Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Рэкі. Аршанскі раён

 

Рэкі належаць да Верхнедняпроўскага гідралагічнага раёна. Па тэрыторыі Аршанскага раёна часткова праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў – Заходняй Дзвіной і Дняпром.

Густата рачной сеткі складае 0,43 км/км2. Агульная працягласць асушальнай сеткі 6,5 тыс. км, у т. л. адрэгуляваных водапрыёмнікаў 31 км, магістральных і падвадных каналаў каля 260 км, рэгуляцыйных каля 180 км.

Басейн Балтыйскага мора займае зусім невялікую плошчу на поўначы раёна. Рэкі, якія належаць да гэтага басейна, вельмі маленькія. 3 Ордышаўскага возера (Сененскі раён) ў Дзевінскае (Аршанскі раён) нясе свае воды рака Глухая. Яе працягласць – усяго 5 кіламетраў. Выцякае з возера Ардышэва, упадае ў возера Дзевінскае. Рэчышча на працягу 4,8 км ад вытоку каналізавана.

Асноўныя рэкі, якімі багаты Аршанскі край, належаць да басейна Чорнага мора. I самая вялікая сярод іх – Днепр. У старажытныя часы грэкі называлі яго Барысфен. Днепр – адна з найбуйнейшых рэк у свеце і трэцяя па даўжыні і плошчы басейна ў Еўропе. Даўжыня ракі складае 2145 км (у Беларусі – 689 км, з іх на тэрыторыю Аршанскага раёна даводзіцца 44 км), плошча вадазбору – 504 тыс. км2 (на тэрыторыі Беларусі – 63,7 тыс. км2, без басейна Прыпяці). Яго асноўныя прытокі ў межах Аршанскага раёна Аршыца і Адроў (справа), Крапівенка і Лешча (злева).

Днепр бярэ пачатак на Валдайскім узвышшы, цячэ праз Смаленшчыну, а потым яго воды прыходзяць на Беларусь. Спачатку – на Дубровеншчыну, затым – у Аршанскі раён. Тут Дняпро прымае ў свае плыні воды невялікай, але знакамітай рачулкі Крапівенкі, даўжыня якой складаё 23 кіламетры. Пачынаецца рачулка непадалёк ад вёскі Сідараўка. У сярэднім цячэнні на ёй пабудавана вадасховішча плошчай каля квадратнага кіламетра з максімальнай глыбінёй 12,5 метра. Яно дапамагае арашэнню палёў, у ім таксама разводзяць рыбу.

Непадалёк ад Оршы рака перасякае Аршанскае ўзвышша. У гэтых мясцінах па яе дну цягнецца камяністая града, што ўтварае так званыя Кабыляцкія парогі. Днепр тут набывае характар хуткай горнай ракі.

Больш за 5 кіламетраў цячэ рака праз Оршу, прыносячы аршанцам і гасцям радасць сваёй прыгажосцю. У цэнтры горада ў Днепр упадае рака Аршыца. Гэтая рэчка бярэ свой пачатак з возера Арэхаўскага і цячэ 33 кіламетры. У вярхоўі яна даволі звілістая. Ёсць меркаванне, што ў старадаўнія часы Аршыца з'яўлялася часткай воднага шляху «з варагаў у грэкі», які злучаў Днепр з Заходняй Дзвіной.

Ніжэй па цячэнні на ўскраіне Оршы ў Днепр упадае рака Адроў, якая пачынаецца ля вёскі Дубніцы і мае даўжыню 75 кіламетраў. На Адрове знаходзіцца горад-спадарожнік Оршы – Барань.

Асабліва прыгожыя краявіды – побач з вёскай Ляўкі. Пэўна таму тут была пабудавана дача знакамітага беларускага песняра Янкі Купалы. Адпачываючы на ёй, ён напісаў шмат вядомых вершаў. Зараз у гэтых мясцінах – музей.

Заканчвае Днепр свой шлях ля гарадскога пасёлка Копысь. Калісьці гэта быў цэнтр, дзе выраблялася шмат разнастайнай прыгожай керамікі, убачыць якую можна ў этнаграфічным музеі «Млын».

Забеспячэнне аршанскіх рэк вадой ажыццяўляецца з дапамогай ападкаў – зімовых і летніх, а таксама падземных вод. Найвышэйшы ўзровень вады назіраецца вясной, звычайна ў красавіку, калі тае снег. У гады, калі снегу выпадае шмат, адбываецца падтапленне дамоў, якія знаходзяцца блізка да Дняпра. Вельмі высокая паводка была на Дняпры ў 1932, 1933 і 1956 гадах. У гэты час вада залівала нават рынкавую плошчу, а па некаторых вуліцах Оршы плавалі на лодках. Пры раставанні лёду адбываюцца крыгаходы, якія працягваюцца ад 2 да 10 дзён. Калі льдзіны насоўваюцца адна на адну, здараюцца заторы, якія могуць нарабіць шмат непрыемнасцей для драўляных мастоў, разбурыць іх.

