Рэкі. Аршанскі раён
- Подробности
- Створана 06.05.2013 07:26
- Адноўлена 08.08.2017 13:24
Рэкі належаць да Верхнедняпроўскага гідралагічнага раёна. Па тэрыторыі Аршанскага раёна часткова праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў – Заходняй Дзвіной і Дняпром.
Густата рачной сеткі складае 0,43 км/км2. Агульная працягласць асушальнай сеткі 6,5 тыс. км, у т. л. адрэгуляваных водапрыёмнікаў 31 км, магістральных і падвадных каналаў каля 260 км, рэгуляцыйных каля 180 км.
Басейн Балтыйскага мора займае зусім невялікую плошчу на поўначы раёна. Рэкі, якія належаць да гэтага басейна, вельмі маленькія. 3 Ордышаўскага возера (Сененскі раён) ў Дзевінскае (Аршанскі раён) нясе свае воды рака Глухая. Яе працягласць – усяго 5 кіламетраў. Выцякае з возера Ардышэва, упадае ў возера Дзевінскае. Рэчышча на працягу 4,8 км ад вытоку каналізавана.
Асноўныя рэкі, якімі багаты Аршанскі край, належаць да басейна Чорнага мора. I самая вялікая сярод іх – Днепр. У старажытныя часы грэкі называлі яго Барысфен. Днепр – адна з найбуйнейшых рэк у свеце і трэцяя па даўжыні і плошчы басейна ў Еўропе. Даўжыня ракі складае 2145 км (у Беларусі – 689 км, з іх на тэрыторыю Аршанскага раёна даводзіцца 44 км), плошча вадазбору – 504 тыс. км2 (на тэрыторыі Беларусі – 63,7 тыс. км2, без басейна Прыпяці). Яго асноўныя прытокі ў межах Аршанскага раёна Аршыца і Адроў (справа), Крапівенка і Лешча (злева).
Днепр бярэ пачатак на Валдайскім узвышшы, цячэ праз Смаленшчыну, а потым яго воды прыходзяць на Беларусь. Спачатку – на Дубровеншчыну, затым – у Аршанскі раён. Тут Дняпро прымае ў свае плыні воды невялікай, але знакамітай рачулкі Крапівенкі, даўжыня якой складаё 23 кіламетры. Пачынаецца рачулка непадалёк ад вёскі Сідараўка. У сярэднім цячэнні на ёй пабудавана вадасховішча плошчай каля квадратнага кіламетра з максімальнай глыбінёй 12,5 метра. Яно дапамагае арашэнню палёў, у ім таксама разводзяць рыбу.
Непадалёк ад Оршы рака перасякае Аршанскае ўзвышша. У гэтых мясцінах па яе дну цягнецца камяністая града, што ўтварае так званыя Кабыляцкія парогі. Днепр тут набывае характар хуткай горнай ракі.
Больш за 5 кіламетраў цячэ рака праз Оршу, прыносячы аршанцам і гасцям радасць сваёй прыгажосцю. У цэнтры горада ў Днепр упадае рака Аршыца. Гэтая рэчка бярэ свой пачатак з возера Арэхаўскага і цячэ 33 кіламетры. У вярхоўі яна даволі звілістая. Ёсць меркаванне, што ў старадаўнія часы Аршыца з'яўлялася часткай воднага шляху «з варагаў у грэкі», які злучаў Днепр з Заходняй Дзвіной.
Ніжэй па цячэнні на ўскраіне Оршы ў Днепр упадае рака Адроў, якая пачынаецца ля вёскі Дубніцы і мае даўжыню 75 кіламетраў. На Адрове знаходзіцца горад-спадарожнік Оршы – Барань.
Асабліва прыгожыя краявіды – побач з вёскай Ляўкі. Пэўна таму тут была пабудавана дача знакамітага беларускага песняра Янкі Купалы. Адпачываючы на ёй, ён напісаў шмат вядомых вершаў. Зараз у гэтых мясцінах – музей.
Заканчвае Днепр свой шлях ля гарадскога пасёлка Копысь. Калісьці гэта быў цэнтр, дзе выраблялася шмат разнастайнай прыгожай керамікі, убачыць якую можна ў этнаграфічным музеі «Млын».
Забеспячэнне аршанскіх рэк вадой ажыццяўляецца з дапамогай ападкаў – зімовых і летніх, а таксама падземных вод. Найвышэйшы ўзровень вады назіраецца вясной, звычайна ў красавіку, калі тае снег. У гады, калі снегу выпадае шмат, адбываецца падтапленне дамоў, якія знаходзяцца блізка да Дняпра. Вельмі высокая паводка была на Дняпры ў 1932, 1933 і 1956 гадах. У гэты час вада залівала нават рынкавую плошчу, а па некаторых вуліцах Оршы плавалі на лодках. Пры раставанні лёду адбываюцца крыгаходы, якія працягваюцца ад 2 да 10 дзён. Калі льдзіны насоўваюцца адна на адну, здараюцца заторы, якія могуць нарабіць шмат непрыемнасцей для драўляных мастоў, разбурыць іх.
