Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Тэатры. Віцебск, г.

Тэатралізаваныя прадстаўленні ў Віцебску вядомы з 1671 года, калі пры езуіцкім калегіуме ў 1671–1766 гг. дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У гэты час таксама часта выступалі скамарохі і батлеечнікі, з канца XVII ст. і да 1870-х гадоў адбываліся паказы жлоба (тып беларускага народнага лялечнага тэатра батлейкі, які спалучаў статычную лялечную панараму з рухомым тэатрам ценяў). Паказы адбываліся на Каляды, звязаны з рэлігійнымі святамі нараджэння Хрыста, хадзілі са звяздой, пераапранутыя з тэатралізаванымі гульнямі, наладжваліся прадстаўленні народнай драмы «Цар Максімілян». У 1805–1806 гг. горад наведвалі польскія трупы М. Кажынскага, паміж 1808 і 1812 гг. – А. Руткоўскага. У 1840-я гг. у Віцебску існаваў хатні тэатр генерала-губернатара А. М. Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М. Піёна.

23 снежня 1845 года адкрыўся першы пастаянны прафесійны гарадскі тэатр у спецыяльна перабудаваным (па ініцыятыве генерал-губернатара князя А. М. Галіцына) старым жылым драўляным доме на Замкавай гары, каля Замкавай вуліцы, паблізу з перасячэннем з сучаснай вуліцай Пушкіна. Будынак тэатра быў 3-ярусны: ніжні (бенуар) меў 12 ложаў (кожная на 5 асоб), сярэдні (бельэтаж) – 13 ложаў, верхні – галерэя; партэр меў больш за 100 месцаў, сцэна была прыстасавана для паказу драматычных спектакляў і балетаў. Глядзельная зала тэатра была разлічана на 250 чалавек. Першыя прадстаўленні былі дадзены 13 і 17 студзеня 1846 года. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драматычная трупа Я. Чаховіча (1847–1849), гастраліравалі рускія, украінскія, польскія трупы, акцёры: М. Іваноў-Казельскі, У. Давыдаў, М. Дальскі, К. Гарын, В. Далматаў, П. Арленеў і інш. У 1846 годзе ў парку (з 1849 года – «Тывалі») пастаўлены драўляны будынак – так званы ваксал, дзе летам выступалі мясцовыя аматары і гастрольныя тэатральныя трупы. Да 1874 года ў Віцебску не было асобнага будынка тэатра, таму ў 1870–1871 гг. прадстаўленні гастралюючых артыстаў даваліся пры доме губернатара ў старым флігелі – перабудаваных стайнях. У 1864–1900 гг. у Віцебску дзейнічала 20 рускіх драматычных антрэпрыз і 18 таварыстваў артыстаў. Зімовыя тэатральныя сезоны звычайна працягваліся з верасня–кастрычніка па люты ў гарадскім тэатры, летнія – з мая па ліпень–жнівень: апрача ваксала трупы працавалі ў прыватным летнім тэатры ў садзе «Еўропа».

У 1870 годзе Павел Якаўлевіч Растоўцаў, які ўступіў на пасаду віцебскага губернатара, звярнуўся да міністра ўнутраных спраў з прашэннем аб аказанні магчымай дапамогі тэатру: «месца для гэтага будынка ўжо прызначана вельмі зручнае, і пры адначасовым дапаможніку тысяч у пяць можна было б прыступіць да яго пабудовы». У 1873–1874 гг. двухпавярховы цагельны будынак жандармскай каманды на Смаленскай рынкавай плошчы (цяпер плошча Леніна, на месцы абласной філармоніі) быў перабудаваны па праекце В. М. Пакроўскага для размяшчэння ў ім тэатра. Сродкі на перабудову часткова былі вылучаны губернатарам, а часткова зароблены аматарскімі спектаклямі зімой 1873–1874 гг. 10 студзеня 1874 года імператар Аляксандр II зацвердзіў назву тэатра «Растоўцаўскі», якая была дадзена ў гонар папячыцеля тэатра – губернатара Паўла Растоўцава. У 1882 годзе тэатр быў рэканструяваны пад кіраўніцтвам архітэктара Віктара Піятроўскага. 23 чэрвеня 1889 года будынак згарэў ад маланкі. Пасля пажару рэканструкцыя вялася па праекце А. М. Кляменцьева. У 1897 (або 1898) годзе, пасля чарговага пажару, будынак перабудаваў Ц. Кібардзін. Тэатр набыў той выгляд, які захаваўся да 1944 года. Пасля перабудовы глядзельная зала тэатра была чатырох'яруснай і змяшчала да 800 гледачоў.