У ліпені назіраецца самая высокая сярэднямесячная тэмпература вады ў аршанскіх рэках – 19°–21°. Асноўная крыніца цяпла для рэк – сонечнае святло. Пры астыванні вады да 0° і ніжэй пачынаецца ўтварэнне лёду. Самы нізкі ўзровень вады адзначаецца зімой, калі рэкі закаваны льдом. У студзёную зіму малыя рэчкі і ручаі могуць прамерзнуць да дна. Днепр звычайна замярзае ў канцы лістапада.

Выдрыца – працякае па Дубровенскаму і Аршанскаму раёнам Віцебскай вобласці, з'яўляецца левым прытокам р. Аршыца (басейн Дняпра). Даўжыня ракі – 16,6 км., плошча вадазабору– 139 км2, сярэдні ўхіл воднай паверхні – 0,8 %. Пачынаецца рака з тарфянога кар'ера ў 2 км на паўднёвым усходзе ад п. Асінторф Дубровенскага раёна, вусце – 2 км. на захад ад г. п. Арэхаўск Аршанскага раёна. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.

Дзеравіж – рака ў Аршанскім раёне, з'яўляецца левым прытокам р. Крапівенка (басейн Дняпра). Даўжыня ракі каля 10 км. Пачынаецца рака за 0,4 км на поўдзень ад в. Суднікі меліярацыйнай канавай, вусце за 1 км на ўсход ад в. Есіпава. Рэчышча на працягу 2,4 км (ад вытоку да в. Макараўка) каналізавана.

Дзярноўка (Дзярнова) – рака ў Талачынскім і Аршанскім раёнах, з'яўляецца правым прытокам р. Адроў (басейн Дняпра). Даўжыня ракі – 21 км, плошча вадазбору – 99 км2, сярэдні ўхіл воднай паверхні – 0,9 %. Пачынаецца рака за 1 км на паўднёвы захад ад в. Ваўковічы Талачынскага раёна, вусце – на паўночнай ускраіне в. Рэпухава Аршанскага раёна. Рака працякае па Аршанскім узвышшы. Рэчышча ад вытоку да в. Вязьмічы (7 км) і каля в. Смаляны Аршанскага раёна (2,2 км) каналізаванае.

Заволінка – рака ў Аршанскім і Дубровінскім раёнах, з'яўляецца левым прытокам р. Выдрыца (бассейн Дняпра). Даўжыня ракі – 9,5 км. Пачынаецца за 1,6 км на паўднёвы ўсход ад в. Шабаны Дубровенскага раёна, вусце за 2 км на ўсход ад г. п. Арэхаўск. Рэчышча на працягу 9 км ад вусця каналізавана.

Зерамнянка – з'яўляецца правым прытокам р. Добрынка, якая ўпадае ў р. Серакаратнянка. Даўжыня ракі – 9 км, плошча вадасбору – 22 км2. Пачынаецца рака ў 2,5 км на поўнач ад в. Ляснічыя Аршанскага раёна, вусце – у 1 км на ўсход ад в. Добрына Сенненскага раёна. Цячэ рака па лясістай мясцовасці.

Камяніца – з'яўляецца правым прытокам р. Адроў. Даўжыня ракі – 15 км, плошча вадасбору – 43 км2, сярэдні ўхіл воднай паверхні – 1,9 %. Рака бярэ пачатак ў 0,5 км на паўдневы ўсход ад в. Казёныя Поршні, вусце – на паўднёва-усходняй ускраіне в. Сялец. Рака працякае па Аршанскім узвышшы.

Каменка – з'яўляецца правым прытокам р. Чарніца, якая ўпадае ў р. Днепр. Даўжыня ракі – 12 км. Рака бярэ пачатак ў 1 км на ўсход ад в. Засценкі Аршанскага раёна, вусце – у 1,5 км на поўдзень ад в. Мікіцінічы Шклоўскага раёна.

Ключнікава – з'яўляецца правым прытокам р. Адроў. Даўжыня ракі – 8,8 км. Пачынаецца рака ў 0,8 км ад паўднева-усходняй ускраіны в. Наваселле, вусце – у межах г. Барань. Рэчышча каналізавана на працягу 5,5 км. ад вытоку да маста ў в. Клюшнікава.

Лешча – з'яўляецца левым прытокам р. Днепр і працякае па Шклоўскаму раёну Магілёўскай вобласці і Аршанскаму раёну. Даўжыня ракі – 33 км, плошча вадазбору – 191 км2. Вусце размешчана ў межах в. Звёзная Аршанскага раёна. Цячэ па паўночнай ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны.

