Азёры. Верхнядзвінскі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 11:29
- Адноўлена 23.10.2018 11:28
У Верхнядзвінскім раёне каля 40 азёр натуральнага паходжання без уліку многіх дзясяткаў поймавых азярын, якіх асабліва шмат у абалоне ракі Дрысы, дзе із называюць атокамі. Пазапоймавыя азёры сканцэнтраваны двума групамі: паўночнай (Асвейска-Ліснянскай) і заходняй.
Найбольшыя з паўночных азёр – Асвейскае, Лісна, Белае (Каплярова), Цятна, Ізубрыца, Страдна, Стралкоўскае.
Самае славутае – возера Асвейскае, якое памерамі саступае ў Беларусі толькі Нарачы. На сённяшні дзень яго плошча складае 52,8 км2, а найбольшая глыбіня каля 7,5 метраў. Даўжыня – 11,4 км. Найбольшая шырыня 7,8 км. Плошча вадазбору – 206 км2. Схілы – узгоркі і грады –вышынёй да 30 метраў, пад лесам, часткова разараныя. На захадзе да возера прымыкае Асвейскае балота. Берагі звычайна нізкія, тарфяніста-пясчаныя, параслі балотным разнатраўем і рэдкім хмызняком. Рэльеф дна складаны, невялікія разрозненыя водмелі чаргуюцца з паніжэннямі; каля 80 % яго плошчы выслана гліністым ілам. Пасярод возера – вялікі марэнны востраў памерам каля 5 км2, узгорысты, разараны, вакол яго паласа надводнай расліннасці шырынёй да 100 метраў. У возера ўпадаюць рака Выдрынка і канал, сцёк праз канал Дзегцяроўка. Моцнымі хвалямі вада добра перамешваецца, інтэнсіўна насычаецца кіслародам, што стварае спрыяльныя ўмовы для рыбы. Каля возера зона адпачынку рэспубліканскага значэння Асвея.
Белае возера – плошча 5,52 км2. Найбольшая глыбіня 6 метраў. Даўжыня – 3 км. Найбольшая шырыня – 2,73 км. Плошча вадазбору – 21,1 км2. Уваходзіць у басейн ракі Свольна, за 38 км на паўночны ўсход ад г. Верхнядзвінск, на захад ад возера Лісна, на тэрыторыі ландшафтнага заказніка Асвейскі. Схілы катлавіны пад лесам, берагі нізкія, тарфяністыя. Дно плоскае, мелкаводдзе ўздоўж берагоў пясчанае. Праз возера працякае рэчка, якая злучае яго з возерам Лісна. Вакол возера зона адпачынку Асвея.
Бузянка – возера плошчай 0,61 км2. Найбольшая глыбіня 2,3 м. Даўжыня 1,74 км. Найбольшая шырыня 0,79 км. Плошча вадазбору – 1107,1 км2. Адносіцца да басейна ракі Свольна (рака працякае праз возера), знаходзіцца за 40 кіламетраў на паўночны ўсход ад г. Верхнядзвінск, за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Лісна. Схілы катлавіны вышынёй да 2 метраў, на захадзе да 8 метраў, пераважна разараныя. Берагі сплавінныя, на захадзе нізкія, пясчаныя. Дно плоскае, амаль усё выслана сапрапелем. Зарастае ўздоўж берагоў. Праз возера праходзіць турыстычны маршрут.
Брылінец – возера плошчай 0,08 м2. Даўжыня 0,6 км. Найбольшая шырыня 0,22 км. Адносіцца да басейна ракі Свольна (правы прыток Дрысы). Знаходзіцца за 40 км на паўночны ўсход ад г. Верхнядзвінск, за 1 км на паўночны захад ад в. Малашкава, каля ўсходняга берага возера Белае, сярод лесу. Схілы катлавіны вышынёй 3–5 метраў. Пойма шырынёй 50–100 метраў, забалочаная. Выцякае ручай у возера Белае.