У 1899 годзе мясцовы мастак-дэкаратар і рэжысер М. Дзянісаў спрабаваў стварыць агульнадаступны тэатр. Арэндаваў на 2 гады памяшканне гарадскога тэатра, але з-за фінансавых цяжкасцяў тэатр праіснаваў адзін сезон. У рэпертуары была класічная драматургія, пераважна руская. Пастаноўкі: «Гора ад розуму» А. Грыбаедава, «Улада цемры» Л. Талстога, «Лес» А. Астроўскага і інш., у тэатры быў і аркестр. У складзе трупы было больш за 30 акцёраў.

Прыкметную ролю ў культурным жыцці Віцебска адыгралі аматары: у 1880-я гады дзейнічала Віцебскае музычна-драматычнае таварыства, якое складалася ў асноўным з прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі. Таварыства мела «ўласнае памяшканне», дзе праводзіліся аматарскія вечары, выконваліся арыі і сцэны з опер. Асабліва актыўнай была спявачка А. Корбут, якая выконвала арыі з оперы Дж. Меербера і А. Рубінштэйна, а таксама рамансы П. Чайкоўскага і інш. Пастаянна ўдзельнічаў у вечарах аматар спеваў М. Ігнацьеў. З пачатку 1900-х гадоў арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906–1914 гг. існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток, кіраўніком якога была М. У. Штэйнберг. Гурток аб'ядноўваў 150 прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі і складаўся з музычнай і драматычнай секцый. У 1900-я гады дзейнічалі мясцовыя трупы пад кіраўніцтвам П. Папова-Волхаўскага, Е. Кавалеўскага, К. Вітарскага, А. Вяхірава.

Культурна-асветніцкай дзейнасцю займалася таварыства папячыцельства аб народнай цвярозасці. Вялікай папулярнасцю карысталіся музычныя спектаклі. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з касавымі спектаклямі, п'есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Антрэпрэнеры звярталіся да папулярных на той час твораў А. Чэхава, М. Горкага, Л. Талстога, інсцэніровак раманаў «Ідыёт», «Злачынства і пакаранне» Ф. Дастаеўскага, «Натан Мудры» Э. Лесінга і інш.

У 1910–1920-я гг. атрымалі пашырэнне розныя агітацыйныя формы мастацтва. 3 пачатку 1920-х гадоў для рабочых і чырвонаармейцаў ладзіліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатральныя гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-мастацкі калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі тэатр (потым называўся Маладзёжны), на базе якога быў створаны тэатр рабочай моладзі (1931–1934).

У лістападзе 1926 года ў Віцебску адкрыўся БДТ-2 (з 1944 года тэатр імя Якуба Коласа), які і цяпер з'яўляецца цэнтрам тэатральнага жыцця горада – Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.

У пасляваенныя гады ў Віцебску дзейнічалі народны тэатр Палаца культуры Упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва (1956) на базе драматычнага гуртка, званне «народны» было прысвоена ў 1960 годзе; народны тэатр лялек Палаца культуры Упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва (1967) на базе існуючага гуртка, у 1972 годзе яму прысвоена званне «народны». У рэпертуары казкі для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту («Тры парасяці» С. Міхалкова, «Вясёлыя мядзведзяняты» М. Паліванавай, пастаноўкі беларускіх, рускіх і венгерскіх аўтараў). У склад калектыву ўваходзілі рабочая моладзь і студэнты; народны тэатр пантамімы «МІМ» абласнога Дома культуры Беларускага таварыства глухіх (1969), у 1982 годзе яму прысвоена званне «народны». У рэпертуары спектаклі «Набат», «Гладыятары», «Басеннік» (па матывах басен І. Крылова і С. Міхалкова), канцэртныя праграмы. Калектыў – дыпламант Рэспубліканскага фестывалю самадзейных мастацтваў таварыства глухіх і інш.

З 1990 года ў Віцебску дзейнічае Беларускі тэатр «Лялька» (з 1985 года існаваў як лялечная трупа пры тэатры імя Я. Коласа).

