рэльефам. Максімальныя ваганні вышынь у межах горада каля 80 м, найбольш характэрныя да 20 м. Абсалютная вышыня ад 125 м над узроўнем мора (урэз Заходняй Дзвіны ў месцы сутокі з Лучосай) да 204 м (на ўсходняй ускраіне горада). У рэльефе горада і наваколля выдзяляюцца глыбока ўрэзаныя даліны Заходняй Дзвіны, Віцьбы, Лучосы. У заходняй частцы горада на адносна плоскім рэльефе правабярэжжа выдзяляецца Юр'ева гара з вышынёй каля 175 м. У горадзе і ў яго межах размешчаны Замкавая (151 м), Духаўская (163 м), Успенская (156 м), Востра-Спаская (170 м), Кстоўская (156 м), Плоская (160 м), Цішкіна (150 м), Уланавіцкая (169,4 м) горы.
У наваколлях Віцебска знаходзіцца самае буйное ў Беларусі месцазнаходжанне даламіту – Руба (распрацоўваецца ААТ «Даламіт»). Маюцца значныя запасы глін і суглінкаў (больш за 42 млн. м3); будаўнічых пяскоў і пясчана-гравійнага матэрыялу (9 млн. м3). Найбольш буйныя з іх: Журжаўскае 2-е радовішча глін, Кальцовае радовішча глін (распрацоўваецца ААТ «Кераміка»), Асецкае радовішча глін, Пушчанскае радовішча глін, Максюткаўскае радовішча пясчана-гравійнага матэрыялу, Астроўскае радовішча пяскоў.
Клімат у горадзе ўмерана-кантынентальны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Чаргаванне паветраных мас рознага паходжання стварае характэрны для Віцебска няўстойлівы тып надвор'я. Сярэдняя тэмпература студзеня -7,9 °С, абсалютны мінімум -40,6 °С (студзень 1940). Сярэдняя тэмпература ліпеня +17,8 °С, абсалютны максімум +37,8 °С (ліпень 2010). У сярэднім за год у горадзе выпадае 725 мм ападкаў. Да найбольш характэрных для клімату Віцебска атмасферных з'яў адносяцца туманы. За кліматычнымі ўмовамі абласнога цэнтра назірае метэаралагічная станцыя Віцебск, якая з'яўляецца структурным падраздзяленнем філіяла «Віцебскаблгідрамет» ДУ «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя».
Тэрыторыя горада размешчана ў межах Аршанскага воданапорнага басейна. Ваданосныя гарызонты адносяцца да карбанатнай тоўшчы франскага яруса верхняга дэвону. Для водазабеспячэння горада выкарыстоўваюцца артэзіянскія крыніцы, якія валодаюць вялікімі запасамі пітной вады. Вада прэсная (мінералізацыя 0,1–0,5 г/л), але змяшчае павышаную колькасць жалеза і солей кальцыю, што прыдае ёй жорсткасць. Для паляпшэння смакавых і іншых якасцей праводзіцца абезжалезванне вады.
У межах горада і яго наваколля працякае Заходняя Дзвіна і яе прытокі Лужаснянка і Шавінка (правыя), Віцьба і Лучоса (левыя, працякаюць у межах горада). Гушчыня рачной сеткі складае 0,45 км/км2. Па водным рэжыме рэкі адносяцца да раўнінных з перавагай снегавага жыўлення, маюць невялікія схілы (каля 1,2 %). Заходняя Дзвіна, якая працякае па глыбока ўрэзанай даліне, перасякае горад шырокай дугой. У цэнтральнай частцы горада рака працякае з поўначы на поўдзень. Шырыня яе ў межах горада 100–150 м, шырыня даліны – 200–300 м, схілы крутыя, прарэзаны крутымі ярамі. Рэкі выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння прамысловых прадпрыемстваў і камунальнай гаспадаркі, адпачынку. На іх берагах размешчаны комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі, парк імя 40-годдзя УЛКСМ, парк Партызанскай славы імя Міная Шмырова, батанічны сад, лесапаркавая зона, зоны адпачынку. Да гэтай тэрыторыі прылягаюць дачныя ўчасткі, зялёная зона горада. У межах горада працякае вялікая колькасць ручаёў.