Доўгае возера – плошча 0,1 км2. Даўжыня – 1,12 км. Найбольшая шырыня 0,12 км. Плошча вадазбору каля 1 км2. Адносіцца да басейна ракі Росіца. Знаходзіцца за 20 км на паўночны захад ад г. Верхнядзвінск, каля в. Юльянова. Схілы катлавіны вышынёй да 20 метраў, параслі лесам. Берагі амаль паўсюдна зліваюцца са схіламі, на паўночным усходзе забалочаныя. На паўночным усходзе выцякае ручай у возера Чорнае.
Ізубрыца – возера плошчай 1,21 км2. Найбольшая глыбіня 2,2 м. Даўжыня 2,23 км. Плошча вадазбору – 9,6 км2. Уваходзіць у басейн ракі Ізубрыца, знаходзіцца за 40 км на паўночны ўсход ад г. Верхнядзвінск, каля в. Ізубрыца, сярод лесу; на тэрыторыі ландшафтнага заказніка Чырвоны Бор. Акружана забалочанай, парослай хмызняком поймай. Берагі пясчаныя, забалочаныя. Дно да 1 метра ў глыбіню, пясчанае, ніжэй выслана сапрапелем. Надводная расліннасць пашырана таксама да 1 метра ў глыбіню. На паўночным захадзе выцякае ручай у возера Бузянка.
Кабылінскае возера – плошча 0,22 км2. Даўжыня 0,61 км. Найбольшая шырыня – 0,45 км. Плошча вадазбору – 3,06 км2. Уваходзіць у басейн ракі Свольна, знаходзіцца за 38 кіламетраў на паўночны ўсход ад г. Верхнядзвінск, каля в. Кабылінцы. Схілы катлавіны вышынёй да 13 метраў, параслі лесам, на поўначы часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі. Каля паўночна-ўсходняга берага невялікі востраў.
Купальнае – возера плошчай 0,1 км2. Даўжыня 0,55 км. Найбольшая шырыня 0,22 км. Адносіцца да басейна ракі Свольна. Знаходзіцца за 37 кіламетраў на паўночны ўсход ад г. Верхнядзвінск, за 1 км на поўнач ад в. Любасна, за 3,5 км на ўсход ад возера Асвейскае. Схілы катлавіны вышынёй да 15 метраў, разараныя. На поўначы і захадзе забалочаная пойма шырынёй 50–100 метраў. Выцякае ручай у канал Дзегцяроўка.
Лісічанскае возера – плошча 0,06 км2. Даўжыня 0,3 км. Найбольшая шырыня – 0,27 км. Знаходзіцца ў басейне ракі Сар’янка, за 28 кіламетраў на паўночны захад ад г. Верхнядзвінск, за 2,2 км на паўночны захад ад в. Мотужы. Схілы вышынёй 5–7 метраў, пад лесам. Вакол возера забалочаная пойма шырынёй 25–75 метраў. Выцякае ручай у раку Тоўша.
Лісна – возера на мяжы Верхнядзвінскага і Расонскага раёнаў. Па плошчы адно з самых вялікіх азёр Беларусі і ў Віцебскай вобласці. Плошча 15,71 км2. Найбольшая глыбіня 6,1 м. Даўжыня 7,8 км. Найбольшая шырыня 3,1 км. Уваходзіць у басейн ракі Свольна, за 42 км на паўночны ўсход ад г. Верхнядзвінск, каля в. Лісна. Берагі вышынёй да 0,3 метра, пад хмызняком. На ўсходзе і поўначы забалочаная пойма, парослая рэдкім хваёвым лесам. Дно плоскае, у паўночнай частцы пераважаюць глыбіні ў 3–4 м, у паўднёвай – да 6 м. Маюцца 2 астравы агульнай плошчай 0,74 км2. Ложа выслана супрапелямі, уздоўж берагоў і вакол астравоў – апясчаненымі адкладамі. Шырыня паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці да 200 метраў, уздоўж усходняга берага да 400 метраў. Возера багатае рыбай. У возера ўпадаюць канал Дзегцяроўка і 7 ручаёў, у тым ліку азёры без назваў.