У ліпені назіраецца самая высокая сярэднямесячная тэмпература вады ў аршанскіх рэках – 19°–21°. Асноўная крыніца цяпла для рэк – сонечнае святло. Пры астыванні вады да 0° і ніжэй пачынаецца ўтварэнне лёду. Самы нізкі ўзровень вады адзначаецца зімой, калі рэкі закаваны льдом. У студзёную зіму малыя рэчкі і ручаі могуць прамерзнуць да дна. Днепр звычайна замярзае ў канцы лістапада.
Выдрыца – працякае па Дубровенскаму і Аршанскаму раёнам Віцебскай вобласці, з'яўляецца левым прытокам р. Аршыца (басейн Дняпра). Даўжыня ракі – 16,6 км., плошча вадазабору– 139 км2, сярэдні ўхіл воднай паверхні – 0,8 %. Пачынаецца рака з тарфянога кар'ера ў 2 км на паўднёвым усходзе ад п. Асінторф Дубровенскага раёна, вусце – 2 км. на захад ад г. п. Арэхаўск Аршанскага раёна. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.
Дзеравіж – рака ў Аршанскім раёне, з'яўляецца левым прытокам р. Крапівенка (басейн Дняпра). Даўжыня ракі каля 10 км. Пачынаецца рака за 0,4 км на поўдзень ад в. Суднікі меліярацыйнай канавай, вусце за 1 км на ўсход ад в. Есіпава. Рэчышча на працягу 2,4 км (ад вытоку да в. Макараўка) каналізавана.
Дзярноўка (Дзярнова) – рака ў Талачынскім і Аршанскім раёнах, з'яўляецца правым прытокам р. Адроў (басейн Дняпра). Даўжыня ракі – 21 км, плошча вадазбору – 99 км2, сярэдні ўхіл воднай паверхні – 0,9 %. Пачынаецца рака за 1 км на паўднёвы захад ад в. Ваўковічы Талачынскага раёна, вусце – на паўночнай ускраіне в. Рэпухава Аршанскага раёна. Рака працякае па Аршанскім узвышшы. Рэчышча ад вытоку да в. Вязьмічы (7 км) і каля в. Смаляны Аршанскага раёна (2,2 км) каналізаванае.
Заволінка – рака ў Аршанскім і Дубровінскім раёнах, з'яўляецца левым прытокам р. Выдрыца (бассейн Дняпра). Даўжыня ракі – 9,5 км. Пачынаецца за 1,6 км на паўднёвы ўсход ад в. Шабаны Дубровенскага раёна, вусце за 2 км на ўсход ад г. п. Арэхаўск. Рэчышча на працягу 9 км ад вусця каналізавана.
Зерамнянка – з'яўляецца правым прытокам р. Добрынка, якая ўпадае ў р. Серакаратнянка. Даўжыня ракі – 9 км, плошча вадасбору – 22 км2. Пачынаецца рака ў 2,5 км на поўнач ад в. Ляснічыя Аршанскага раёна, вусце – у 1 км на ўсход ад в. Добрына Сенненскага раёна. Цячэ рака па лясістай мясцовасці.
Камяніца – з'яўляецца правым прытокам р. Адроў. Даўжыня ракі – 15 км, плошча вадасбору – 43 км2, сярэдні ўхіл воднай паверхні – 1,9 %. Рака бярэ пачатак ў 0,5 км на паўдневы ўсход ад в. Казёныя Поршні, вусце – на паўднёва-усходняй ускраіне в. Сялец. Рака працякае па Аршанскім узвышшы.
Каменка – з'яўляецца правым прытокам р. Чарніца, якая ўпадае ў р. Днепр. Даўжыня ракі – 12 км. Рака бярэ пачатак ў 1 км на ўсход ад в. Засценкі Аршанскага раёна, вусце – у 1,5 км на поўдзень ад в. Мікіцінічы Шклоўскага раёна.
Ключнікава – з'яўляецца правым прытокам р. Адроў. Даўжыня ракі – 8,8 км. Пачынаецца рака ў 0,8 км ад паўднева-усходняй ускраіны в. Наваселле, вусце – у межах г. Барань. Рэчышча каналізавана на працягу 5,5 км. ад вытоку да маста ў в. Клюшнікава.