У горадзе і яго наваколлях размешчана больш за 100 штучных вадаёмаў (плошчай ад 0,1 да 0,5 га), якія выкарыстоўваюцца для арашэння дачных участкаў, адпачынку, лоўлі рыбы і г. д. Вялікая ўвага надаецца аздараўленню вадаёмаў і крыніц водазабеспячэння шляхам будаўніцтва новых і рэканструкцыі дзеючых ачышчальных збудаванняў. Абеззаражваюцца практычна ўсе гаспадарча-бытавыя сцёкі гарадской каналізацыі, ажыццяўляюцца ўводзіны абаротнага водазабеспячэння. Усталяваны строгі санітарны нагляд за крыніцамі водазабеспячэння.
Тэрыторыя Віцебска ўваходзіць у склад Сенненска-Расонска-Гарадоцкага аграглебавага раёна. У скверах, парках, на прысядзібных участках горада пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, сустракаюцца дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярновыя забалочаныя, месцамі дзярнова-карбанатныя глебы, па механічным складзе сугліністыя, супясчаныя, месцамі гліністыя. У поймах рэк глебы пойменна-балотныя і тарфяна-балотныя. Прыроднае покрыва ў горадзе моцна зменена, на прысядзібных участках акультурана.
Для азелянення горада выкарыстоўваюцца дрэвы і кусты мясцовай флоры і інтрадуцыраваныя. У пасадках пераважаюць ліпа, дуб, ясень, клён, вяз, конскі каштан, бяроза, рабіна, арэх маньчжурскі, бархат амурскі, елка канадская, многія віды кустоў інтрадуцэнтаў. Своеасаблівы каларыт гораду надаюць шматлікія травяныя газоны, кветнікі і зялёныя куткі, якія зроблены каля прамысловых прадпрыемстваў, вакол арганізацый, устаноў, навучальных устаноў.
У Віцебску, яго парках, скверах, у поймах Заходняй Дзвіны, Віцьбы, Лучосы сустракаецца 27 відаў млекакормячых, каля 132 відаў птушак і 10 відаў земнаводных, 4 віды паўзуноў, насякомых, ракападобных. Сустракаюцца такія птушкі як верабей, шызы голуб, грак, галка, чорны стрыж, шпак, вялікая сініца, гарадская ластаўка. У парках і скверах жывуць зяблік, дрозд-рабіннік, зелянушка, мухалоўка-пярэстаўка, садовая валасянка, салавей, пеначка-веснічка, вялікі стракаты дзяцел і інш. У зімні перыяд у горадзе з'яўляюцца амялушка, чыж, чачотка, снягір. На ўчастках Заходняй Дзвіны, якія не замярзаюць, іншы раз зімуюць крыжанка, лебедзь-шыпун, вялікая паганка. На пустках сустракаюцца паўзуны – яшчарка жвавая, вуж; у поймах рэк, ручаёў, старых кар'ерах – земнаводныя – жабы, рапухі, жарлянка чырванабрухая і інш.
Некаторыя жывёлы, якія ахоўваюцца і занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, сустракаюцца ў зялёнай зоне горада: беркут, дзербнік, філін, звычайны зімародак, шэры саракуш; матылькі – мёртвая галава, блакітная ордэнская стужка, чорны апалон, махаон, жаўтушка тарфянікавая, вялікая пераліўніца, адмірал; асобныя віды чмялёў; у Заходняй Дзвіне водзяцца сом і рыбец; у Лучосе, Віцьбе і іншых прытоках Заходняй Дзвіны – шыракапалы рак.
У Віцебску ёсць батанічны сад і заапарк. На тэрыторыі горада размешчаны паркі: імя 30-годдзя УЛКСМ, імя 40-годдзя УЛКСМ, культуры і адпачынку імя М. Фрунзэ (былы Архіерэйскі сад), культуры і адпачынку чыгуначнікаў, Партызанскай славы імя Міная Шмырова, Пераможцаў з Алеяй воінскай славы і пляцоўкай ваеннай тэхнікі, комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі (парк Мазурына); скверы: Акадэмічны, «Герояў Айчыннай вайны 1812 года», імя Веры Харужай, імя Гараўца, імя Маякоўскага, імя Пушкіна, на Прывакзальнай плошчы, 70-годдзя стварэння Віцебскай вобласці і інш. Дзейнічае больш за 20 фантанаў, на Заходняй Дзвіне каля плошчы Перамогі і ў парку Мазурына ёсць прычалы для рачнога транспарту.
ЛІТАРАТУРА
1. Андреева, В. Сделаем Витебск зеленым / В. Андреева // Народнае слова. – 2008. – 29 сак. – С. 4.