Карыстаюцца папулярнасцю ў жыхароў і гасцей горада і аматарскія тэатральныя калектывы. Так, 100-годдзе адзначыў народны тэатр «Сінтэз», які быў створаны ў 1919 годзе пры Доме культуры чыгуначнікаў (з 2006 года – культурна-спартыўны цэнтр Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі) як драматычны гурток. У 1977 годзе прысвоена званне «народны аматарскі тэатр», лаўрэат Першага Усебеларускага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных. У рэпертуары п'есы беларускіх і савецкіх драматургаў: «Прымакі» і «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, «Мікітаў лапаць» М. Чарота, «Апошнія» М. Горкага і інш. Пры тэатры ў свой час працавала студыя, дзе выкладалі акцёрскае майстэрства, гісторыю тэатра. Пры Цэнтры культуры «Віцебск» таксама дзейнічаюць народны тэатр гульні, народная студыя сцэнічнага майстэрства «Арт-праект» і іншыя самадзейныя калектывы. Прыязджаюць з гастролямі тэатры з Беларусі, іншых краін свету.

Творчасць маладзёжнага тэатра «Кола» з'яўляецца адной з самых папулярных у горадзе, у 2008 годзе тэатр атрымаў званне «народны». Створаны ў 2004 годзе пры ВДУ імя П. М. Машэрава як тэатр «Адзіны варыянт», з 2007 года дзейнічае пры Цэнтры культуры «Віцебск». Кіруе тэатрам Уладзіслава Анатольеўна Цвікі. Спектаклі маладзёжнага тэатра заўсёды ўражваюць віцебскага гледача незвычайнымі зваротамі тэмаў, трагічнымі сюжэтамі, звяртаннем да самых высокіх маральных пачуццяў, гаворкай пра адзіноту інтэлігентнага чалавека і пра духоўную чысціню. Артысты калектыву прымаюць удзел у гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах, прысвечаных святочным і памятным датам. Асаблівай папулярнасцю ў віцебскага гледача карыстаюцца дзіўныя перформансы разнастайнай тэматыкі, казкі-чыткі і спектаклі. Хадулі і ўвогуле сталі візітнай карткай калектыву. Маладзёжны тэатр «Кола» з'яўляецца нязменным удзельнікам Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і фэсту вулічнага мастацтва «На сямі вятрах».

Віцебск – месца правядзення тэатральных фестываляў: 1-га беларускага тэатральнага (1986), тэатральнага марафона (1993), прысвечанага Дню тэатра, 1-га Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Духоўная энергія тэатра і формы яе ўздзеяння». На фестывалі прыязджаюць калектывы з Літвы, Расіі, Украіны, тэатразнаўцы з розных краін свету. У рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» праходзіць праграма «Тэатральныя сустрэчы», дзе можна ўбачыць пастаноўкі розных жанраў вядомых расійскіх і замежных тэатральных калектываў.

Тэатральнае жыццё Віцебска сёння прываблівае сучаснага гледача сваімі творчымі пошукамі і тэатральнымі эксперыментамі, разнастайнасцю акцёрскіх і рэжысёрскіх стыляў у спалучэнні з традыцыйнай любоўю да роднага слова і нацыянальным каларытам створаных вобразаў.

 

 

Будынак першага гарадскага тэатра ў Віцебску на Смаленскай рынкавай плошчы (зараз плошча Леніна). Фота з сайта https://np-aaii.ruНацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. г. Віцебск. Фота з сайта https://www.belarus.byБеларускі тэатр «Лялька». г. Віцебск. Фота з сайта https://ru.m.wikipedia.org

ЛІТАРАТУРА

1. Абрамова, И. Белорусская батлейка / И. Абрамова // Витебский курьер. – 2001. – 23 янв. – С. 3.

2. Абрамова, И. Занимайте свои места не позже второго звонка / И. Абрамова // Витебский курьер. – 1998. – 9 янв. – С. 6.

3. Абрамова, И. Уважали и Мельпомену, и Великого Немого... / И. Абрамова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 21 нояб. – С. 10.

4. Буевич, Т. Театр уж полон... / Т. Буевич // Вечерний Витебск. – 2001. – 1 июня. – С. 2.

5. Валанцэвіч, Н. С. Праблемы даследавання тэатральнай культуры Віцебскай губерніі ў XIX – пачатку XX ст. / Н. С. Валанцэвіч // Весцi НАН Беларусi. Серыя Гуманiтарных навук. – 2007. – № 4. – С. 84–91.

6. Валанцэвіч, Н. С. Тэатральная культура Віцебскай губерні ў ХIХ – пачатку ХХ ст.: аўтарэферат дысертацыі / Н. С. Валанцэвіч. – Мінск : Iн-т мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору НАНБ, 2005. – 20 с.

7. Віцебск. Тэатральнае жыццё // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2002. – Т. 1. – С. 212–214.

8. Дощенко, М. Витебск театральный / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2012. – 27 сент. – С. 5.