Лешча – з'яўляецца левым прытокам р. Днепр і працякае па Шклоўскаму раёну Магілёўскай вобласці і Аршанскаму раёну. Даўжыня ракі – 33 км, плошча вадазбору – 191 км2. Вусце размешчана ў межах в. Звёзная Аршанскага раёна. Цячэ па паўночнай ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны.
Лімна – з'яўляецца правым прытокам р. Бася, якая ўпадае ў р. Проня, а р. Проня – у р. Сож. Даўжыня ракі – 14 км, плошча вадазбору – 62 км2, сярэдні ўхіл воднай паверхні – 1,6 %. Пачынаецца рака меліярацыйнай канавай каля паўднёва-заходняй ускраіны в. Казловічы 2-я Аршанскага раёна, вусце – у 1 км на поўдзень ад в. Бася Горацкага раёна.
Міронаўка (Мазноўка) – правы прыток р. Аршыца. Даўжыня ракі – 6,4 км. Пачынаецца рака меліярацыйным каналам каля паўдневай ускраіны в. Стайкі, вусце – на заходняй ускраіне п. Высокае.
Пачаліца – з'яўляецца правым прытокам р. Аршыца. Даўжыня ракі – 19 км, плошча вадазбору – 104 км2, сярэдні ўхіл воднай поверхні – 2,5 %. Выток ракі размяшчаецца каля в. Казечына, вусце – на паўночнай ускраіне г. Орша. Рака цячэ па Аршанскім узвышшы.
Прудчынская – з'яўляецца правым прытокам р. Чорная, якая ўпадае ў воз. Арэхаўскае. Даўжыня ракі – 6 км. Пачынаецца рака меліярацыйным каналам ў 1 км на паўночны ўсход ад в. Стайкі, вусце – на заходняй ускраіне в. Клюкаўка.
Скуп'я (Скун'я, Гараднянка) – з'яўляецца правым прытокам р. Аршыца. Даўжыня ракі – 19 км, плошча вадазбору – 52 км2, сярэдні ўхіл воднай паверхні – 2,53 %. Рака цячэ па Аршанскім узвышшы.
Ульянаўка – правы прыток р. Днепр. Даўжыня ракі – 19 км, плошча вадазбору – 16 км2. Рака бярэ пачатак каля в. Балотавічы Аршанскага раёна, вусце – каля ўсходняй ускраіны в. Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Рака цячэ па паўднёвай ускраіне Аршанскага ўзвышша.
Халастоўка (Барань) – з'яўляецца правым прытокам р. Адроў. Даўжыня ракі – 12,6 км, плошча вадазбору – 54 км2. Пачынаецца рака каля ўсходняй ускраіны в. Лісуны. На ўсім працягу каналізаваная. У вусці г. Барань.
Чарнічанка – з'яўляецца левым прытокам р. Адроў. Даўжыня ракі – 15,6 км. Пачынаецца рака ў в. Гразіна, вусце – у 0,5 км на паўднёвы захад ад в. Панізоўе. Рака цячэ па Аршанскім узвышшы.
ЛІТАРАТУРА
1. Барань, Халастоўка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 61.
2. Барань // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 28.
3. Выдрица // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 104.
4. Выдрыца // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 120.
5. Гаранскі, Г. І зноў пра Днепр / Г. Гаранскі // Аршанская газета. – 2001. – 18 верас. – С. 3.
6. Глухая // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 143.
7. Деревиж // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 147.
8. Дерновка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 147.
9. Дзеравіж // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 159.
10. Дзярнова, Дзярноўка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 163.
11. Дняпро, Днепр // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 163–164.
12. Жуковский, В. В. Внутренние воды / В. В. Жуковский // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2008. – С. 25–30.
13. Зерамнянка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 204.
14. Калинин, М. Ю. Водные ресурсы / М. Ю. Калинин // Природные ресурсы и охрана окружающей среды г. Орша и Оршанского района / М. Ю. Калинин. – Минск : Белсэнс, 2008. – С. 70–97.
15. Каменица // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 210.
16. Каменка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 216.
17. Каменка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 211.
18. Камяніца // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 218.
19. Ключнікава // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 226.
20. Крапівенка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 163–164.
21. Крапивенка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 230.
22. Лешча, рака // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 250.
23. Леща // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 250.
24. Лімна // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 252.
25. Лимна // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 251.
26. Макаревич, А. А. Днепр / А. А. Макаревич // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 150–152.
27. Міронаўка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 283.
28. Оршица // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 340.
29. Пачаліца // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 325.
30. Почалица // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 371.
31. Прудчынская // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 339.
32. Скуп'я, Гараднянка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 385.
33. Скупья, Городнянка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 415.
34. Ульянаўка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 426.
35. Ульяновка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 459.
36. Цячэ вада каламутна // Аршанская газета. – 2002. – 28 сак. – С. 3.
37. Чарнічанка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 451.
38. Черничанка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 478.