Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Азёры. Гарадоцкі раён

Адна з характэрных асаблівасцей прыроды Гарадоцкага раёна – вялікая колькасць азёр. Тут размешчаны 162 вялікія і малыя возеры. Яны розныя па плошчы, глыбіні і паходжанню азёрных катлавін. Азёры звязаны з развіццём старажытных зледзяненняў, з ледавіковымі формамі рэльефу. Найбольш разнастайныя па форме і паходжанню катлавін азёры, утвораныя ледавіком і яго расталымі водамі ў эпоху паазерскага зледзянення. Яны сфарміраваліся прыблізна 9–10 тыс. гадоў назад.

Азёры – месцы жыцця разнастайных відаў раслін і жывел. У прыбярэжнай паласе растуць асокі, капытнік, стрэлкаліст, аер, рагоз. У азёрах можна сустрэць многія рэдкія і ахоўныя віды раслін (вадзяны арэх, палушнік азёрны). На азёрах гняздуюць чайкі, азёрныя крачкі, паганкі і іншыя птушкі.

У азёрах водзяцца лешч, судак, шчупак, акунь, плотка, язь, гусцяра, краснапёрка, лінь, верхаводка, карась, мянтуз, ялец, сінец, галавань, сазан, джгір, ёсць вугор і інш. Са 162 азёр 56 маюць рыбапрамысловае значэнне. На дне азёр назапашаны шматлікія аргана-мінеральныя і арганічныя адклады. Вялікія запасы сапрапеляў маюцца ў азерах Гарадоцкага раёна.

У зімовы час на азёрах утвараецца ледзяное покрыва, якое трымаецца з канца лістапада – пачатку снежня да канца красавіка – пачатку мая. Працягласць ледаставу складае ў раёне 110–150 дзен, таўшчыня лёду дасягае 50–70 см.

Найбольш буйныя азёры: Бярнова, Вымна, Вялікае Свіно, Езярышча, Кашо, Лосвіда, Сясіта, Цёста, Чарнова. Самае глыбокае возера Верына – 23,9 м, самае вялікае па плошчы Езярышча – 15,39 км2.

Азярок, Азяркі – у басейне р. Аўсянкі, за 40 км на паўночны ўсход ад Гарадка, за 5 км на ўсход ад возера Цёста. Берагі пясчаныя і затарфаваныя. Дно плоскае, пясчанае, глеістае, глыбей за 2–2,5 м. У возеры расце рэлікт даледавіковай флоры – вадзяны арэх плывучы – ахоўны від у флоры Беларусі (месца яго росту з'яўляецца помнікам прыроды). Плошча 0,28 км2, максімальная глыбіня – 8 м. Даўжыня 1,5 км, найбольшая шырыня – 0,32 км, даўжыня берагавой лініі 3,4 км. Вадазбор – 4,1 км2.

Арлейка – у басейне р. Лужаснянкі, каля в. Стырыкі. Плошча 0,41 км2, глыбіня 2,9 м, даўжыня 1,01 км, найбольшая шырыня 0,75 км. Сапрапель. Гнездаванне рэдкай для Беларусі птушкі – гогаля звычайнага. Вадазбор – 24 км2.

Асотна – у басейне р. Чарнец, за 5 км на паўночны захад ад Халамер'я. Плошча 0,23 км2, даўжыня 1,32 км, найбольшая шырыня 0,25 км. Вадазбор 1,75 км2.

Белае возера, Белае Сурміно – у басейне р. Обаль, каля в. Сурміно. Плошча 2,4 км2, глыбіня 8,9 м, даўжыня 2,7 км. Вадазбор – 2,8 км2. Зарастае.

Васлепна – у басейне р. Лужаснянка, за 1,5 км на паўночны захад ад в. Стырыкі. Плошча 1,96 км2, глыбіня 8 м, даўжыня 3,29 км, найбольшая шырыня 1,21 км. Сапрапель. Гнездаванне гогаля звычайнага.

Верына – у басейне р. Обаль, каля в. Кісялі. Плошча 0,41 км2, глыбіня 23,9 м, даўжыня 2,48 км, найбольшая шырыня 0,27 км, даўжыня берагавой лініі – 5,97 км.

