Рэкі. Браслаўскі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 11:55
- Адноўлена 15.11.2018 10:30
Браслаўшчына валодае значнымі воднымі рэсурсамі. У раёне каля 300 вадаёмаў, якія займаюць 10 % яго тэрыторыі. Не менш багаты раён і на падземныя воды, якія ўскрываюцца на рознай глыбіні. Прадукцыйнасць водазабору больш 30 тыс. кубаметраў вады ў суткі.
Вядомы на Браслаўшчыне 2 крыніцы лячэбнай мінеральнай вады хларыдна-натрыевага і серавадароднага тыпаў. Лячэбнымі з’яўляюцца і пелоіды, значныя запасы якіх знаходзяцца непадалёку ад Відзаў.
Браслаўшчына мае даволі густую рачную сетку. Рэкі Браслаўшчыны адносяцца да Заходне-Дзвінскага гідралагічнага раёна.
Буйнейшай ракой з’яўляецца Заходняя Дзвіна. Яе працягласць на тэрыторыі раёна каля 10 км. Астатнія рэкі належаць да яе басейна. Сярод іх Дзісна, па якой праходзіць мяжа з Літвой і Пастаўскім раёнам, Друйка, якая дрэніруе асноўныя азёры Браслаўскай групы і злучае іх з Заходняй Дзвіной, Дрысвята, Янка, Рычанка, Дружнянка, Акунёўка, Акмяніца, Усвіца, Прорва, Плесавіца, Абабіца.
Абабіца – левы прыток Друйкі (бас. Зах Дзвіны). Даўжыня 4 км. Выцякае з возера Абаб’е, вусце каля в. Веркаўшчына. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.
Акмяніца (Акменіца)– выцякае з возера без назвы на тэрыторыі Латвіі. Упадае ў возера Струста з паўночнага захаду. Рэчышча ад вусця ўверх на 2,9 км каналізаванае. Даўжыня – 12 км. Плошча вадазбору 38 км2. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 %.
Акунёўка, Свіервіца – выцякае з возера Даўблі, цячэ ў межах Браслаўскай грады. Упадае ў воз. Дрывяты з поўдня. Асноўны прыток (Сцервіца), справа. Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу. Даўжыня – 13 км. Плошча вадазбору 151 км2. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,7 %.
Друйка – левы прыток Заходняй Дзвіны. Даўжыня 52 км. Плошча вадазбору 1050 км2. Выцякае з возера Дрывяты, цячэ ў межах Браслаўскай грады, працякае праз азёры Цно, Несіпш і Недрава, вусце каля г. п. Друя. Асноўны прыток – ручай Плесавіца (справа). Азёры займаюць 13 % вадазабору (Браслаўская група азёр). Даліна трапецападобная, шырыня яе 400-600 м., каля в. Качэргі да 1,7 км. Пойма забалочаная, шырынёй 50-250 м у сэрэднім цячэнні, 500-800 м у ніжнім. Рэчышча слабазвілістае, шырыня яго ніжэй вёскі Друйск 6-8 м. Каля в. Друйск плаціна і сажалка былой Браслаўскай ГЭС.
Дружнянка – рака ў басейне Заходняй Дзвіны. Даўжыня 15 км. Плошча вадазбору 73 км2. Выцякае з возера Рудавец, цячэ ў межах Браслаўскай грады, працякае праз возера Дружнае. Упадае ў возера Дрывяты з паўднёвага ўсходу каля вёскі Ахрэмаўцы. Рэчышча ў верхнім і ніжнім цячэнні каналізаванае.
Дрысвята, Друкша – левы прыток ракі Дзісна (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 44 км. Плошча вадазбору 1020 км2. Пачынаецца каля вёскі Грытуны (да пабудовы ГЭС «Дружба народаў» у 1953 рака выцякала з возера Дрысвяты). Участак былога рэчышча паміж вёскамі Ёдзішкі і Вусце цяпер лічыцца прытокам Дрысвяты – Дрысвяткай. Верхняе цячэнне ракі ў межах Браслаўскай грады, ніжняе – на захадзе Полацкай нізіны, вусце каля вёскі Казяны. Асноўны прыток – рака Прорва (злева). На водазаборы 139 азёр, якія займаюць плошчу каля 125 км2. Даліна пераважна трапецападобная, шырынёй 200-250 м. пойма перарывістая, яе пераважная шырыня 50-100 м. Рэчышча ўмерана звілістае, паміж вёскамі Кякшты (вусце Прорвы) і Ёдзішкі на працягу 8,9 км каналізаванае. Цячэ праз азёры Доўгае, Верхняе (паміж імі пабудавана ГЭС «Шлях да камунізму») і Богінскае. У вадазборы р. Дрысвята, на беразе воз. Дрысвяты (тэрыторыя Літвы) пабудавана Ігналінская АЭС.
Плесавіца – правы прыток ракі Друйка (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 11 км. Плошча вадазбору 27 км2. Выцякае з возера Опліса за 1 км на ўсход ад вёскі Пустошкі, вусце каля вёскі Друйск. Цячэ ў межах Браслаўскай грады.
Прорва – левы прыток ракі Дрысвята (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 12 км. Плошча вадазбору 716 км2. Выцякае з возера Дрысвяты каля вёскі Дрысвяты, цячэ праз азёры Ставок і Аболле, вусце за 0,5 км на паўднёвы захад ад вёскі Абалікшты. Рэчышча слабазвілістае. Паміж азёрамі Ставок і Аболе на рацэ ў 1953 пабудавана міжкалгасная ГЭС «Дружба народаў» (выток р. Дрысвята з воз. Дрысвяты быў перагароджаны дамбай і ўвесь сцёк з басейна возера пайшоў на р. Прорва праз турбіны ГЭС).
Рычанка, Рыча – рака ў басейне Заходняй Дзвіны. Даўжыня 16 км. Плошча вадазбору 208 км2. Выцякае з возера Рычы за 1 км на ўсход ад вёскі Крываселі, цячэ праз возера Муйса, упадае з паўднёвага ўсходу ў возера Дрысвяты, за 0,4 км на паўдневы ўсход ад в. Дрысвяты.
Янка – левы прыток ракі Дзісна. Працякае ў Браслаўскім і Шаркаўшчынскім раёнах. Даўжыня 48 км. Плошча вадазбору 564 км2. Выцякае з Багданаўскага возера на поўдзень, за 0,5 км на паўднёвы захад ад в. Багданова Браслаўскага раёна, цячэ праз возера Янка, у межах паўднёва-заходняй часткі Полацкай нізіны па лясной забалочанай мясцовасці, вусце на ўсходняй ускраіне г. п. Шаркаўшчына. Асноўныя прытокі – рэкі Янка (справа) і Калужанка (злева). Даліна трапецападобная (шырыня 100-350 м), у верхнім цячэнні невыразная. Пойма ў верхнім цячэнні вузкая, перарывістая, ніжэй пераважна двухбаковая (шырыня 50-100 м), у нізоўі амаль адсутнічае. Рэчышча ўверх ад вусця на працягу 39 км каналізаванае.
ЛІТАРАТУРА
1. Блакітная кніга Беларусі (водныя аб’екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.] ; мастак В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – 414 с. : іл.
2. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 480 с. : іл.
3. Браслави его окрестности: путеводитель / автор текста: К. Шидловский ; фото:С. Плыткевич. – Минск : Рифтур, 2006. – 80 с.
4. Браслаўшчына: прырода і людзі / тэкст: К. Шыдлоўскака. – Мінск : Рифтур, 2003, – 38 с.
5. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : Бел Эн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – 504 с. : ил.