2. Атапин, В. Б. Витебские ручьи / В. Б. Атапин // Віцебскі край : матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 170-годдзю з дня нараджэння М. Я. Нікіфароўскага, 5 лістапада 2015 г., Віцебск / рэдкал.: Т. М. Адамян [і інш.]. – Мінск : НББ, 2016. – Т. 1. – С. 65–69.
3. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 477 с. : іл.
4. Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. – 408 с., [12] л. ил. : ил.
5. Витебская область: природные ресурсы и охрана окружающей среды (2011–2015 гг.) / сост.: И. А. Масленицына, С. А. Бойков ; фото: Г. Х. Горланов [и др.]. – Минск : Белстан, 2016. – 137 с.
6. Віцебск // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.] ; пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2018. – Т. 10 : кн. 1 : Віцебская вобласць. – С. 9–50.
7. Горы города Витебска // Горные вершины Витебской области / В. Э. Пасанен, Е. А. Дикусар, С. Г. Стёпин. – Минск : Право и экономика, 2016. – С. 120–132.
8. Дощенко, М. Истории витебских ручьёв / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2012. – 2 авг. – С. 5.
9. Климат Витебска / под ред.: И. А. Савиковского, Ц. А. Швер. – Л. : Гидрометеоиздат, 1981. – 143 с. – (Климат города).
10. Конохова, Н. Голубые ели – по новому адресу / Н. Конохова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 7 мая. – С. 4, ІХ.
11. Кузьменко, В. В. Орнитофауна г. Витебска в системе биоразнообразия Белорусского Поозерья / В. В. Кузьменко, В. Я. Кузьменко // Веснік Вiцебскага дзяржаўнага унiверсiтэта. – 2012. – № 1. – С. 35–46.
12. Крупица, Н. Крыша для львов и спящей Русланы / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 24 дек. – С. VII.
13. Крупица, Н. По тенистым аллеям – в будущее / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2001. – 31 мая. – С. 8.
14. Линькова, В. В. Городская рекреационная зона «Витьба» / В. В. Линькова, В. В. Линьков // Наука – образованию, производству, экономике : материалы XVI (63) Региональной научно-практической конференции преподавателей, научных сотрудников и аспирантов, 16–17 марта 2011 г. / редкол.: А. П. Солодков [и др.]. – Витебск : УО «ВГУ им. П. М. Машерова», 2011. – Т. 1. – С. 120–121.
15. Месторождение доломитов Руба // Геология и полезные ископаемые Республики Беларусь / Э. А. Высоцкий [и др.]. – Минск : Універсітэтскае, 1996. – С. 117–119.
16. Оценка уязвимости Витебска к изменениям климата. Стратегические направления и мероприятия к изменениям климата / Кузина О. С. и др. ; Культурно-просветительское учреждение «Центр урбанистических проектов и инициатив "Прастора"». – Витебск : [Б. и.], 2018. – 48 c.
17. Пилецкий, И. В. География Витебской области / И. В. Пилецкий. – 2-е изд., испр. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2001. – 163 с.
18. Пиловец, Г. И. Климат Витебска / Г. И. Пиловец // Наука – образованию, производству, экономике : материалы XVI (63) Региональной научно-практической конференции преподавателей, научных сотрудников и аспирантов, 16–17 марта 2011 г. / редкол.: А. П. Солодков [и др.]. – Витебск : УО «ВГУ им. П. М. Машерова», 2011. – Т. 1. – С. 137–139.
19. Подлипский, А. Вторая жизнь Витьбы / А. Подлипский // Народнае слова. – 2002. – 17 жн. – С. 5.
20. Пятрэнка, Н. А. Сем узгоркаў Віцебска / Н. А. Пятрэнка // Віцебскі край : матэрыялы ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 385-годдзю выхаду ў свет «Буквара» Спірыдона Собаля, 24 лістапада 2016 г., Віцебск / [рэдкал.: Т. М. Адамян і інш.]. – Мінск, НББ, 2017. – Т. 2. – С. 98–102.
21. Черкасова, О. А. Рекреационное использование реки Западная Двина в черте г. Витебска / О. А. Черкасова, И. И. Бурак // Веснiк Вiцебскага дзяржаўнага унiверсiтэта. – 2007. – № 4. - С. 149–156.
22. Шарендо, В. В нашем парке звучали такие оркестры / В. Шарендо // Віцьбічы = Витьбичи. – 2011. – 18 июня. – С. 5, 10.
СПАСЫЛКІ