Вышадскае возера – у басейне р. Аўсянка (працякае праз возера) каля в. Вышадкі. Плошча 0,45 км2, глыбіня 11 м, даўжыня 1,64 км, найбольшая шырыня 0,36 км, даўжыня берагавой лініі – 4,65 км.

Вялікае Восмата – у басейне ракі Свіна, сярод лесу. Упадае р. Асмоціца, выцякае р. Копань. Пратокай злучаецца з возерам Малая Восмата. Плошча 1,12 км2, глыбіня 8,8 км, даўжыня 2,56 км, найбольшая шырыня 0,67 км, даўжыня берагавой лініі – 7,26 км.

Завесна – у басейне р. Ловаць (працякае праз возера), за 2 км на ўсход ад в. Марчанкі. Плошча 1,59 км2, глыбіня 2,4 м, даўжыня 1,9 км, найбольшая шырыня 1,08 км, даўжыня берагавой лініі – 5,5 км.

Лугавое – у басейне ракі Усыса, на паўднёва-заходняй ускраіне г. Гарадок. Плошча 0,4 км2, глыбіня 12,9 м, даўжыня 1,18 км, найбольшая шырыня 0,55 км, даўжыня берагавой лініі – 3,39 км. Упадае р. Гаражанка, злучана пратокай з Арэхавым возерам.

Малая Восмата – у басейне р. Свіна, за 7 км на поўдзень ад в. Халамер'е. Плошча 0,58 км2, глыбіня 10,5 м, даўжыня 1,92 км, найбольшая шырыня 0,46 км, даўжыня берагавой лініі – 5,58 км.

Малое Свіно – у басейне р. Свіна, за 6 км на поўдзень ад в. Халамер'е. Плошча 1,06 км2, глыбіня 6,7 км, даўжыня 2,87 км, найбольшая шырыня 0,9 км, даўжыня берагавой лініі – 7,26 км.

Малое Чарнова – у басейне ракі Чарнаўка, за 1 км на поўнач ад в. Загуззе. Плошча 0,25 км2, даўжыня 1,15 км, найбольшая шырыня 0,35 км. Праз возера цячэ р. Чарнаўка.

Плаў – у басейне р. Лужаснянка каля в. Канашы. Плошча 1,12 км2, глыбіня 8,8 м, даўжыня 2,73 км, найбольшая шырыня 0,68 км, даўжыня берагавой лініі – 7,04 км.

Рамашкава возера – у басейне р. Аўсянка, каля в. Азёркі. Плошча 0,17 км2, глыбіня 4,1 м, даўжыня 1,1 км, найбольшая шырыня 0,23 км, даўжыня берагавой лініі – 2,38 км. Расце вадзяны арэх.

Успол – плошча 0,004 км2, даўжыня 0,2 км, найбольшая шырыня 0,09 км. У басейне ракі Аўсянка, за 0,5 км ад в. Зара. Цячэ праз возера р. Крапіўка.

Чарноўка – у басейне р. Обаль, на поўдзень в. Смароднік. Плошча 0,14 км2, глыбіня 10,7 м, даўжыня 0,72 км, найбольшая шырыня 0,28 км, даўжыня берагавой лініі – 1,78 км. Цячэ р. Чарнуйка.

Чарняста – у басейне р. Ловаць, за 2 км на паўночны ўсход ад в. Мяжа. Плошча 1,9 км2, глыбіня 9 м, даўжыня 2,1 км, найбольшая шырыня 1,43 км, даўжыня берагавой лініі – 8,4 км.

Чорнае возера – у басейне р. Обаль, за 4 км на захад ад г. п. Езярышча. Плошча 1,56 км2, глыбіня 2,5 м, даўжыня 2,83 км, найбольшая шырыня 0,78 км, даўжыня берагавой лініі – 7,6 км.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 477 с. : іл.

2. Кривенко, С. Сохраним водные ресурсы района / С. Кривенко // Гарадоцкі веснік. – 2000. – 5 ліп. – С. 2.

3. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – 504 с. : ил.

4. Прыродная характарыстыка // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 23–30.

5. Устинова, Е. Сохранить и улучшить состояние водных запасов – наша задача / Е. Устинова // Гарадоцкі веснік – 2003. – 18 сак. – С. 2.