Лімна – з'яўляецца правым прытокам р. Бася, якая ўпадае ў р. Проня, а р. Проня – у р. Сож. Даўжыня ракі – 14 км, плошча вадазбору – 62 км2, сярэдні ўхіл воднай паверхні – 1,6 %. Пачынаецца рака меліярацыйнай канавай каля паўднёва-заходняй ускраіны в. Казловічы 2-я Аршанскага раёна, вусце – у 1 км на поўдзень ад в. Бася Горацкага раёна.

Міронаўка (Мазноўка) – правы прыток р. Аршыца. Даўжыня ракі – 6,4 км. Пачынаецца рака меліярацыйным каналам каля паўдневай ускраіны в. Стайкі, вусце – на заходняй ускраіне п. Высокае.

Пачаліца – з'яўляецца правым прытокам р. Аршыца. Даўжыня ракі – 19 км, плошча вадазбору – 104 км2, сярэдні ўхіл воднай поверхні – 2,5 %. Выток ракі размяшчаецца каля в. Казечына, вусце – на паўночнай ускраіне г. Орша. Рака цячэ па Аршанскім узвышшы.

Прудчынская – з'яўляецца правым прытокам р. Чорная, якая ўпадае ў воз. Арэхаўскае. Даўжыня ракі – 6 км. Пачынаецца рака меліярацыйным каналам ў 1 км на паўночны ўсход ад в. Стайкі, вусце – на заходняй ускраіне в. Клюкаўка.

Скуп'я (Скун'я, Гараднянка) – з'яўляецца правым прытокам р. Аршыца. Даўжыня ракі – 19 км, плошча вадазбору – 52 км2, сярэдні ўхіл воднай паверхні – 2,53 %. Рака цячэ па Аршанскім узвышшы.

Ульянаўка – правы прыток р. Днепр. Даўжыня ракі – 19 км, плошча вадазбору – 16 км2. Рака бярэ пачатак каля в. Балотавічы Аршанскага раёна, вусце – каля ўсходняй ускраіны в. Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Рака цячэ па паўднёвай ускраіне Аршанскага ўзвышша.

Халастоўка (Барань) – з'яўляецца правым прытокам р. Адроў. Даўжыня ракі – 12,6 км, плошча вадазбору – 54 км2. Пачынаецца рака каля ўсходняй ускраіны в. Лісуны. На ўсім працягу каналізаваная. У вусці г. Барань.

Чарнічанка – з'яўляецца левым прытокам р. Адроў. Даўжыня ракі – 15,6 км. Пачынаецца рака ў в. Гразіна, вусце – у 0,5 км на паўднёвы захад ад в. Панізоўе. Рака цячэ па Аршанскім узвышшы.

 

Аршанскі раён. Рака Выдрыца ў Арэхаўску. Фотаздымак з сайта https://radzima.org/Аршанскі раён. Рака КрапівенкаАршанскі раён. Рака Скуп’я

 

ЛІТАРАТУРА

1. Барань, Халастоўка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 61.

2. Барань // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 28.

3. Выдрица // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 104.

4. Выдрыца // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 120.

5. Гаранскі, Г. І зноў пра Днепр / Г. Гаранскі // Аршанская газета. – 2001. – 18 верас. – С. 3.

6. Глухая // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 143.

7. Деревиж // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 147.

8. Дерновка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 147.

9. Дзеравіж // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 159.

10. Дзярнова, Дзярноўка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 163.

11. Дняпро, Днепр // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 163–164.

12. Жуковский, В. В. Внутренние воды / В. В. Жуковский // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2008. – С. 25–30.

13. Зерамнянка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 204.

14. Калинин, М. Ю. Водные ресурсы / М. Ю. Калинин // Природные ресурсы и охрана окружающей среды г. Орша и Оршанского района / М. Ю. Калинин. – Минск : Белсэнс, 2008. – С. 70–97.

15. Каменица // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 210.

16. Каменка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 216.

17. Каменка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 211.

18. Камяніца // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 218.

19. Ключнікава // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 226.

20. Крапівенка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 163–164.

21. Крапивенка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 230.

22. Лешча, рака // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 250.

23. Леща // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 250.

24. Лімна // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 252.

25. Лимна // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 251.

26. Макаревич, А. А. Днепр / А. А. Макаревич // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 150–152.

27. Міронаўка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 283.

28. Оршица // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 340.

29. Пачаліца // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 325.

30. Почалица // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 371.

31. Прудчынская // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 339.

32. Скуп'я, Гараднянка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 385.

33. Скупья, Городнянка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 415.

34. Ульянаўка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 426.

35. Ульяновка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 459.

36. Цячэ вада каламутна // Аршанская газета. – 2002. – 28 сак. – С. 3.

37. Чарнічанка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 451.

38. Черничанка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 478.