Максімава – возера плошчай 0,4 км2. Даўжыня 1,4 км. Найбольшая шырыня – 0,6 км. Плошча вадазбору 2,71 км2. Знаходзіцца ў басейне ракі Росіца, за 23 км на паўночны захад ад г. Верхнядзвінск. Схілы катлавіны вышынёй 2–4 м, параслі лесам, на поўначы разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком. У цэнтры знаходзіцца выспа плошчай 0,8 га. Выцякае ручай у раку Росіца.
Мохавае возера (Селядцова) – плошча 0,16 км2. Даўжыня 0,63 км. Найбольшая шырыня 0,38 км. Плошча вадазбору 3,75 км2. Уваходзіць у басейн ракі Свольна. Знаходзіцца за 23 км на паўночны ўход ад г. Верхнядзвінск, каля в. Селядцова. Схілы катлавіны вышынёй 6–10 м, параслі лесам, на паўночным і паўднёвым захадзе разараныя. У паўднёвай частцы доўгі вузкі заліў. Берагі забалочаныя.
Святое возера – плошча 0,05 км2. Даўжыня 0,32 км. Найбольшая шырыня – 0,2 км. Знаходзіцца ў басейне ракі Ужыца, за 28 км на паўночны ўсход ад г. Верхнядзвінск, за 1,5 км на ўсход ад в. Селішча. Схілы катлавіны на поўначы і захадзе невыразныя, на поўдні вышынёй да 5 м, пад лесам. На поўначы і захадзе забалочана хмызняком.
Страднае возера – плошча 0,94 км2. Найбольшая глыбіня – 1,1 м. Даўжыня 1,44 км. Найбольшая шырыня 1,12 км. Плошча вадазбору 16,8 км2. Адносіцца да басейна ракі Свольна, за 38 км на паўночны ўсход ад г. Верхнядзвінск, каля в. Страднае. Берагі нізкія, месцамі тарфяныя. Пойма шырынёй 50–300 метраў, забалочаная, пад хмызняком. Дно каля паўднёвых і ўсходніх берагоў выслана пяском і ілам, астатняя частка – сапрапелем. Поўнасцю зарасло падводнай расліннасцю, уздоўж берагоў перарывістая паласа надводнай расліннасці шырынёй да 75 м, пашырана да глыбіні 0,5 м. На паўднёвым захадзе ўпадае рака Балгач, на паўночным усходзе выцякае рака Трудніца.
Стралкоўскае – возера плошчай 0,93 км2. Найбольшая глыбіня 1,5 м. Даўжыня – 1,57 км. Найбольшая шырыня 0,89 км. Плошча вадазбору 10,9 км2. Уваходзіць у басейн ракі Ужыца, знаходзіцца за 25 км на паўночны ўсход ад г. Верхнядзвінск, каля в. Абрамава і Стралкі. Схілы катлавіны і берагі нізкія, амаль паўсюдна забалочаныя, часткова пад ворывам. Дно выслана сапрапелем. На захадзе выцякае ручай у раку Ужыца.
Цятна – возера, плошчай 1,28 км2. Найбольшая глыбіня 1,8 м. Даўжыня 1,9 км. Найбольшая шырыня 1,2 км. Плошча вадазбору 20,5 км2. Знаходзіцца ў басейне ракі Ужыца (выцякае з возера), за 32 км на паўночны ўсход ад в. Дубровы. Схілы катлавіны вышынёй 5–7 м, пад лесам і хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя і парослыя хмызняком. У возера ўпадае некалькі ручаёў.
Чорнае возера – плошча 0,2 км2. Даўжыня – 0,75 км. Найбольшая шырыня 0,3 км. Плошча вадазбору 12,5 км2. Праз возера цячэ рака Росіца. Знаходзіцца за 24 км на паўночны захад ад г. Верхнядзвінск, за 1,5 км на захад ад в. Крывасельцы. Злучана каналам з возерам Белае.
