Азёры. Мёрскі раён
- Подробности
- Створана 17.08.2020 07:26
- Адноўлена 01.09.2020 16:05
У Мёрскім раёне налічваецца 96 вадаёмаў, у тым ліку 83 возеры і 13 сажалак.
45 азёр агульнай плошчай 330,15 км² знаходзяцца ў межах заказнікаў Ельня і Балота Мох.
Найбольшыя азёры: Абстэрна (9,89 км2), Ельна (5,42 км2), Набіста (3,76 км²), якія з'яўляюцца самымі чыстымі.
Па тыпу катлавіны найбольшая колькасць іх рэшткавыя і лагчынныя. Азёры Абстэрна, Важа і Ідолта – падпрудныя. Ворань, Запалоссе, Кацілава і Красноўскае – тэрмакарставыя.
Каля паловы азёр моцна зарастаюць, дыстрофныя. Часцей за ўсё гэта балотныя азёры. Толькі ў заказніку «Ельня» знаходзіцца каля 30 дыстрофных, мелкаводных азёр, якія адміраюць і зарастаюць. Звычайныя балотныя азёры маюць жоўта-карычневую ваду з празрыстасцю да метра, у некаторых празрыстасць рэкордная – да 5 м (воз. Лапухі). Даволі вялікае воз. Бярэжа нават у 150–200 м ад берага мае глыбіню 10 см, а маленькае Глыбокае возера – 17 м.
Самая нізкая мінералізацыя вады ў азёрах на верхавых балотах. Азёры Ельна, Чорнае, Стрэчна ўтрымліваюць 23–25 мг/л вады, Вісяты (280 мг/л), Вялікае Язна (275 мг/л).
Пераважная большасць азёр мае глыбіню 4–6 м. Самыя плыткія ў заказніку Ельня (найбольшая глыбіня 2–3,5 м), а самыя глыбокія – Сумаўка (29,6 м), Орцы (19,2 м), Вісяты (14,5 м), Чурылава (14,4 м). Плошча вадазбору вагаецца ад 1 км2 (воз. Чурылава) да 114 км2 (воз. Абстэрна).
Кожнае трэцяе возера з'яўляецца рыбапрамысловым. Тут водзяцца судак, плотка, лінь, сазан, сом, лешч, шчупак, карась, краснапёрка, мянтуз, укляя, верхаводка, ёрш; у абстэрнаўскіх азёрах – вугор.
На мяжы Браслаўскага і Мёрскага раёнаў, у басейне р. Вята, знаходзіцца Абстэрнаўская група азёр. Яна ўключае 13 азёр (агульная плошча 32 км², аб'ём вады 140 млн. м3), злучаных сістэмай мелкаводных забалочаных пратокаў. Найбольшыя з іх: Абстэрна, Укля, Набіста, Важа, Інава. Азёры дрэніруюцца р. Хараброўка, якая пачынаецца з воз. Набіста, цячэ праз воз. Шчоўна, выцякае з яго пад назвай Вята. Размешчана паміж адгор'ямі Браслаўскай марэннай грады і Полацкай азёрна-ледавіковай нізінай. З усхода да азёр прымыкае гідралагічны заказнік «Балота Мох». У 1960-х гг., пасля будаўніцтва плаціны на р. Хараброўка, узровень азёр павысіўся на 80–100 см, што спрыяла іх «амаладжэнню» і паляпшэнню фізіка-хімічнай якасці вады. Маюць рыбапрамысловае значэнне, выкарыстоўваюцца для адпачынку і турызму.
Азёры на Мёршчыне пераважна круглыя або выцягнутыя ўздоўж старажытных лагчын сцёку ледавіковых вод (Орцы, Чэрас, Мёрскае). Сустракаюцца азёрныя астраўкі.
Некаторыя азёры маюць вялікія запасы сапрапелю – Асінаўка, Красноўскае, Шчоўна і інш.
Найбольшыя штучныя вадаёмы створаны каля вёсак Дворнае Сяло, Новы Пагост, Сіцькава, Лявонпаль.
ЛІТАРАТУРА
1. Абстэрнаўская група азёр // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 34.
2. Азёры // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.]. ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуска навука, 1998. – С. 19–21.
3. Блакітная кніга Беларусі (водныя аб'екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.] ; маст. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – 415 с. : іл. – (Беларуская энцыклапедыя).
4. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 477 с. : іл.
5. В отпуск – на белорусские озера / подгот. С. Дединкина [и др.] // Народная газета. – 2008. – 9 ліп. – С. IV.
6. Ляўковіч, У. Малы залатнік, ды дарагі / У. Ляўковіч // Міёрскія навіны. – 2008. – 9 жн. – С. 6.
7. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – 504 с. : ил.
8. Рудаковский, И. Живая летопись Земли / И. Рудаковский // Родная прырода. – 2013. – № 6. – С. 26–43.
9. Рудаковский, И. Самое «глазастое» болото / И. Рудаковский // Родная прырода. – 2013. – № 2. – С. 10–15.
10. Рунда, І. За гарманічнае існаванне / І. Рунда // Мiёрскiя навiны. – 2006. – 28 лют. – С. 3.