9. Закулісін, У. Свята тэатра ў Віцебску / У. Закулісін // Витебские ведомости. – 1995. – 28 нояб. – С. 12.

10. Зубревич, Е. В. Бенефис как форма спектакля в театральной культуре Витебска в послереволюционный период (1917–1924 гг.) / Е. В. Зубревич // Образование XXI века : материалы XI (56) Региональной научно-практической конференции студентов и магистрантов, 24–25 марта 2011 г. / редкол.: А. П. Солодков [и др.]. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2011. – С. 118–119.

11. Ендрыхоўскі, З. Тэатральнае жыццё Віцебска ў 1845–1849 гадах / З. Ендрыхоўскі // Віцебскі сшытак. – 1997. – № 3. – С. 60–69.

12. Іваноў. А. Вытокі тэатра на Віцебшчыне / А. Іваноў // Віцебскі рабочы. – 1973. – 7 верас. – С. 4.

13. Киселев, А. Театральные традиции древнего города / А. Киселев // Віцьбічы = Витьбичи. – 2003. – 27 марта. – С. 4.

14. Косарева, С. Г. Особенности театральной жизни Витебска во второй половине XIX – начале ХХ в. / С. Г. Косарева // Наука – образованию, производству, экономике : материалы XVI (63) Региональной научно-практической конференции преподавателей, научных сотрудников и аспирантов, 16–17 марта 2011 г. / редкол.: А. П. Солодков [и др.]. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2011. – Т. 1. – С. 415–417.

15. Котович, Т. В. Сценография. Витебск : монография / Т. В. Котович. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2011. – 112 с.

16. Котович, Т. В. Театральная культура Витебщины XX века : монография / Т. В. Котович. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2009. – 180 с.

17. Крыкун В. В. Музычнае і тэатральнае жыццё Віцебска / В. В. Крыкун // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – Кн. 1. – С. 182–184.

18. Кучеренко, В. Имени губернатора / В. Кучеренко // Віцьбічы = Витьбичи. – 2011. – 22 окт. – С. 10.

19. Ліснеўскі, І. Віцебск тэатральны / І. Ліснеўскі // Тэатральная творчасць. – 1996. – № 6. – С. 29–32.

20. Мясоедова, С. Все в сад! / С. Мясоедова // Витебский проспект. – 2012. – 12 июля. – С. 5.

21. Нечаева, Н. «Боже, люби царя»: театральная культура Витебской губернии в ХIХ – нач. ХХ вв. / Н. Нечаева // Знамя юности. – 2001. – 11 янв. – С. 7.

22. Нечаева, Н. С. Развитие театральной культуры в Витебской губернии в начале ХХ века / Н. С. Нечаева // Проблемы истории литературы : сборник статей / отв. ред. А. А. Гугнин. – М., 1996. – Вып. 14. – С. 203–208.

23. Нечаева, Н. С. Школьный театр в учебных заведениях Витебской губернии / Н. С. Нечаева // Проблемы истории литературы : сборник статей / отв. ред. А. А. Гугнин. – М., 2003. – Вып. 11. – С. 95–99.

24. Театральная жизнь // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 50–52.

25. Хмельницкая, Л. В театре на Замковой горе / Л. Хмельницкая // Віцьбічы = Витьбичи. – 2010. – 30 сент. – С. VI.

26. Шышанаў, В. Дабравесце ад батлейкi / В. Шышанаў // Вiцебскі сшытак. – 1997. – № 3. – С. 172–175.

27. Шэвякова-Багарад, І. В. Віцебскі народны тэатр «Кола» / І. В. Шэвякова-Багарад // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 346–347.

28. Янковская, Е. В. Структура и особенности организации театрального дела города Витебска в послереволюционный период (1918–1926 гг.) = Structure and Features of Shapimg Vitebsk Theatrical Business in the Post-Revolutionary Period (1918–1926) / Е. В. Янковская // Искусство и культура. – 2014. – № 2. – С. 40–45.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Янковская, Е. В. Структура и особенности организации театрального дела города Витебска в послереволюционный период (1918–1926 гг.)

arrow Витебский городской исполнительный комитет. Театрально-зрелищные и концертные учреждения

arrow «Центр культуры "Витебск"». Народный молодёжный театр «Колесо»

arrow 100-летний юбилей празднует народный театр «Синтез» КСЦ Витебского отделения БЖД

arrow Афіцыйная старонка народнага тэатра «Сінтэз» ў Кантакце

arrow Витебское отделение Белорусской железной дороги. 100-летие народного театра «Синтез»