Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Геалагічная пабудова, карысныя выкапні, рэльеф. Чашніцкі раён

 

Паверхня раёна плоскахвалістая, пераважна ў межах Чашніцкай раўніны. На захадзе тэрыторыя ўзгорыстая. Тут платопадобныя ўчасткі Лукомскага ўзвышша. 34 % тэрыторыі размешчаны на вышыні 160–180 м над узроўнем мора, 50 % ніжэй 160, 10 % – вышэй за 200 м. Глыбіня расчлянення рэльефу да 15 м/км², у некаторых мясцінах даходзіць да 30–50 м/км². Найвышэйшы пункт у раёне – г. Спаская, якая знаходзіцца за 2 км ад в. Дабрамыслі Новазаранскага сельсавета – 256 м. Ніжэйшая адзнака – урэз р. Улы ля в. Дзямідавічы на мяжы з Бешанковіцкім раёнам – 122 м.

Большую частку раёна займае Чашніцкая раўніна, якая ўваходзіць у акругу Беларускага Паазер'я. Мяжуе з Полацкай нізінай, Віцебскім узвышшам, Лучоскай нізінай, Аршанскім узвышшам, Верхнебярэзінскай нізінай. У раёне маюцца радовішчы глін, пясчана-жвіровага матэрыялу, сапрапеляў, торфу.

Гілянскае радовішча глін знаходзіцца на адлегласці 0,3 км ад в. Гілі. Гліны з'яўляюцца адкладамі часу адступлення паазёрскага ледавіка. Разведаныя запасы складаюць 605 тыс. м3. Гліны карычневыя, шчыльныя, пластычныя, тлустыя, вязкія, месцамі пясчаністыя. Прыдатныя для вырабу цэглы. Тут да Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе (да 1982 г.) працаваў Гілянскі цагельны завод.

Буйным радовішчам глін з'яўляецца Лукомскае 1-е, размешчанае паміж вёскамі Лукомль, Зара, Ротна, Стражавічы, Багатыр, пасёлкам Асавец. Утварыўся пластавы паклад глін у час адступлення паазёрскага ледавіка. Яго разведаныя запасы складаюць 26,5 млн. м3, перспектыўныя 66,8 млн. м3. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5–33,4 м. Тут працуе Новалукомльскі завод керамзітавага гравію.

Тры радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу: Занівацкае, перспектыўныя запасы – 34,8 млн. м3, Кашчынскае з перспектыўнымі запасамі 6,8 млн. м3 і Гілянскае радовішча з разведанымі запасамі 280 тыс. м3. Магутнасць карыснай тоўшчы Занівацкага радовішча ад 2,4 да 16,3 м. Радовішчы ўтвораны адкладамі часу адступлення паазёрскага ледавіка.

Багатае радовішча сапрапелю знаходзіцца ў воз. Жэрынскае. Запасы 32,6 млн. м3, у тым ліку 28,1 арганічнага, 2,5 крэменязёмістага, 2 мяшанага тыпаў. Сапрапель высцілае 87 % плошчы азёрнай чашы. Сярэдняя магутнасць адкладаў 4,6 м, найбольшая 8,5 м. Натуральная вільготнасць 92 %. Попельнасць 19–57 %. У сухім стане мае (у %): азоту – 2,4, вокіслаў жалеза – 3, алюмінію – 2,3, магнію – 1,1, кальцыю – 4, калію – 1,1, фосфару – 0,2. Вадародны паказчык (рН) 6,5. Арганічны і мяшаны сапрапелі каштоўныя як лекавыя гразі, прыдатныя на ўгнаенне, для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, крэменязёмісты – на ўгнаенне.

У раёне 3 радовішчы торфу з агульным запасам 10,7 млн. т. (у тым ліку на мяжы з Сенненскім раёнам Гурынскае – 7,5 млн. т.), астатнія маюць невялікую плошчу, раскіданы па ўсім раёне.

Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў дзярнова-падзолістыя (44,5 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,1 %), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,4 %), тарфяна-балотныя і алювіяльныя (11 %). З мінеральных глеб 56,9 % суглінкавых, 1,1 % – гліністых, 19,4 % – супясчаных, 19,9 % – пясчаных. Якасная ацэнка глеб у балах: ворных зямель – 44, кармавых угоддзяў – 35.

Праз раён праходзіць Чашніцкі разлом. Гэта даплатформавы разлом на ўсходняй ускраіне Вілейскага пахаванага выступу. Распасціраецца ён у субмерыдыянальным напрамку на адлегласці каля 140 км ад Расон да Чашнікаў. Ва ўнутранай структуры крышталёвага фундамента ён аддзяляе Полацкі масіў ад Віцебскай складкавай сістэмы. Па глыбіні пранікнення разлом адносіцца прыблізна да катэгорыі глыбінных, звязаных з верхняй мантыяй зямлі.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Л. В. Казлоўская і інш. – Мінск : БелЭн, 1992. – 383 с.

2. Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 19–21.

3. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : Земля и недра. – 464 с. : ил.

4. Физическая география Витебской области : учебное пособие для вузов / М. Ю. Бобрик [и др.]. – Витебск : ВГУ, 2004. – 222 с.

5. Чашніцкі раён / Ф. Ф. Бурак [і інш.] // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1986. – Т. 5 : Стаўраструм–Яшчур. – С. 337–338.