Дажджавыя і талыя воды, пранікаючы праз рыхлыя пароды ўглыб, сустракаюць на сваім шляху вадаўпорныя слаі і збіраюцца ў паніжэннях, або сцякаюць па схілах пластоў і, адшукаўшы выхад на дзённую паверхню ў далінах рэк, ручаёў, на раўнінах і схілах узгоркаў, утвараюць крыніцы, якія часцей ў народзе называюць ключамі. Асабліва шмат ключоў у далінах і рэчышчах Асуніцы і Сар’янкі, дзе яны б’юць па берагах на розных узроўнях над вадой, а таксама ў ярах ручаёў-прытокаў і на дне саміх рэк.
Мноства ключоў сканцэнтравана ў рэчышчы Сар’янкі каля в. Абухава. Крыніцы бруяцца і ў ручаі ў цэнтры в. Сар’я. Адзін з ключоў тут узяты ў сталёвую трубу і карыстаеццца папулярнасцю ў турыстаў. Побач з-пад каранёў дрэў між камянёў прабіваецца незацугляны струмень. Вышэй па даліне можна ўбачыць рэшткі каменнага грота, створанага панам Лапацінскім. Асвечаны і ўшанаваны каплічкай яшчэ адзін левабярэжны ключ.
Адна крыніца атрамала захавалася блізка ад моста праз Асуніцу каля былой в. Суніца. Нямала цікавых аповедаў захавалася ў народзе пра крыніцы ля в. Заламы, Спругі, Царкоўна, на схіле Гарадзілаўскай гары і ў іншых мясцінах.
Асобныя ручаіны, што выцякаюць з балот, маюць спецыфічны пах метану і лічацца лекавымі. Найбольш вядомая з іх – рэчка Мануха, якая перасякае Ліснянскую шашу ў лесе за Гарадзілавічамі.
Міжпластовыя воды часта бываюць пад ціскам і знаходзяць выхад толькі тады, калі да іх прасвідроўваюць адтуліну. У такіх месцах узнікаюць артэзіянскія крыніцы.
ЛІТАРАТУРА
1. Блакітная кніга Беларусі (водныя аб’екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – 415 с. : іл.
2. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 480 с. : іл.
3. Бубала, А. Радавод Белага возера / А. Бубала // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2016. – 25 кастр. – С. 7.
4. Быньков, А.Освейское озеро или все же... болото? / А. Быньков // Народнае слова. – 2011. – 22 сак. – С. 5.
5. Гідраграфія. Азёры // Пуцявінамі роднага краю: прырода і гісторыя Верхнядзвіншчыны / А. Бубала. – Наваполацк : А. У. Маладзечкін, 2017. – С. 34–44.
6. Для спасения Освейского озера // Народнае слова. – 2006. – 28 лістап. – С. 4.
7. Зубей, А. На озере Освейском / А. Зубей // Охота и рыбалка. – 2010. – № 4. – С. 22–23.
8. Кляшчук, А. Зімовыя абрысы Асвеі / А. Кляшчук // Звязда. – 2013. – 5 сак. – С. 3.
9. Край Асвейскіх азёр = Край Освейских озер/ А. Ф. Бубала, В. І. Рудой ; фота А. Ф. Бубала. – Наваполацк, 2007. –44 с.
10. Муравицкий, В. Остров ветров / В. Муравицкий // Віцьбічы = Витьбичи. – 2007. – 23 авг. – С. XIV.
11. На поўначы зямлі беларускай // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2009. – 4 жн. – С. 3.
12. Освейское озеро [Карты] : карта для рыбака / ред. Н. А. Рак. – Минск : Белкартография, 2004. – 1 к. (1 л.). – (Беларусь) (Ни хвоста, ни чешуи).
13. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – 504 с. : ил.
14. Рогалеў, А. Асвея і яе возера / А. Рогалеў // Культура. – 2004. – 14–20 жн. – С. 14.